14 акругаў з 30 —безальтэрнатыўныя
07.02.2003 / 13:00
71 чалавек выказаў намер балятавацца ў дэпутаты Гарадзенскага гарcавету. Пасьля рэгістрацыі засталіся 53 кандыдаты. З гэтай колькасьці 14 прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат будуць абраныя на безальтэрнатыўнай аснове. Усяго ў гарсавеце павінна быць 30 «слугаў народу».
ФОТА АНДРЭЯ ЛЯНКЕВІЧА |
Найчасьцей прычынамі адмовы ў рэгістрацыі сталі хібы ў падпісных лістах, няслушнасьць дадзеных, пазначаных у дэклярацыях.
На думку Сяргея Мальчыка, адмова рэгістраваць лідэраў апазыцыі — заплянаваная ўладамі акцыя. Партыя БНФ аформіла вылучэньне сваіх кандыдатаў у дэпутаты гарсавету ад партыі. Камісія ж зьвярнулася ў інстанцыі з патрабаваньнем пацьвердзіць легітымнасьць гарадзкой арганізацыі партыі БНФ.
Пошук праўды ў абласным упраўленьні юстыцыі скончыўся нічым, хоць чыноўнікі Цэнтравыбаркаму й Міністэрства юстыцыі ў тэлефонных размовах адназначна пагадзіліся з абсурднасьцю прычыны, паводле якой гарадзенскія вылучэнцы Партыі БНФ не зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты.
Зьвяртае на сябе ўвагу і тое, што 44 чалавекі ад апазыцыйных грамадзкіх аб’яднаньняў Горадні ня ўключаныя ў склад участковых выбарчых камісіяў гораду і вобласьці. Найперш гэта прадстаўнікі БНФ (33 асобы) і Беларускага Хельсынскага камітэту (4).
Антон Лабовіч, Горадня