Каралева Нідэрландаў не паедзе на Еўра-2012 ва Украіну

02.05.2012 / 16:18

Міністр замежных спраў Нідэрландаў Уры Разенталь заявіў, што ні прадстаўнікі ўрада, ні члены каралеўскай сям'і не паедуць ва Украіну на матчы сваёй нацыянальнай зборнай у рамках фінальнай часткі Еўра-2012.

Як паведамляе агенцтва УНІАН са спасылкай на «Польскае радыё», Разенталь падкрэсліў, што спачатку павінна быць вырашаная сітуацыя вакол зняволення былога прэм'ер-міністра Юліі Цімашэнкі, а ўкраінская ўлада павінна гарантаваць захаванне дэмакратычных стандартаў.

«Захаванне правоў чалавека - гэта абавязак ураду Украіны, асабліва як гаспадара Еўра-2012», - сказана ў камюніке МЗС Нідэрландаў.

Раней заяўлялася, што байкатуе Еўра-2012 ва Украіне канцлер Нямеччыны Ангела Меркель.