Выбарцы ў Эўропе галасуюць за Мілінкевіча

19.03.2006 / 19:57

У Польшчы і іншых эўрапейскіх краінах ад самага ранку пачаліся самыя розныя акцыі ў падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў і супраць фальсыфікацыяў вынікаў выбараў. Раніцай на польска-беларускай мяжы, на пераходзе ў Кузьніцы Беластоцкай дзесяткі маладых людзей пачалі акцыю «Абшар дэмакратыі», у часе якой сымбалічна запрашалі беларусаў у Эўразьвяз. Прыстуныя скандавалі, «Лукашэнка - час сыходзіць», «Эўропа зь Беларусьсю». Амаль адначасова - каля 10 гадзіны паводле менскага часу - пікеты пачаліся ў Брусэлі, Парыжы, Празе і Боне, паведаміла «Радыё Свабода».

Сябры Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня ўручылі супрацоўнікам беларускай амбасады ў Бэльгіі пэтыцыю, у якой пратэстуюць супраць перасьледу актывістаў незалежных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, журналістаў, а таксама нагадваюць аб крымінальнай адказнасьці за ўдзел у фальсыфікацыях.

Потым некалькі ўдзельнікаў пікету засталіся каля амбасады, каб правесьці апытаньне на выхадзе з пасольства тых беларусаў, хто будзе галасаваць, а астатнія перайшлі ў цэнтар Брусэлю.

У Празе ў часе аналягічнага апытаньня, якое наладзілі ўдзельнікі акцыі пратэсту каля амбасады, лідэр вызначыўся ўжо каля 14 гадзіны паводле менскага часу. «Прагаласавалі каля ста чалавек, зь іх адзін за Гайдукевіча, па двое за Лукашэнку і Казуліна, а астатнія ўсе за Мілінкевіча», -- паведаміў «Радыё Свабода» Яўген Сідорык.

Між тым каля амбасады Беларусі ў Варшаве а 15-й гадзіны паводле менскага часу таксама адбылася акцыя пратэсту, у якой узяў удзел старшыня Дэмакратычнай партыі Польшчы і віцэ-сьпікер Эўрапйескага парлямэнту Януш Анышкевіч, якога ўчора беларускія ўлады не пусьцілі ў Беларусь.

Каля амбасады сябры Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі наладзілі таксама альтэрнатыўнае галасаваньне, вынікі якога будуць вядомыя ўвечары пасьля 20-й гадзіны, калі там адбудзецца яшчэ адна дэманстрацыя.