Міхал Залескі. Сустрэчы аграрыяў

№ 15 (172), 10 — 16 красавіка 2000 г.

16.04.2000 / 13:00


 

Сустрэчы аграрыяў

 

Уявіце, падышоў да вас чалавек і кажа: «Яблыкі салодкія знайшоў, але высака вісяць. Падсадзіце мяне. Што нарву, папалам падзелім». Аж тут і другі: «Давай я табе на карак узьлезу і пойдзем яблыкі шукаць». З каторым хутчэй дамовіцеся?

Гэты, так бы мовіць, аграрны прыклад таму згадаўся, што сельская гаспадарка ня тое каб выключнай мудрасьці патрабуе, а проста глупства не вытрымлівае. Таму той, хто гаспадар бедны, але працавіты, у спраўнейшага імкнецца лепшае пераймаць. Сваёй галавой падумаўшы, канечне.

А думаць ёсьць пра што. Тысячы людзей едуць празь мяжу: тутэйшыя — у Польшчу, тамтэйшыя — сюды. Едуць, у вокны пазіраюць. Зьдзіўляюцца. Усё вакол гэткае ў нас аднолькавае, а жывем па-рознаму. Некаторыя нават лічаць, што павінны жыць аднолькава добра і яшчэ лепей.

Вось гэткія і сабраліся шостага сакавіка ў памяшканьні польскага кансуляту ў Берасьці на рабочую сустрэчу ініцыятыўнай групы Беларуска-Польскага Сходу дзеля супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы.

Уступнае слова сказаў амбасадар Польшчы спадар Марыюш Машкевіч. Ён каротка акрэсьліў сутнасьць сходу і магчымай дыскусіі. Гаворка пойдзе пра супольную выгаду. Без палітыкі.

Дамовіліся пра плян падрыхтоўкі Беларуска-Польскага Сходу і ягоную праграму. Галоўныя праекты будуць зьвязаныя з вытворчасьцю, перапрацоўкай, упакоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама з навучаньнем беларускай моладзі сялянскай справе ў сучасных гаспадарках Польшчы, на малых вясковых прадпрыемствах: млынах, мясарнях, халадзільніках і да т.п.

Будзе разглядацца і тое, што зьвязана зь іншым магчымым вясковым бізнэсам, напрыклад, з агратурызмам, экалёгіяй, стварэньнем базаў зьвестак.

Буйныя адміністратары і гаспадарнікі Берасьцейшчыны, прысутныя на сходзе, паабяцалі вырашыць ладную частку арганізацыйных праблемаў. Сярод прадстаўнікоў польскага боку ўражвалі стваральнай энэргіяй сп. Рышард Ястжэмбскі, кіраўнік гміннай рады з Клодзку, які зрабіў зь сельсавету, па нашых мерках, нешта накшталт Швэйцарыі, і сп.Тадэвуш Лазоўскі, павятовы стараста зь Белай Падляскай. Менавіта гэты павет (ягоны герб Пагоня ўпрыгожвае старастаў пінжак) прыме ў траўні другі сход ініцыятыўнай групы, каб зьвесьці разам усе прапановы, што зьбяруцца на той час. У тым ліку і вашыя прапановы, шаноўныя чытачы.

А ў ліпені Берасьце зноў зробіцца месцам сустрэчы сялянаў і дзеячоў аграбізнэсу дзьвюх суседніх краінаў, што маюць супольны гістарычны лёс. Яны сустрэнуцца, каб дамовіцца пра новыя спосабы зарабіць разам паболей грошай. Як гэта ні крыўдна для ідэалістаў...

Міхал Залескі

 

P.S. Паколькі ўся краіна ў чаканьні другой сэрыі “Салярысу” пазнаёмілася 07.04.2000 з афіцыйнымі аграрнымі «навацыямі», прашу асабліва ўражаных не дасылаць у рэдакцыю развагаў наконт выратаваньня вёскі шляхам узбуйненьня (аб’яднаньня, зьліцьця, інкарпарацыі, трансклюкацыі і г.д.) калгасаў, маніпуляцыяў са станкамі, што друкуюць грошы, а таксама пагрозаў адарваць галовы крыўдзіцелям быдла і парушальнікам тэхналёгіі вытворчасьці, бо аўтар тых плённых ідэяў можа на нас пакрыўдзіцца.