Пра помнік у Сьвечках

22.10.2004 / 13:00

Маем лецішча ў вёсцы Баяры Маладэчанскага раёну.

Месцы гэтыя прыгожыя і цікавыя. Паўсюль пагоркі, парослыя лесам, лагчыны з утульнымі вёскамі. З часоў старажытнай Літвы гісторыя пакінула тут гарадзішчы, руіны замкаў, храмы.

Вандравалі мы з жонкай на роварах. Некалькі гадзін — і ты ўжо на ўскраіне мястэчка Гарадок дзівішся на старажытнае гарадзішча, яшчэ паўгадзіны — і ты ў вёсцы Хоўхлава ўяўляеш сабе XVI ст. і Сымона Буднага, які калісьці друкаваў тут кнігі. Трохі ўбок — і ты ў Вязынцы абдымаеш велізарныя дубы і ўглядаешся ў чыстае люстэрка запруды, на беразе якой стаіць хата, дзе нарадзіўся Я.Купала.

Цікавы выпадак адбыўся ў Плябані. Палазіўшы па рыштаваньнях (іх пакінулі рэстаўратары) касьцёлу, збудаванага ў сярэдзіне XIX ст. у эклектычным барока-гатычным стылі, і прыгадаўшы, што ў ім хавалі зброю ўдзельнікі паўстаньня Каліноўскага 1863—1864 г., сядаем на ровар і празь пяць хвілін апынаемся каля невялічкага лесу на ўзгорку. Далей па дарозе вёска Сьвечкі. Тутака ў 1863 г. расейскімі салдатамі быў разьбіты атрад паўстанцаў на чале зь Юлянам Бакшанскім (самаму малодшаму ўдзельніку, гімназісту 7-й клясы Менскай гімназіі, толькі споўнілася 15 гадоў). Лес на пагорку — гэта старыя могілкі, дзе паўстанцы пахаваны. Ад іх тут засталіся толькі камяні зь ледзь бачнымі літарамі. Шыльды на помніку паўстанцам ужо даўно няма. Замест яе тут аб’явіўся драўляны шчыт з надпісам, які нас вельмі зьдзівіў: «Паўстанцам Тадэвуша Касьцюшкі».

Помнім добра, што рабілі, —
Як нас дзёрлі, як нас білі.
Дакуль будзем так маўчаці?!
Годзе нам сядзець у хаце!

Упрыгожыўшы кветнік вакол помніка, мы пакінулі яго з супярэчлівым уражаньнем. Добра, што ў нас памятаюць імя Касьцюшкі, але блага, што для бальшыні з нас тыя 80 гадоў, што аддзяляюць яго паўстаньне ад паўстаньня Кастуся Каліноўскага, ужо нічога ня значаць.

Зьміцер Зінкавецкі, Менск