СЛУХАЙ СВАЁ! ПАТРАБУЙ БЕЛАРУСКАЕ!
№ 1 (158), 3 — 10 студзеня 2000 г.
10.01.2000 / 13:00
СЛУХАЙ СВАЁ! ПАТРАБУЙ БЕЛАРУСКАЕ!
Падтрымаўшы ініцыятыву НАШАЙ НІВЫ “ДЗЕНЬ БЕЗ ЧУЖОГА СЛОВА”, Беларуская Музычная Альтэрнатыва прапануе адмовіцца таксама і ад чужой музыкі. Распачынаецца акцыя “СЛУХАЙ СВАЁ! ПАТРАБУЙ БЕЛАРУСКАЕ!”. Асаблівая ўвага ў гэтай акцыі надаецца FM-станцыям. Усім беларусам прапануецца тэлефанаваць на радыё, віншаваць сяброў з нацыянальнымі сьвятамі і замаўляць толькі беларускія песьні.
FM-станцыі ня супраць пускаць у эфір беларускія кампазыцыі, але якасьць аўдыёкасэтаў (большасьць беларускай музыкі выдаецца менавіта на іх) іх не задавальняе. Таму БМА разаслала ўсім беларускім і некаторым замежным радыёстанцыям CD “ВОЛЬНЫЯ ТАНЦЫ: СЛУХАЙ СВАЁ!”, выдадзены сумесна зь Беларускім Гельсынскім Камітэтам, на якім ёсьць запісы практычна ўсіх беларускіх гуртоў. Таксама на радыёстанцыях пачалі зьяўляцца і іншыя кампакты айчынных гуртоў: “Крамы”, “Тройцы”, “Крыві”, “Улісу”, “Палацу”, “Новага Неба”, “Бонды”, “NRM”.
Будзем спадзявацца, што з нашай і Вашай дапамогай сытуацыя зьменіцца.
Зацікаўленым у супрацоўніцтве з БМА можна зьвяртацца:
а/с 5, Менск, 220085.