На трасе Мінск — Гродна ў тумане сутыкнуліся пяць аўтамашын

22.08.2012 / 17:06

Як паведамілі ва ўпраўленні ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама, раніцай 22 жніўня на 263-м кіламетры трасы Мінск — Гродна каля вёскі Сіўкава «БМВ» выехаў на сустрэчную паласу руху і сутыкнуўся з «Маздай». Убачыўшы па ходзе руху разбітыя машыны, кіроўца мукавозу «МАЗ» спыніўся, і ў грузавік урэзаўся аўтапоезд «Сканія».

У трэцім ДТЗ вінаваты кіроўца «УАЗа», які вёз рабочых на аб’ект. Ён убачыў пазначанае месца здарэння, знак аварыйнага прыпынку, машыны, што стаялі наперадзе, людзей каля іх, разгубіўся і ўрэзаўся ў «Мазду». Ледзь не здарылася і чацвёртае ДТЗ. Адкінутая ў правы бок «Мазда» збіла з ног фельчара хуткай дапамогі і ледзь не наскочыла на кіроўцы, які ляжаў ля правага кола.