Лукашэнка — студэнтам: два гады — у аўдыторыі, два гады — на ферме
Прапануецца павяічыць працягласць практыкі студэнтаў.
24.07.2012 / 19:43
Гэтая тэма абмяркоўвалася 24 ліпеня ў час даклада міністра адукацыі Сяргея Маскевіча.
«У адваротным выпадку выходзіць так, што студэнт да пятага курса сядзіць у аўдыторыі, яму пра нешта распавядаюць выкладчыкі. А я адкрыта казаў: многія выкладчыкі самі плятуцца ў хвасце падзей.Пра што яны могуць расказаць? Так склалася жыццё, што ў прамысловасці, у сельскай гаспадарцы канкрэтная вытворчасць пайшла далёка наперад. А выкладчыкі, на жаль, адсталі. Таму трэба перанесці цэнтр цяжару на вытворчасць, на палі, на фермы, на заводы, на фабрыкі, і там вучыць будучых спецыялістаў», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Лукашэнка лічыць, што студэнты «два гады, да прыкладу, павінны грызці навуку ў сценах акадэмій, універсітэтаў, інстытутаў». «А астатнія два гады, калі мы скарачаем з пяці да чатырох гадоў тэрмін навучання па некаторых спецыяльнасцях, яны павінны быць на пэўнай вытворчасці», —заявіў Лукашэнка.
«І яшчэ важна: калі чалавек патрапіў не туды, дык няхай ён яшчэ ў студэнцкія гады зразумее і шукае сваю дарогу ў жыцці», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
«І выкладчык будзе вучыцца, як апрацоўваць нейкія сельскагаспадарчыя культуры і як ствараць нафтахімічную, хімічную прадукцыю, і такім чынам падцягнецца да ўзроўню вытворчасці», — упэўнены прэзідэнт.
Лукашэнка лічыць, што ў ВНУ ёсць магчымасці для аптымізацыі навучальнага працэсу. «Некаторыя ж прадметы ў нас у многіх ВНУ толькі дзеля таго, каб іх прайсці.Яны тысячу гадоў не патрэбныя, іх забудуцца студэнты тут жа пасля заканчэння курса. Дык, можа, дзесьці іх наогул прыбраць, скараціць, дзесьці зрабіць факультатывы, як у школе, каб студэнт ўяўленне меў?» — задаўся пытаннем кіраўнік дзяржавы.
Але ён тут жа засцярог:
«Тут небяспечна і звузіцца: будзе лекар, які не ведае гісторыі. Што гэта такое? Ён жа яшчэ і грамадзянінам павінен быць», —адзначыў Лукашэнка.
Па словах міністра, гэтая праца ўжо вядзецца. Аптымізацыя тэрмінаў навучання закране каля 60% спецыяльнасцяў, у асноўным педагагічнага, эканамічнага, тэхнічнага профілю.