Масты: што далі гораду «Дажынкі»?

Праз 15 гадоў пасля свята капітальны рамонт горада зроблены наноў.

22.09.2012 / 10:41

У 1997 «Дажынкі» праходзілі ў Мастах. Гэта цяпер дзяржава арганізуе штогадовыя шматмільённыя святы, якія кардынальна змяняюць выгляд райцэнтраў, а пасля гадамі вісяць цяжарам на бюджэтах усіх узроўняў, але так было не заўсёды.

Ленін у Мастах пазірае на нягеглыя драўляныя хаткі. На цяперашніх "Дажынках" іх бы ў такім выглядзе не пакінулі

Сталыя мастоўкі гатовыя доўга ўзгадваць пра даўняе свята

Для беларускіх раённых гасцініц фае выглядае вельмі смела

Па паўтара дзясятку талерак на адным доме - не дзіва для Мастоў

"Дажынкаўская" амбулаторыя ў Вялікай Рагозніцы стала цэнтрам аграгарадка

Сціплае свята

Першыя «Дажынкі» ў 1996 экспромтам прымаў Столін. Падрыхтоўка да свята заняла паўтара месяца, а выдзеленых раённым бюджэтам грошай хапіла толькі на касметычны рамонт некалькіх будынкаў. Праз год часу на падрыхтоўку таксама было катастрафічна мала. Упершыню мясцовая раённая газета праанансавала свята толькі ў пачатку ліпеня. І ўжо да сярэдзіны верасня гораду ўдалося асвоіць 15 мільярдаў рублёў. Калі пералічыць у даляры, агулам атрымліваецца каля $500 тысяч. Цяжка параўнаць гэтую суму са $110 мільёнамі, якія трацяць сёлета у Горках.

Памяць пра «Дажынкі»

У Мастах грошы пайшлі на тое, каб аднавіць фасады цэнтральных адміністрацыйных будынкаў і жылых дамоў, пашырыць Савецкую вуліцу, памяняць на ёй асфальт, а таксама прывесці ў прыстойны выгляд аўтастанцыю.
Ці памятаюць мастоўцы «Дажынкі» пятнаццацігадовай даўніны? «Канечне! — расплываецца ў шчаслівай настальгічнай усмешцы бабулька. — Усё тады зрабілі прыгожым, вялікі канцэрт быў. Усе сабраліся на плошчы, нават Лукашэнка прыехаў!» Падобная рэакцыя на ўспамін пра «Дажынкі» і ў маладых людзей, якія сустракалі свята дзецьмі.
Незадаволеных не было, перакананыя яны.

Кіраўнік дзяржавы тады раздаў дванаццаць «Жыгулёў» — па двое на кожную вобласць. Як расказваюць, іх раздача абярнулася канфузам — машыны не прыехалі ў патрэбны час, бо прэзідэнцкая ахова шукала ў іх выбухоўку. Зрэшты, як узгадваюць жыхары, ніхто з мастоўцаў так і не атрымаў ключы ад аўто. З прызоў мясцовым дасталіся толькі тэлевізары, якімі ўзнагародзілі двух кіроўцаў.

Падарунак на пяцігодку

Ад «дажынкавага» рамонту ў Мастах некранутым не засталося амаль нічога, хіба што аднолькавы сайдынг на ўсіх балконах цэнтральных пяціпавярховікаў.
Сайдынг быў пакладзены абыяк, і з гэтым ужо нічога не паробіш. Час ад часу яго падфарбоўваюць, але агульнай карціны гэта не змяняе.

За 15 гадоў горад паспеў перажыць некалькі юбілеяў. А на кожны з іх, згодна з савецкай завядзёнкай, мастоўцы мусяць атрымаць нейкі «падарунак» ад уладаў. Напрыклад, летась, на 525¬годдзе Мастоў, была ўрачыста адкрытая абноўленая аўтастанцыя — папярэдні раз да яе якраз даходзілі рукі падчас «Дажынак». А цяпер прыйшла чарга чыгуначнага вакзала, фактычна адзінага дарэвалюцыйнага будынка ў Мастах. Яго маштабная рэканструкцыя ў поўным разгары.

Па еўрапейскіх стандартах

Аднак самы сучасны будынак у горадзе — мясцовы камунальны гатэль з неарыгінальнай назвай «Масты». Ён выглядае ўзорным, асабліва ў параўнанні з гасцініцамі іншых райцэнтраў.

Падчас «Дажынак» на яго не хапіла ні грошай, ні часу. А адкрыўся ён пасля рэканструкцыі сёлета. Больш за 30 дагледжаных нумароў з новай тэхнікай, мэбляй і санвузламі нясорамна паказаць замежнікам. Па словах адміністратаркі, якая, дарэчы, праходзіла стажыроўку ў аўстрыйскім гатэлі, у буднія дні знайсці свабоднае месца для начлегу бывае складана. Хоць цэны за пражыванне немаленькія. Аднамясцовы нумар каштуе каля 130 тысяч рублёў, двухмясцовы — пад 200 тысяч. А вось за двухпакаёвы люкс для маладажонаў давядзецца аддаць 340 тысяч рублёў. Шкада, што камунальнікі не гоняцца за «зоркамі», іначай бы свае тры зоркі «Масты» маглі б адстаяць.

Ці выжыве пацыент?

У гатэлі часта жывуць камандзіровачныя чэхі і палякі, але найчасцей — немцы, расказвае адміністратарка «Мастоў». Адкуль яны ў горадзе? Рэч у тым, што мясцовае горадаўтваральнае прадпрыемства, кампанія «Мастоўдрэў», будуе новы цэх па вытворчасці драўнянавалакністых плітаў. Абсталяванне тут будзе стаяць нямецкае, таму і працуюць заходнія інжынеры.

Інвестыцыйны праект пацягнуў ажно на 100 мільёнаў еўра, грошы ўскладчыну далі немцы і «Беларусбанк».
Калі і гэта не дапаможа прадпрыемству выйсці на сталы прыбытак, на ім можна будзе фактычна паставіць крыж. У адрозненне ад большасці іншых беларускіх фанерных заводаў і мэблевых фабрык, «Мастоўдрэў» так і не здолеў паказаць вялікую прыбытковасць. Хоць апошнія гады сітуацыя і стала нібыта наладжвацца — летась прадпрыемства зарабіла $400 тысяч, пазалетась — $330 тысяч.

Але з такімі фінансавымі паказчыкамі «Мастоўдрэў», на якім працуе дзве тысячы чалавек, нават саступіў раённае першынство Рагозніцкаму крухмальнаму заводу. Там прадпрыемства, якое плаціць зарплату толькі 50 супрацоўнікам, здолела зарабіць за год $660 тысяч.

Файны млын

Залежнасць горада ад «Мастоўдрэва» працягвае расці. Прадпрыемства набірае новых рабочых, а вось колькасць насельніцтва Мастоў пастаянна змяншаецца. У горадзе жыве каля 16 тысяч чалавек, працаздольных з іх, як і па ўсёй Беларусі, палова.

Успамінамі пра «Дажынкі» падзяліўся і Алесь Зарэмбюк, былы дэпутат Мастоўскага гарсавета, а цяпер кіраўнік Беларускага дома ў Варшаве: «Рамонтам быў ахоплены ўвесь горад. Як пасля аказалася, ён быў зроблены абыяк, таму і пратрымаўся гадоў пяць. Зрабілі цэнтральную частку горада, але толькі на тых вуліцах, куды павінен быў завітаць Лукашэнка.

Калі ж перайсці на другі бок цэнтральнай вуліцы, дык засталіся брудныя старыя сцены, разбітыя дарогі, ямы і адсутнасць тратуараў.
Праўда, на беразе Нёмана пабудавалі файны млын, які яшчэ доўгія 10 гадоў служыў сцэнай і добрым месцам для мясцовых канцэртаў і ўрачыстасцяў.

Былі і ўлёткі БНФ, былі і амапаўцы, якія расшуквалі, хто распаўсюджваў агітацыйную прадукцыю. Ды і горад перад „Дажынкамі“ размалявалі. Трафарэты ў выглядзе вядомай асобы і асацыяцыя з фігай».

Падазроная песня

«Дажынкі-1997» праходзілі не толькі ў Мастах, але і ў суседніх вёсках. У пошуках некранутага з часоў свята рамонту рушым у каталіцкую Вялікую Рагозніцу, якая нядаўна стала аграгарадком. Тут Лукашэнка адкрываў на «Дажынках» амбулаторыю. Мясцовыя жыхары расказваюць звязаную з гэтым смешную гісторыю.

Лукашэнку сустракалі ўрачыста, вядомай польскай песняй «Нех жые сто лят». Раптам кіраўнік дзяржавы спахмурнеў, напружыўся — не зразумеў польскія словы.
І толькі калі яму растлумачылі, чаго зычаць вяскоўцы, палагаднеў і загаварыў з людзьмі.

А двухпавярховы цагляны будынак стаіць дагэтуль, стаўшы цэнтрам жыцця гэтага паспяховага аграгарадка. Апроч амбулаторыі, месца хапіла сталовай, прадуктовай краме і нават Дому культуры. І тут пра «Дажынкі» ў мясцовых жыхароў засталіся самыя пазітыўныя ўспаміны.

Ягор Марціновіч, Масты—Мінск