Максім Шчур. Беларуская рулетка

№ 39 (248), 24 верасьня 2001 г.

24.09.2001 / 13:00


 Пошта рэдакцыі

Беларуская рулетка

— Што такое “беларуская рулетка”?
— Тое самае, што і расейская, толькі з пустым рэвальвэрам.

З народнага фальклёру

 

Беларускі выбаршчык ідзе на выбарчы ўчастак, нібы той заўзятар азартных гульняў, якому ў апошні час жудасна не шанцуе, – у казыно. Імкне яго туды неадольная патрэба адыграцца, апраўдацца перад самім сабой. Сёньняшняя гульня – ягоная апошняя надзея: у яго ў кішэні ляжыць увесь ягоны назапашаны цягам папярэдняга стагодзьдзя палітычны капітал, і ён цьвёрда вырашыў паставіць усё… на Ганчарыка. Альбо?… Не, на Ганчарыка. Штосьці ў сэрцы яму падказвае, што Ганчарык прайграе, то ж бо другой верагоднай стаўкай ёсьць сам уладар казыно. Але азарт, спадзеў – а раптам?.. Немагчыма ж, каб увесь час не шанцавала! Да таго ж, “знаўцы гульні” ўвесь час раілі яму ставіць на Ганчарыка. Ён ставіць усё да апошняга шэлега і прайграе. Не шанцуе.

Пасьля столькіх нешанцункаў ільга было б ужо зразумець, што гуляць у такія гульні ня мае сэнсу. Ва ўсялякім разе, па правілах гаспадара казыно.

А што далей? Некаторыя аддаюць перавагу самагубству. Некаторыя маюць мужнасьць і сілу пачаць з нуля й зьбіраюць капітал для далейшай гульні. Толькі самыя баязьлівыя, учорашнія “знаўцы”, ідуць на “кампраміс”: узяўшы ў рукі зброю, яны пачынаюць дэманстратыўна гуляць у расейскую рулетку па беларускіх правілах – папярэдне цішком выняўшы з рэвальвэру ўсе набоі. Выбягаючы на плошчу з крыкам “Усё, застралюся!”, яны імкнуцца прымусіць гледачоў заплаціць ім, каб яны не страляліся. Не давайце ім грошай: яны папросту зьбіраюць перадвыбарчы капітал сваім улюбёным мэтадам: жабраваньнем.

Максім Шчур, Прага