Беларусь у Эўрапопе
ТВ сёньня, заўтра і на цэлы год
Ці варта шалець ад шостага месца на "Эўравізіі"? І чаму высокія радкі ў папсовым конкурсе разглядаюцца, як этапная палітычная перамога?
14.05.2007 / 14:59
Беларус Дзьмітры Калдун заняў шостае месца на "Эўравізіі". З гэтай нагоды ток-шоў з удзелам Калдуна 14 траўня а 21.40 будзе ўрачыста прадстаўленае адразу на трох беларускіх тэлеканалах: БТ, “Ладзе” і Беларусь-ТВ. Усе іншыя заплянаваныя перадачы будуць адмененыя. Раней падобнае заслугоўваў толькі Лукашэнка. Галоўны ідэёляг прэзыдэнцкай адміністрацыі у нядзельнае “Панараме” асабіста пракамэнтаваў эўравізійны посьпех.
Нам шматкроць пра гэтае нагадаюць.
З усіх тэлевізійных скрыняў і радыёкропак.
Потым дагоняць – і нагадаюць яшчэ раз.
Газэты месяцамі будуць мусоліць эўравізійную тэму. Дзьмітры Калдун зьявіцца на ўсіх рэклямных плякатах – як раней “эўрадзетка” Ксенія Сітнік, а беларускія амбасады распачнуць актыўны продаж “новага беларускага твару”.
Ці варта ад гэтага так шалець? І чаму высокія радкі ў папсовым конкурсе разглядаюцца, як этапная палітычная перамога?
За пяцьдзясят гадоў свайго існаваньня “Эўравізія” не адкрыла новых імёнаў. З адметных папсовых пераможцаў можна ўзгадаць толькі Сэлін Дыён і “АББУ” – але яны й так былі сусьветна вядомымі.
“Эўравізія” – гэта адміністрацыйна-папсовы адпаведнік безаблічнае эўрапейскае бюракратыі, электаральна-тэлевізійная забаўка для лядашчых і ўбогіх у палітычным ці папсовым пляне – краінаў.
Немагчыма ўявіць на “Эўравізіі” француску Патрысію Каас, ангельскіх “Spice girls” ці нямецкі “Rammstein”. Ім і так хораша. Іхнія плыткі разыходзяцца міліённымі накладамі, іх слухаюць, песьні знаюць на памяць. Вялікабрытанія, Францыя й Нямеччына могуць дазволіць сабе дасылаць на “Эўравізію” каго заўгодна й як заўгодна – хоць аматараў зь вясковага клюбу. Іхні аўтарытэт на сусьветным мэдыйным рынку ад гэтага аніяк не пахісьнецца. Дый для сапраўднай папулярнае музыкі важнейшы менавіта гэты, пакупніцка-гандлёвы момант.
Для “Эўравізіі” гэта й не істотна. Істотны адміністрацыйны чыньнік, паліткарэктная прадстаўленасьць краінаў, “змовы” суседак, паддывановыя тэлевізійныя гульні. Гэта магчымасьць кантрабандай трапіць у Эўропу ці, прынамсі, нагадаць пра сябе.
З упартасьцю насарога штогод пнецца на “Эўравізію” Расея, каб заявіць пра сябе, як пра Вялікую (папсовую) эўрапейскую краіну. Ала Пугачова й лесьбі-дуэт “Тату” і так былі папулярнымі – але патрэбны былі менавіта палітычныя дывідэнды. (Неатрыманьне іх разглядаецца, як палітычная правакацыя!)
Пішчом пішчыць Усходняя Эўропа: з “Эўравізіі” заходнія хатнія гаспадыні ўпершыню даведваюцца пра існаваньне малых краінаў. А для сёньняшняй Беларусі – гэта ня проста спроба нагадаць пра сябе. Гэта ледзьве не адзіная легальная заяўка на прызнаньне й перамогу “стабільнага, моцнага і працьвітаючага” беларускага рэжыму.
Істотны й “электаральны” чыньнік “Эўравізіі”. Гэта папсовы адпаведнік выбараў у Эўрапейскі парлямэнт. Але тут, увогуле, няважна, “правільна” ці “няправільна” лічаць “тэлевізійныя” галасы.
Шараговы галасоўнік аніяк не адказвае за свой выбар – і не зьбіраецца рабіць гэтага. Ён ня будзе выкладаць свае грошы за плытку з папсоваю сэрбскай (македонскай, андорскай) музыкай. Ён ня будзе купляць квіткі на грэцкага (эстонскага, беларускага, швэдзкага) “эўравізійнага” выканаўцу. І зусім ужо немагчыма ўявіць, што галасоўнік будзе завучваць словы (турэцкай, румынскай, басьнійскай) песьні на памяць.
Гэта легкадумлівае галасаваньне “на халяву” – і да таго ж, зробленае ў рэжыме мільгатлівага пераключэньня тэлевізійных каналаў. Гэнае мільгатлівае пераключэньне спрычыняецца да таго, што адміністрацыйныя папсовыя эўраадкіды (якія пнуцца стаць кічам!) – набываюць вычварныя малімонныя рысы.
Каб імгненна зачапіць міліённую аўдыторыю пасуюць “freaks”, crazies”, “queers” – малімончыкі й малімоньніцы ўсіх “поль”насьцяў і адценьняў: “мачыстыя” сэрбскія дзявулі, Верка-травэсты, малдаўскія бабулькі на падтанцоўках, ізраільская транссэксуал(ка) Дана Інтэрнэшнл, фінскія рокавыя дзядзі ў страхалюдных масках. (Калдун наконадні конкурсу сьпяваў у гэльсінскім гей-клюбе – але мала, мала…)
Каб заняць першае месца на “Эўравізіі” трэба мець салідарную падтрымку “суседзяў” – і быць “ашалелым”. Беларусь (гарантавана!) заняла бы першы радок, калі б выставіла на сцэну галоўнага беларускага папсавіка з рэпавым дакладам пра сельскую гаспадарку і падтанцоўкай АМОНу (я сур’ёзна!). Але Калдун – недастатковы фрык. Ён не настолькі кепскі, каб за яго галасаваць, і недастаткова добры, каб выкрасьліць. Няма сьцёбу й неабавязковасьці, гэта экспартны узьнёслы “ідэалягічны праект” (зроблены на “братэрскія” расейскія грошы).
У любым выпадку, Беларусь цяпер у Эўрапопе.
Плакаць ад гэтага, ці рагатаць?