Страсці па Чыжу: Славенія блакуе ўнясенне яго ў чорны спіс ЕС

Таму што славенская кампанія Riko Group будзе падрадчыкам пры будаўніцтве трайплаўскага гатэля «Кемпінскі».

24.02.2012 / 19:00

Як піша брусэльская газета Euobserver.com, «лёс беларускіх палітзняволеных можа аказацца ахвярай дробных бізнэс-інтарэсаў». Малая Славенія на этапе папярэдніх перамоваў заблакавала ўнясенне ў чорны візавы спіс Еўрасаюза Юрыя Чыжа. Багаты беларускі бізнэсовец Чыж набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. У Брусэлі яго лічаць адной з «кішэняў» кіраўніка Беларусі.

Ягоная група кампаніяў «Трайпл» займаецца будаўніцтвам, забаўляльнай індыстрыяй, рэстаранамі, супэрмаркетамі, турызмам, лягістыкай і апэрацыямі з нафтапрадуктамі. Яна валодае таксама дылерскай фірмай Audi. Яна мае шырокія дзелавыя сувязі з Латвіяй, Літвой, Нямеччынай, Нідэрляндамі і Польшчай, таму можа істотна пацярпець ад эўрапейскіх санкцыяў.

Славенская Riko Group збіраецца быць генеральным падрадчыкам падчас будаўніцтва пяцізоркавага гатэля «Кемпінскі» ў цэнтры Мінска.

Рашэнне па адносінах з Беларуссю міністры замежных справаў Еўрасаюза маюць прыняць у панядзелак 27 лютага. Цяпер ідзе інтэнсіўнае ўзгадненне пазіцый. Мяркуецца, што ў чорны спіс ЕС будзе ўнесена яшчэ некалькі дзясяткаў лукашэнкаўцаў.

Вырак у справе Каваленкі мае прывесці да пашырэння санкцый.

Мікола Бугай