Меркаванні22

Як я шведа ад прэзідэнта адганяў

Я зноў успомніў гэты выпадак з майго жыцця, калі даведаўся пра чарговую прэс-канферэнцыю з удзелам прэзідэнта, а дакладней, пра тое, што на яе запрасілі журналістаў незалежных СМІ. Для прэзідэнта гэта добрая нагода паказаць, што ў нас дэмакратыя, мір, дружба, жуйка. Для журналістаў — сустрэцца з прэзідэнтам. Дарэчы, у нас няшмат магчымасцяў сустрэцца з «галоўным», але магчымасцяў адчуць увесь цяжар візіту персоны нумар адзін — хоць адбаўляй. Я таксама меў гонар адчуць гэта на сабе ў 2010 годзе.

Чаму шведы прыносяць столькі пакутаў Беларусі, вядома адным шведам. Але яны, нашчадкі суровых вікінгаў, не скажуць. То мядзведзікаў скінуць, то пасол іх псуе двухбаковыя адносіны. А аднойчы швед вырашыў прарвацца да самога прэзідэнта! Дзякуй Богу, я яго спыніў.

За які месяц да інцыдэнту я яшчэ нічога не падазраваў і, як звычайна, хадзіў на пары ў МДЛУ, паспяхова выціскаючы адны важныя ці не вельмі веды іншымі.
У пачатку лістапада родны дэканат настойліва прапанаваў паваланцёрыць на дзіцячым Еўрабачанні — трэ' былі людзі з веданнем англійскай і шведскай. Я падыходзіў. Казалі нешта пра вялікі гонар удзелу ў гэтым важным для краіны мерапрыемстве і пра важную місію прадстаўлення там alma mater… Я, дарэчы, асабліва і не вагаўся. Мяне заўсёды вабіла магчымасць пранікнуць туды, куды ў паўсядзённым жыцці доступ закрыты. Закуліссе вялікага ТБ-шоу пад такое азначэнне трапляе.

На тыдзень я стаў памочнікам рэжысёра, дакладней рэжысёркі.
Гучыць няблага. У рэжысёркі ўжо былі дзве асістэнткі, а я стаў трэцім (буду называць свайго тагачаснага шэфа проста «рэжысёрка», бо, па-першае, яна мне нічога дрэннага не зрабіла, па-другое, гэта адцягвае ад асноўнай думкі, па-трэцяе, яна не рабіла нічога запамінальнага, і імя я яе забыў. Нашмат лепей я запомніў яе старшую асістэнтку, якая проста абагаўляла талент сваёй кіраўніцы).

Я ж быў патрэбны для наладжвання камунікацыі. Рэч у тым, што за «карцінку» на экране падчас Еўрабачання адказная шведская тэлекампанія.
Гэтыя «тэлевандроўнікі» кожны год ездзяць з месца на месца, каб зладзіць чарговае Еўрабачанне. Рэжысёрка (яна неяк ставіла адкрыццё аднаго са «Славянскіх базараў») адказвала за ўсялякія масавыя танцы, спевы ды цыркавыя нумары. Мая місія была ў перадачы заўваг і прапановаў рэжысёркі шведам і назад.

Само Еўрабачанне было лепшае за 10 ці нават 20 лекцыяў і семінараў на тэму міжкультурных адрозненняў.
Менавіта там можна было пабачыць, як па-рознаму беларусы і шведы ўспрымаюць канцэпты «час», «эфектыўная праца», «паслядоўнасць». У беларусаў заўсёды знаходзілася нейкая НС: то сцэну зрабілі меншага дыяметру за запланаваны і не паведамілі пра тое акрабатам. Яны ў лічаныя дні перароблівалі нумар, які вучылі месяцы. То святлодыёдныя строі для маскоўскіх танцораў не працавалі, і ўвогуле аказаліся падобнымі больш да ватнікаў арыштантаў, чым да танцавальнай вопраткі, то яшчэ што. Час у беларусаў быў цягучым, нібы гарачая карамель. Калі ў раскладзе значыўся пачатак рэпетыцыі, а першай, то смела можна было дадаваць хвілін дзесяць на «разварушванне».

Відавочна, гэта раздражняла шведаў, але яны ветліва маўчалі і абыходзіліся лёгкімі намёкамі.

Шведы прыходзілі загадзя, пачыналі хвіліна ў хвіліну і заканчвалі хвіліна ў хвіліну.
Напэўна, нават у шведаў здараліся «неспадзяванкі», але іх было ні ўбачыць, ні заўважыць — у працы шведскай каманды я бачыў ажылае слова «прафесіяналізм».

Нягледзячы на праблемы і замінкі, справа ішла. Апаратура працавала, дзеці спявалі, акрабаты вывучылі нумар наноў…

Але шведы не ўяўлялі, што на іх да секунды распланаваны графік набліжаецца пагроза, якой нельга прадухіліць. Гэта было стыхійнае бедства: на рэпетыцыю важнага мерапрыемства, ды яшчэ ў выбарчы год, вырашыў завітаць сам прэзідэнт.

Зрабіць гэта ён мусіў у пятніцу, 19 лютага. 18-га ўвечары, перад сканчэннем рэпетыцыі, усіх папрасілі ў абавязковым парадку ўзяць з сабою пашпарт: бэйдж з акрэдытацыяй для службы аховы прэзідэнта — не дакумент. Шведы з лёгкім неразуменнем у вачах пераглянуліся і разышліся.

У пятніцу ў «Мінск-Арэне» з самага зранку адчувалася нервовая атмасфера. Прадзюсар Баранаў (той самы, якога потым звольнілі з БТ ужо за дарослае «Еўрабачанне») шпарка бегаў туды-сюды і раздаваў указанні. Усе чакалі прэзідэнта. Акрамя шведаў — яны працавалі ў звычайным рэжыме.

Прэзідэнт меў з’явіцца недзе, а 12-й, але чамусьці спазняўся.

А палове на першую ў раскладзе быў абед. І шведы пайшлі абедаць.
Хвілін праз дзесяць пасля таго, як яны пакінулі свае працоўныя месцы, у «Арэну» прыбыла служба аховы. Мужчыны ў чорных пінжаках і з характэрнымі навушнікамі «адсеклі» ўсе выхады і ўваходы, не дазваляючы людзям перасоўвацца. Хто дзе быў, там той і застаўся. Потым ужо расказалі, што людзей, нягледзячы на пасаду, пол і ўзрост, збіралі ў раздзявальнях, туды ж заходзіў ахоўнік і прыціскаў сабою дзверы. Каб надзейней.

Зала засталася амаль пустой: была рэжысёрка, яе асістэнткі, спявак Калдун, некалькі валанцёраў і дзеці-ўдзельнікі.
Здаецца, не ўсе — тыя, каго змаглі адшукаць і прыцягнуць з ланча. «Бэтэшнікаў» амаль калаціла: яны хацелі паказаць рэпетыцыю «ва ўсёй красе», але не атрымлівалася. Не было ні гукарэжысёраў, ні аператараў, нікога.
Шведаў, што сышлі ў рэстаран, не пускалі на працоўныя месцы.
У выніку вырашылі імітаваць бурлівую дзейнасць. Усе былі незадаволеныя такім становішчам, але што тут зробіш… Прэзідэнт!

Тут аднекуль прывялі Майкла. Майкл быў памочнікам рэжысёра, адной з ключавых асоб шведскай каманды. Праз сваю прыгажосць ён, напэўна, падабаўся ўсім дзяўчатам. А яшчэ ў Даніэля быў мікрафон. Не, канечне, мікрафонаў на конкурсе песні хапала. Але ў Даніэля быў свой асабісты, які працаваў заўсёды. Майкл кожную раніцу ладзіў для мікрафона раскладную стойку, але часцей насіў яго на поясе.

…Прэзідэнт зайшоў незаўважна, у атачэнні ахоўнікаў і журналістаў. Рэжысёрка і асістэнткі хваляваліся і вадзілі дзяцей туды-сюды па сцэне. Хваляваліся яны дарэмна: прэзідэнт не глядзеў на іх, ён даваў інтэрв’ю.
Майкл незадаволена пазіраў на гадзіннік і на расклад — графік рэпетыцый ляцеў к чорту, і гэта ў перадапошні дзень.

Затым прэзідэнт падняўся на сцэну, каб пагутарыць з удзельнікамі. Увесь журналісцка-ахоўніцкі вэрхал пайшоў услед за ім. Прэзідэнт павярнуўся спінай да нас, яму нешта расказвала Ксенія Сітнік.

Раптам Майкл прыслухаўся і сказаў мне: «Там нічога не чуваць. Прэзідэнту патрэбен мікрафон».
Майкл насамрэч падумаў, што прэзідэнт звяртаецца да ўсіх, а не толькі да камераў БТ і АНТ, а адзіны працоўны мікрафон застаўся ў яго. Ён рашуча пайшоў да аператарскай рампы, што вяла на сцэну. Я пайшоў за Майклам.

Да мяне падскочыў дужы чалавек у чорным касцюме і з навушнікам. У руках ён трымаў партфель і парасон. Чалавек спытаў: «Хто гэта»? Я адказаў: «Гэта Майкл, швед. Ён тут накшталт як галоўны». Тады чалавек спытаў зноў:

«А чаго ён хоча»? — «Ён хоча даць прэзідэнту мікрафон», — шчыра адказаў я. Вочы ахоўніка акругліліся. «Прэзідэнту не патрэбны мікрафон! Хутка прывядзі яго назад»! — задушана сказаў ён.

Я, спрабуючы не рабіць рэзкіх рухаў, падышоў да Майкла, які ўжо быў пасярэдзіне рампы, узяў яго за руку і пацягнуў назад. «Прэзідэнту не патрэбны мікрафон», — запэўніў я Майкла. Майкл паціснуў плячамі і пайшоў уніз. Ахоўнік задаволена ўздыхнуў.

Я застаўся ля сцэны, шпацыраваў туды-сюды з рукамі за спінай. Да мяне падышоў іншы ахоўнік і рэзка кінуў: «Не мітусіся тут, га?»
Я засмучана пайшоў прэч ад сцэны.
Там каля агароджы ўжо стаяў Майкл з яшчэ адным шведам з каманды тэлебачання. Яны ціха абмяркоўвалі нешта па-шведску. З незнарок падслуханай гутаркі, я помню толькі адказ таго сталага шведа: прыходзіў, маўляў, да іх на рэпетыцыю некалі адзін кароль, але прысутнасць яго не надта заўважылі…

Каментары2

Цяпер чытаюць

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава6

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава

Усе навіны →
Усе навіны

Ртутны тэрмометр прабыў у целе жанчыны восем гадоў. Неймаверная гісторыя ва Украіне1

Месі стаў футбалістам-мільярдэрам — як Раналду

Навукоўцы разгадалі адзін з галоўных сакрэтаў Вялікай піраміды — як яна здолела выстаяць падчас землятрусаў6

Трамп падоўжыў яшчэ на год санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі12

Зяленскі праінфармаваў еўрапейскіх лідараў пра расійскія планы адносна Беларусі5

Трамп вызначыўся, хто будзе новым кіраўніком амерыканскай разведкі

Беларуска злётала на Мальдывы і вярнулася з запазычанасцю амаль 18 000 рублёў8

Лаўроў угледзеў у Азіі фармаванне мясцовага НАТА і ўжо загадзя яго баіцца4

У беларускія вёскі пачнуць ездзіць фургоны самаабслугоўвання

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава6

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць