У ЗША створана першая баявая эскадрылля знішчальнікаў 5-га пакалення F-35B
22.11.2012 / 15:31
Знішчальнік пятага пакалення F-35 пад час выпрабавальнага палёту. Фота з Вікіпедыі.
Марская пехота ЗША атрымала першую баявую эскадрыллю найноўшых знішчальнікаў-бамбавікоў пятага пакалення F-35, якія, да таго ж, пабудаваныя згодна са стэлс-тэхналогіяй і малазаўважныя для радараў.
Тры знішчальнікі F-35B ужо прыбылі на базу, яшчэ 13 машынаў паступяць на авіябазу Юма ў штаце Арызона цягам наступнага года. Першыя палёты F-35B пачнуцца пры канцы 2012 ці ў пачатку 2013 года. Амерыканскія чыноўнікі ўжо назвалі стварэнне гэтай аператыўнай эскадрыллі крокам Пентагону, які прадэманстраваў прагрэс наўдаражэйшай і найдасканальнейшай праграмы мадэрнізацыі ўзбраенняў ЗША.
Выпрабаванні знішчальнікаў F-35B і F-35C
Марская пяхота ЗША адзначае, што знішчальнікі прыбылі своечасова — трэба замяняць састарэлыя F/A-18 ды AV-8B Harrier, утрыманне якіх на ўзбраенні становіцца ўсё даражэйшым.
Эскадрылля F-35B на базе ў Юме стане не толькі першай баявой эскадрылляй знішчальнікаў пятага пакалення ў ЗША, але і першай падобнай эскадрылляй у свеце.
F-35B — амерыканскі знішчальнік-бамбардзіроўшчык пятага пакалення вырабніцтва кампаніі Lockheed Martin. На дадзены час серыя самалётаў F-35 з’яўляецца адной з самых перадавых у тэхналагічным плане і самай дарагой зброяй ЗША: чакаецца, што ўся праграма з даследаваннямі, распрацоўкамі, набыццём ды ўтрыманнем F-35 да 2050 года будзе каштаваць падаткаплатнікам паўтара трыльёна даляраў. Але гледзячы па дынаміцы змены выдаткаў на праграму, наўрад ці гэты кошт стане канчатковым.
Акрамя завоблачнай цаны, F-35B можа «хавацца» ад радараў з дапамогай тэхналогіі «стэлс», уздымацца ў паветра з 150-метровайузлётна-пасадачнай паласы і прызямляцца вертыкальна і несці ядзерную зброю. Гэты аднамясцовы самалёт здольны пралятаць 1 670 кіламетраў без дазапраўкі, максімальная хуткасць палёту — 1 930 км/г, столь — 18 кіламетраў. «Пусты» F-35B важыць амаль 15 тон, але максімальная ўзлётная вага — 27 300 кг, больш за 6 000 з якіх — паліва.
КХ