Не выключана правядзення народных IPO для іншых прадпрыемстваў

05.06.2012 / 13:23

У «Белдзяржхарчпраме» не выключаюць правядзення народных IPO для іншых прадпрыемстваў, заявіў на прэс-канферэнцыі 5 чэрвеня ў сталіцы старшыня канцэрна Іван Данчанка.

Паводле яго слоў, на базе ААТ «Мінскі завод пеністых він» (МЗПВ), якое з 2 мая па 15 чэрвеня рэалізуе пілотны праект па пярвічным размяшчэнні акцый (народным IPO), была праведзена нарада на гэту тэму з кіраўнікамі прадпрыемстваў канцэрна. «Усіх вельмі зацікавіла магчымасць прыцягнення народных сродкаў і сродкаў юрыдычных асоб для развіцця прадпрыемстваў. Гэта новая крыніца развіцця, якая прыцягвае кіраўнікоў з-за таго, што яна больш танная, чым крэдыты банкаў», — зазначыў Данчанка.

Вопыт МЗПВ — «вельмі цікавы», сказаў ён. «Аж да таго, што прадпрыемствы могуць дапамагчы адно аднаму паўдзельнічаць у акцыянерным капітале, сабраць агульныя сродкі для развіцця прадпрыемстваў», — заявіў кіраўнік канцэрна.

Данчанка зазначыў, што «першаму заўсёды няпроста».
Як паведамлялася раней, на 1 чэрвеня прададзена ўсяго прыблізна 5% ад запланаванага аб’ёму размяшчэння. «Мы дабіліся таго, што адкрыта выйшлі да народа і інвестараў, прапанаваўшы акцыі аднаго з найлепшых прадпрыемстваў», — мяркуе старшыня канцэрна.

Ён «бачыць моцную зацікаўленасць» у размяшчэнні IPO кандытарскай фабрыкі «Слодыч», завода «Лідахарчканцэнтраты», прадпрыемстваў кандытарскай, бульбаперапрацоўчай і кансервавай галінаў. Пры гэтым IPO для лікёра-гарэлачных прадпрыемстваў пакуль не плануецца.

«Людзі будуць выбіраць, якое з прадпрыемстваў забяспечыць больш высокую даходнасць на акцыі. Мы сёння павінны ўлічваць той момант, што пакуль даходнасць па дэпазітах вышэйшая, чым па акцыях, якая складае пад 40%. Вядома, такой даходнасці мы не можам дасягнуць, хаця завод (МЗПВ. — БелаПАН.) працуе рэнтабельна — больш як 20%», — падкрэсліў Данчанка.

Разам з тым ён не выключыў, што ў Беларусі, як і ў развітых краінах, даходнасць па дэпазітах стане 10–12%, і тады даходнасць на акцыю будзе перавышаць. «Тады будзе больш выгадна набываць акцыі прадпрыемстваў. Сёння ж людзі асцярожнічаюць, але многія разумеюць, што стаўка рэфінансавання прыйдзе да нармальнага стану», — сказаў кіраўнік канцэрна.