Па справе Пачобута – следчая група

11 ліпеня журналіста Андрэя Пачобута выклікалі ў Гродзенскае абласное ўпраўленне Следчага камітэта.

11.07.2012 / 15:18

Яму паведамілі, што створаная следчая група, якая займаецца яго крымінальнай справай. Раней следчы быў адзін.

Праведзена паўторная экспертыза фільма пра Андрэя Пачобута «Skazany na polskość», паказанага на канале «Белсат» і 3-й праграмай Польскага тэлебачання. Журналісту паведамілі, што адзін з экспертаў даў заключэнне: складу злачынства няма.

Тым часам іншы эксперт настойвае, што гэта не так і, у прыватнасці, можна казаць пра дыскрэдытацыю РБ у гэтым фільме.
Пра гэта паведаміў сам Андрэй Пачобут.

Нагадаем, што 30 чэрвеня Андрэя Пачобута выпусцілі са следчага ізалятара Гродзенскай турмы № 1, дзе ён знаходзіўся ад 21 чэрвеня. Пачобут мае статус абвінавачанага паводле крымінальнага артыкула 367, частка 2 — «Паклёп у адносінах да прэзідэнта, які ўтрымліваецца ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў СМІ, учынены асобай, якая раней была асуджана за паклёп альбо знявагу».

Паводле Крымінальнага кодэксу журналіста могуць пакараць абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленьнем волі на такі ж тэрмін.