Бразільскі дзюдаіст зламаў медаль у душавой кабінцы

«Я заціснуў яго ў зубах, каб ён не выпацкаўся мылам».

30.07.2012 / 17:33

Феліпе Кітадаі і яго бронзавы медаль да таго, як яны схадзілі ў душ.

Алімпійскія медалі, дызайн якіх быў ухвалены ледзь не ўсімі ўдзельнікамі Гульняў, аказаліся не надта трывалымі. Бронзавы прызёр Лондана па дзюдо ў вагавой катэгорыі да 60 кг бразілец Феліпе Кітадаі зламаў сваю ўзнагароду ў душы (у дадзеным выпадку націск на першы склад).

Ужо праз некалькі гадзін пасля цырымоніі ўзнагароджання дзюдаіст проста разбіў медаль.

Цікава, што ў душ бразілец узяў яго менавіта для таго, каб з ім нічога не здарылася.

«Я баяўся пакінуць медаль у пакоі і ўзяў яго з сабой у душ. Я заціснуў яго ў зубах, каб ён не выпацкаўся мылам, але ён выслізнуў і стукнуўся аб дно ваннай. У яго адламалася вушка, у якое ўсоўваецца стужачка.

Прадстаўнікі Бразіліі ўжо звярнуліся ў Міжнародны алімпійскі камітэт з просьбай замяніць спартсмену зламаны медаль на новы. Хутчэй за ўсё, арганізатары Гульняў пойдуць яму насустрач.