Украінскае двухмоўе: у Ізмаіле расейскай надалі рэгіянальны статус, балгарскай — не

18.08.2012 / 13:10

У Ізмаіле Адэскай вобласці гарсавет адмовіўся надаць балгарскай мове рэгіянальны статус нароўні з расейскай.
Прадстаўнікі балгарскай грамады маюць намер скардзіцца ў вышэйшыя інстанцыі, у тым ліку прэзідэнту.

У горадзе Ізмаіл Адэскай вобласці дэпутаты на пазачарговай сесіі гарсавета замацавалі за расейскай мовай рэгіянальны статус. У той жа час, гарсавет адмовіўся разглядаць ініцыятыву балгарскіх грамадскіх арганізацый адносна прадастаўлення рэгіянальнага статусу балгарскай мове.

У адпаведнасці з новым украінскім законам аб мовах нацыянальныя меншасці могуць разлічваць на рэгіянальны статус для сваёй мовы на тэрыторыі раёна, горада, вёскі, пасёлка, калі на ёй, паводле звестак апошняга перапісу, гаворыць 10% насельніцтва.
У Ізмаіле, паводле звестак агульнаўкраінскага перапісу, пераважае расейскае насельніцтва — 43,7%. За імі ідуць украінцы — 38%, балгары — 10% і малдаване — 4,3%.
Астатнія групы малалікія.