Праваслаўная царква адхрысьцілася ад храму ў гонар Суворава
Абноўлена
7 сакавіка экзархат афіцыйна заявіў: бажніца ў Кобрыне будзе ў гонар Нараджэньня Хрыстовага.
08.03.2007 / 11:56
7 сакавіка Беларуская праваслаўная царква выступіла з афіцыйным адказам на зварот грамадзкіх дзеячоў адносна пабудовы ў Кобрыні праваслаўнага храму ў гонар Суворава.
У сваім адказе БПЦ зазначае, што гаворка наконт наданьню храму імя Суворава пакуль не вядзецца: «У Кобрыне з 2004 г. ідзе будаўніцтва храму ў гонар Раства Хрыстовага ў памяць 60‑годзьдзя вызваленьня Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Ідэя надаць царкоўнаму будынку статус Сувораўскага храма‑помніка ўзьнікла ўнутры некаторых расейскіх грамадзкіх фондах і рухах, а затым была апублікаваная на старонках адной з расейскіх газэт".
"БПЦ ня мае ніякіх дакумэнтаў, якія б сьведчылі, што намеры і праекты, якія зьвязаныя з будаўніцтвам кобрынскага храма Раства Хрыстовага зь імем А.В.Суворава, атрымалі блаславеньне царкоўнага кіраўніцтва. У сувязі з гэтым пытаньні і камэнтары па дадзенай тэме павінны быць адрасаваныя да першакрыніцы інфармацыі, а таксама да тых грамадзкіх арганізацыяў, якія ініцыявалі і падтрымліваюць дыскусію па гэтым пытаньні», - гаворыцца ў прэс-рэлізе БПЦ.
❏
Старшыня Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская наступным чынам пракамэнтавала адказ БПЦ:
«Я вельмі задаволеная, што Праваслаўная царква дала адказ на наш запыт, а таксама, што яна ня мае ніякага дачыненьня да гэтых падзеяў. Цяпер чарга адказаць берасьцейскім і кобрынскім ўладам. Лічу, што ўсё гэта стала магчыма ў тым ліку дзякуючы нашаму звароту да Філарэта, а таксама дзякуючы актыўнасьці грамадзтва ў гэтым пытаньні».