Магілы львоў

№ 41 (303), 1 лістапада 2002 г.

01.11.2002 / 13:00

 

Магілы львоў

 

“У нас нічога няма, апроч магілаў”, — казаў Караткевіч вуснамі Алеся Загорскага. Абуджэньне Беларусі ў канцы 80-х пачалося з “Мартыралёгу” і Дзядоў — мёртвыя далі штуршок жывым. Дзень шанаваньня памерлых, Дзяды, перарос сямейнае, хатняе сьвята — у часе якога пакідаюць на стале посуд і ежу, — набыў грамадзкую значнасьць. Ці ня тоіць гэта ў сабе небясьпеку пэўнага нівэляваньня? Гучныя словы часта выяўляюцца пустымі, а патрыятычны патас — не гарантыя ад палітычных спэкуляцыяў. Ці мы шануем Дзядоў насамрэч? Карэспандэнты “НН” наведалі пахаваньні беларускіх дзеячоў, што памерлі за мінулае дзесяцігодзьдзе, і старыя сьляпянскія могілкі.

 

Ці завітаў туды хто, акрамя сваякоў, пасьля гучнае паніхіды? Дагляд за гэтымі магіламі не нясе ў сабе ніякага палітычнага падтэксту. Гэта наш тэст на “даросласьць”, праверка, ці гатовыя мы ўсур’ёз вызнаваць намі ж абвешчаныя прынцыпы.

Гістарычныя Дзяды 1988 г. пачыналіся не з Курапатаў, а з Усходніх могілак. Тут знайшла вечны спачын савецкая эліта: Машэраў, Прытыцкі, Сурганаў, Корж… Велічэзныя бронзавыя пастамэнты, абсаджаныя хвойкамі пляцоўкі.

Пахаваныя на Маскоўскіх могілках і тыя, каго цяжка залічыць да “партыйна-камуністычнай” абоймы. Недалёка ад уваходу — акуратная магіла Міхася Ткачова, гісторыка, аднаго з заснавальнікаў БНФ. Сёлета яму споўнілася б усяго 60 гадоў. Кветкі, сьціплая бел-чырвона-белая стужка аздабляюць помнік. Ці не апошняя прыжыцьцёвая справа Міхася Ткачова — распачаты ў выдавецтве “Беларуская энцыкляпэдыя” праект “Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі”. Выходзілі першыя тамы ўжо не пры ім — пры Барысу Сачанку, магіла якога якраз непадалёк.

Пісьменьнік Барыс Сачанка набыў шырокую вядомасьць на мяжы 80—90-х. Ягоныя артыкулы адкрывалі беларускаму чытачу дагэтуль забароненую эмігранцкую літаратуру. Дзякуючы Б.Сачанку на пачатку 90-х выйшаў найбольш поўны зборнік вершаў Ларысы Геніюш “Белыя сны”. Пасьля раптоўнай сьмерці М.Ткачова менавіта Б.Сачанка пераняў ад яго эстафэту ў “БелЭн”. Выдавецтва пры Ткачову і Сачанку ператварылася ў нацыянальнае і асучасьнілася. Аднак сёньня імя Сачанкі згадваецца скрайне рэдка. Дый ягоная магіла выглядае забытай і занядбанай: апалае лісьце засыпала яе — амаль ня ўгледзіш. Колькі гадоў мінула пасьля сьмерці, а тут дагэтуль няма помніка.

Больш ахайна выглядае магіла Генадзя Карпенкі, які памёр пазьней за Б.Сачанку. На надмагільлі чалавека, чыімі стараньнямі паўстаў помнік слуцкім паўстанцам, — надпіс па-расейску. Сваякам не загадаеш. Помнік Г.Карпенку не губляецца паміж іншых, бо стаіць на ўзьмежку сэктару, каля самае сьцежкі.

Непадалёк ад уваходу на цьвінтар прытулілася магіла адраджэнца Уніі сьвятара Яна Матусевіча. Аднак знайсьці яе досыць цяжка — губляецца ў шчыльным суседзтве іншых. На дапамогу нечакана прыходзіць міліцыянт, што дзяжурыць на могілках. “Магіла ксяндза Матусевіча вунь там”, — паказаў ён. Мабыць, някепска даглядаюць і часта прыходзяць да яе людзі, калі нават міліцыя ведае.

Яшчэ з тыдзень таму тут стаялі два крыжы — па самім айцу Матусевічу і па ягонай маці Настасьсі Гілятаўне. Аднак літаральна днямі было зробленае бэтоннае надмагільле. Пахаваньне і раней было ахайным і дагледжаным, але такі клопат відавочна прыдаўся дарэчы: цяпер магілы не асунуцца, не зраўнуюцца зь зямлёй.

Аркадзь Шанскі

 

Дзяды

У Менску 2 лістапада Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ ладзіць шэсьце ў Курапаты. Збор аб 11-й на бульвары Талбухіна каля гадзіньнікавага заводу (ст.м. “Парк Чалюскінцаў”). Пачатак мэмарыяльнага мітынгу ў Курапатах а 15-й. Акцыя дазволеная Менгарвыканкамам.

Партыя БНФ “Адраджэньне” плянуе ісьці ў Курапаты а 12-й ад ст.м. “Усход”. Мітынг ва ўрочышчы вячоркаўцы зладзяць у 13.30.

 

Баранавіцкі БНФ “Адраджэньне” запрашае на мітынг-малітву да крыжа Ахвяраў палітычных рэпрэсій. Збор 2 лістапада а 16-й ля фантану на плошчы Леніна.

Ул.інф.