90-годзьдзе Фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай

13 траўня спаўняецца 90 гадоў з моманту першага аб’яўлення Маці Божай тром дзецям‑пастушкам: Люцыі, Францішку і Жасінце, якое адбылося ў Партугаліі, непадалёк ад Фацімы, у 1917 годзе. З гэтай нагоды ў сьвятынях Беларусі пройдуць урачыстыя набажэнствы.

09.05.2007 / 11:56

13 мая 2007 г. спаўняецца 90 гадоў з моманту першага аб’яўлення Маці Божай тром дзецям‑пастушкам: Люцыі, Франсішку і Жасінце, якое адбылося ў Партугаліі, непадалёк ад Фацімы, у 1917 г. З нагоды юбілею у многіх святынях Беларусі пройдуць урачыстыя набажэнствы.

12 мая ў Гродне ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч перадасць кардыналу Казіміру Свёнтку фігуру Маці Божай Фацімскай, якую Яго Эмінэнцыя прывез з Фацімы, дзе сустракаўся з сястрою Люцыяй. Гэтая фігура, якая некалькі гадоў перэгрынавала па ўсёй Беларусі, 13 мая будзе ўрачыста ўнесена ў пінскую катэдру, каб там назаўсёды заняць сваё пачэснае месца, дзе вернікі будуць ушаноўваць Найсвяцейшую Багародзіцу і ўзносіць праз Яе заступніцтва свае малітвы.

У Віцебскай дыяцэзіі асаблівыя ўрачыстасці пройдуць у Шуміліне, дзе парафія носіць тытул Маці Божай Фацімскай. У Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіі у парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне напярэдадні ўрачыстасці пройдзе малітоўнае чуванне. У ноч з 12 на 13 мая у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі таксама адбудзецца чуванне, у якім прымуць удзел вернікі і прадстаўнікі марыйных рухаў: Місіі Маці Божай Фацімскай і Легіёну Марыі.

Больш падрабязна пра Фацімскія аб’яўленні можна прачытаць у часопісе «Ave Maria» № 5 (145) за 2007 г., а таксама ў кнізе Антоніо Барэллі «Фацімская вестка: трагедыя ці надзея?».

catholic.by