Справа першага намесніка кіраўніка Маскоўскага раёна Мінска перададзеная ў суд

Агульная сума шасці хабараў, атрыманых ім, — 90 мільёнаў рублёў.

06.07.2012 / 11:45

Следчым камітэтам Беларусі завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска.

Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасцю камітэта, матэрыялы перададзены ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Нагадаем,

у канцы студзеня 2012 года ў дачыненні да чыноўніка была распачата справа на падставе ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару асобай, якая займае адказнае становішча).
Яго абвінавацілі ў неаднаразовым атрыманні хабару ад прадпрымальнікаў за вырашэнне пытанняў, што ўваходзілі ў яго кампетэнцыю.
Папярэднім следствам было ўстаноўлена шэсць эпізодаў злачыннай дзейнасці чыноўніка. Агульная сума хабару перавысіла 90 млн. рублёў.
Падчас следства даход, атрыманы злачынным шляхам, вернуты абвінавачваным у поўным аб'ёме.

У мэтах устаранення прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць учыненню гэтых злачынстваў, паводле вынікаў расследавання крымінальнай справы ў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт унесена дакладная запіска.

У пачатку 2012 года першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска быў Дзмітрый Яноўскі.