Што пакажа незалежнае ТВ "Белсат"
Пачатак вяшчаньня першага ў гісторыі Беларусі незалежнага спадарожнікавага тэлевізійнага каналу заплянаваны на восень.
05.04.2007 / 11:20
Пачатак вяшчаньня першага ў гісторыі незалежнага спадарожнікавага тэлевізійнага каналу заплянаваны на восень.
Вяшчаньне будзе ладзіцца з тэрыторыі Польшчы. Галоўная задача каналу — забясьпечыць беларусаў незалежнай і аб’ектыўнай інфармацыяй. Паводле задумкі стваральнікаў, канал ня будзе прапагандысцкі — прапаганды зь лішкам хапае на беларускіх «кнопках». Замест таго, паводле канцэпцыі «БЕЛСАТ», тэлегледачом будуць прапанаваныя цікавыя і вартыя даверу праграмы.
Асноўная мова вяшчаньня — беларуская. На роднай мове будуць гаварыць усе журналісты і вядоўцы новага тэлеканалу. Аднак калі госьць у студыі ці суразмоўца журналіста захоча адказваць па‑расейску — ягоных словаў перакладаць на беларускую ня будуць.
На першым этапе «БЕЛСАТ» будзе вяшчаць 15 гадзінаў на суткі, а ў этэры каналу будзе 17 уласных праграмаў.
Дзесяціхвілінавыя «Навіны дня» плянуецца рыхтаваць штодня. Выходзіць яны будуць а 17.00. Пасьля гэтага праграма будзе паўтарацца праз кожныя тры гадзіны. Навіны будуць грунтавацца на відэаматэрыялах, атрыманых зь Беларусі, але запісвацца ў студыі ў Варшаве.
Праграма «Беларусь, Беларусь» — гэта галоўная штотыднёвая праграма, якая прэзэнтуе меркаваньні ды ацэнкі экспэртаў. Запісвацца яна будзе ў Беластоку ці ў Варшаве і прадугледжвае запрашэньне гасьцей у студыю.
«Агляд незалежнае прэсы» — штодзённая праграма, заснаваная на матэрыялах беларускіх недзяржаўных СМІ. Апроч таго, у агляд уключаць і матэрыялы па нашай краіне, апублікаваныя ў вядучых сусьветных выданьнях. У рамках праграмы прадугледжаныя наўпроставыя ўключэньні з рэдакцыяў беларускіх сродкаў масавай інфармацыі, кароткія інтэрвію з гасьцьмі студыі.
Яшчэ адна праграма — «Пад знакам Пагоні» — праграма пра гісторыю Беларусі. У яе аснову лягуць малавядомыя факты беларускай гісторыі. Матэрыялы для праграмы будуць здымацца беспасярэдне ў нашай краіне.
«Незалежная сцэна» прэзэнтуе тэлегледачам беларускіх артыстаў, якія з розных прычынаў пазбаўленыя магчымасьці зьяўляцца на беларускіх дзяржаўных каналах. У праграме гучацьме розная музыка — ад народнай да року.
«Беларускі андэрграўнд» прэзэнтуе беларускіх дзяечоў культуры, якія жывуць і працуюць за мяжой, «Мы адсюль» распавядзе пра розныя куткі Беларусі, пазнаёміць зь іхнымі жыхарамі, а «Хто ёсьць хто ў Беларусі?» — пра выбітных асобаў у айчынным сацыяльным, культурным і палітычным жыцьці.
Апроч таго, у этэры «БЕЛСАТ» будуць такія праграмы, як «Госьць тыдня», «Студэнцкая думка», «На мяжы» ды інш. Таксама ў этэры будуць дэманстравацца мастацкія ды дакумэнтальныя фільмы, створаныя ў Беларусі, Польшчы ды іншых краінах.
На жаль, паглядзець новы канал здолеюць толькі ўладальнікі спадарожнікавых антэнаў. Аднак, паводле дасьледаваньняў, што ладзіліся стваральнікамі «БЕЛСАТ», іхны лік трывала расьце. Сёньня спадарожнікавым тэлебачаньнем крыстаюць 7,2% жыхароў Беларусі (у 2003 г. — толькі 1%).