Буцька: ЕС зноў наступае на тыя ж граблі

Былы першы сакратар польскага пасольства ў Мінску Марэк Буцька пракаментаваў спробу ЕС аднавіць дачыненні з афіцыйным Мінскам.

10.02.2012 / 15:35

На яго думку, досвед мінулых гадоў паказвае, што Захад не мае ніякага ўплыву на сітуацыю ў Беларусі пры цяперашняй сістэме ўлады ў нашай краіне. Таму пра поўнае «размарожванне» адносінаў гаворкі няма. «Чарговы дыялог, размарожванне — гэта проста дэжавю. Прычым, у сёмы ці восьмы раз такая палітычная з’ява…

І, вядома, нічога з гэтага не будзе. Магчыма, удасца выгандляваць аднаго-двух-трох палітвязняў. І гэта ўсё».

Марэк Буцька лічыць, што еўрапейскія чыноўнікі пабачылі неэфектыўнасць санкцый, якія насамрэч з’яўляюцца сімвалічнымі, і вырашылі наладжваць дыялог. Але яны зноў наступаюць на тыя самыя граблі, кажа Буцька.