Мова145145

Усё пра беларускія прозвішчы

Нашы прозвішчы вылучаюцца разнастайнасцю, а зафіксавалі іх у часы каралевы Боны, для афармлення дакументаў на зямлю.

Самыя частыя канчаткі прозвішчаў па рэгіёнах Беларусі. (Але выключэнняў таксама будзе шмат).

Той, каму давялося расці на вёсцы, памятае: вясковыя роды называлі па мянушках. Калі ў вёсцы дванаццаць сем’яў Герасімчыкаў, мянушкі — найпрасцейшы сродак указаць на патрэбнага чалавека. Яны даваліся найчасцей ад імені дзеда або прадзеда. Або — бабы, мамы, калі жанчыны былі ў сям'і заўважнымі. Адны Герасімчыкі маглі быць Казімірчыкамі, другія — Апанасавымі, а трэція — Ганнусінымі…

З такіх родавых мянушак 500 гадоў таму фармаваліся прозвішчы. Як? Гэтым займаліся бюракраты Вялікага Княства Літоўскага.

Шляхта прагнула прозвішчаў

Першымі ў канцы XV ст. прозвішчы займелі баяры-шляхта, піша гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч. Спачатку яны не былі сталымі. Сыны баярына Грынькі рабіліся Грынковічамі, але дзеці ягонага сына Багдана ўжо былі Багданавымі Грынковічамі. Яшчэ праз пакаленне пра Грыньку маглі і забыцца, ператварыўшыся ў Багдановічаў…

Але Багдановічам цяжка было пацвердзіць свае правы на сяло, якое вялікі князь даў іх дзядам-Грынковічам. Таму чым больш дзяржаўная канцылярыя стварала папер-прывілеяў, тым важней для шляхціца было зафіксаваць сваё прозвішча раз і назаўжды.

Сяляне ж яшчэ ў пачатку XVI ст. прозвішчаў не мелі. Каму справа да селяніна, які жыў на хутары, мог вольна перамяшчацца па краі і быў эканамічна незалежным? Прозвішчы сялянам пачалі даваць кантрольныя органы ВКЛ. Адбывалася гэта ў сярэдзіне XVI ст., падчас Валочнай памеры 1557 г. — гіганцкай аграрнай рэформы.

Сялян «прымацоўвалі» да зямлі, высялялі ў вялікія вёскі і перапісвалі, дадаючы да імені імя па бацьку або мянушку, якія цяпер раз і назаўжды рабіліся прозвішчамі.

Лук’яновіч і Бабровіч

Тыя з іх, што паходзяць ад імя продка, называюць патранімічнымі. Большасць іх у беларусаў маюць суфікс -іч. Вось колькі іх у адным Попісе Гродзенскай каралеўскай эканоміі XVI ст.: Лук’яновіч, Івановіч, Ляўковіч, Амельяновіч, Хоміч, Навумовіч, Жуковіч, Васілевіч, Паласковіч, Міцкевіч, Козіч, Ячкевіч, Дашкевіч, Грынкевіч, Ламановіч, Зімаковіч, Бабровіч…

«Прозвішчы на -іч — адзнака славянскага паходжання, — кажа доктар філалагічных навук Валянціна Лемцюгова. — Яны характэрныя не толькі для беларусаў, але і для заходніх і паўднёвых славян. У беларусаў суфікс -іч не меў саслоўных абмежаванняў, а ў Расіі прозвішчы на -іч атрымлівалі толькі прадстаўнікі вышэйшых колаў грамадства з царскага дазволу».

Таксама да групы патранімічных прозвішчаў, найбольшай і найстаражытнейшай, адносяцца тыя, што сканчаюцца на -ук (-юк), -эня (-еня), -энка (глядзі мапу).

Юркойць і Даўгяла

У беларускіх прозвішчах адбілася тысячагадовае суісна­ванне славянаў з балтамі: часта славянскі корань спалучаўся з балцкім суфіксам — як у прозвішчы Даўгяла (корань «доўгі») ці Юркойць (ад Юркі).

А вось Гедройць — цалкам балцкае найменне, якое пазначае таго, хто нечым праславіўся.

Берман і Дзерман

Уплывы маглі быць не толькі балцкія. Сярод экзатычных — нямецкія.

Часцяком нямецкі пан-каланіст запісваў усіх сваіх сялянаў уласным прозвішчам, каб абазначыць гэтым права на ўладанне імі. Так з’явіліся Берманы, Дзерманы. Магчыма, так перараджаліся і некаторыя старыя балцкія прозвішчы (Шэйман).

Нелюбы і Пазнякі

Многія прозвішчы паходзілі ад мянушак і дахрысціянскіх імёнаў. Людзей тады называлі проста. Хто нарадзіўся апошнім у сям'і, таго называлі Пазняк. Хто адно дзіця ў сям'і — той Адзінец. Хто трэці — той Траццяк.

Бывалі імёны татэмныя — ад звера ці дрэва, якому племя пакланялася (так, у летапісах трапляюцца Воўк, Воўчы Хвост), былі імёны ахоўныя, пакліканыя «падмануць» злыя сілы — Нелюб (каб любілі), Дыхля (каб здаровы быў).

Царква, выціскаючы паганства, змушала замяняць старыя імёны на хрысціянскія (у летапісах сустракаем прыклад літоўскіх князёў — Вітаўт рабіўся Аляксандрам, Ягайла — Уладзіславам).

Скарына і Гоўша

Дый Скарына — не ад скарынкі, кажа прафесар Лемцюгова.

Скарына — скарочанае старажытнае імя, тыпу Скараслаў, Скарагост, Скаравой, Скарамір. Частка прозвішчаў — такія добра забытыя імёны, накшталт Гоўша, Дымша.

Пераходзілі ў прозвішчы і скарочаныя формы: Мечык, Віліч, Стасік… Нават такое, здавалася б, відавочнае прозвішча Трус — скарочанае ад Пятро, Пятрусь. Місюта, аказваецца, — размоўны варыянт царкоўнага імя Міхаіл. Масу варыянтаў мае Аляксандр. Самыя экзатычныя з іх — Шаша, Шоша.

Але Валянціна Лемцюгова перасцерагае: даследаванне гісторыі кожнага прозвішча вымагае індывідуальнага падыходу, міні-даследавання. Верыць у сямейныя легенды і тлумачэнні, якія, здавалася б, ляжаць на паверхні — небяспечна.

Тут як з назвамі населеных пунктаў:

Шапчыцы — не ад шапкі, знойдзенай там, а ад нашчадкаў чалавека з такой мянушкай ці прозвішчам. Пількаўшчына — не ад пілаў, якія ламаліся, а ад імя ўласніка зямлі, якога звалі Пілька, Піліп.

Кухта і Стэльмах

Наступная пасля патранімічных па колькасці група прозвішчаў з Попісу Гродзенскай каралеўскай эканоміі — ад асаблівасцяў выгляду: Коўш, Чарэпка, Казелак… Безумоўна,

не трэба абмінаць і прозвішчы, звязаныя з заняткам чалавека. У XVI ст. іх працэнт быў невялікі, але з часам Стэльмахі (у «Слоўніку паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» Стэльмах — той, хто робіць калёсы, калёснік), Рымарчукі (рабілі вупраж), Бондары (выраблялі цэбры), Мясніковічы (былі рубшчыкамі мяса) з’яўляюцца ўсё часцей і часцей, адзначае А.Вашкевіч.

Тое самае паходжанне ў прозвішча Кухто, лічыць Валянціна Лемцюгова. Кухта — гэта памочнік кухара. А націск на -о ў такіх прозвішчах з’явіўся ад пазнейшага, часоў Расійскай імперыі, імкнення надаць ім «благозвучность». Тады з’явіліся Лапато, Капусто, Лапо, Дынько і ім падобныя.

Цікавая гісторыя прозвішча Цароў. Адкуль у Беларусі «цар»? Аказваецца, на Магілёўшчыне так называлі старшага валачобніка, які меў упрыгожаную бліскучую шапку.

Рабіновічы з’явіліся апошнімі

Найпазней жа ў Беларусі, адзначае А.Вашкевіч, прозвішчы з’явіліся ў габрэяў-гараджан. Улады Рэчы Паспалітай не ўмешваліся ў жыццё габрэйскай грамады, адносіны з ёю абмяжоўваліся атрыманнем падаткаў, якія збіраў сам кагал. Напрыклад, з дванаццаці габрэяў, якія мелі пляцы ў 1704 г. у мястэчку Сапоцкін, прозвішчы мелі толькі шасцёра. Прычым прозвішчы яўна паходзілі ад мянушак, звязаных з выглядам, — Іцка Вясло або Азік Чарток. А калі царская адміністрацыя пачала браць габрэяў у рэкруты, забіраць дзяцей у кантаністы, пачалося прымусовае наданне беларускім габрэям прозвішчаў, прычым часта па той самай схеме, што і ў беларускіх сялян за трыста гадоў да таго. Так з’явіліся Абрамовічы, Іцкавічы, Абковічы або Зельманавічы. А Рыўкіны, Соркіны, Рохліны — па імёнах жанчын, маці. У беларусаў такое здаралася радзей, а вось ва ўкраінцаў — даволі часта: Андрусішын, Васілішын, Стэфанішын, Байчышын (ад Андрусіха, Васіліха, Стэфаніха, Бойчыха, г.зн. жонка, удава Андруся, Васіля…).

Рэха прыгону ці поступ прагрэсу?

Нашыя прозвішчы — вынік індывідуальнага прыгону, які запанаваў на землях ВКЛ з часоў Валочнай памеры, — лічыць Андрэй Вашкевіч. — Там, дзе не было індывідуальнай залежнасці ад пана, не было патрэбы ў прозвішчах. Яскравы прыклад — балгары, у якіх толькі ў сярэдзіне ХХ ст. замацаваліся прозвішчы. У захопленай асманамі Балгарыі селянін быў вольны, арандаваў зямлю ў дзяржавы і плаціў падатак — харадж. Патрэбы замацоўваць прозвішчы не было, і яго функцыі выконвала імя па бацьку. Іван Кольеў быў сынам Кольі, а ўжо сын Івана быў не Кольевым, а Іванавым. Да сёння ў Еўропе захавалася краіна з сістэмай прозвішчаў, утвораных ад імя бацькі, — Ісландыя, дзе ад часоў засялення вікінгамі панавала дэмакратыя.

Але як у такім выпадку быць з Расіяй, дзе, сцвярджаюць гісторыкі і мовазнаўцы, сялянскія прозвішчы замацаваліся толькі ў ХІХ ст., а прыгон быў яшчэ больш жорсткі, чым у ВКЛ?

Беларускія прозвішчы на трыста гадоў старэйшыя за расійскія

У Масковіі прозвiшча да XVI ст. было прывiлеем князёў і баяраў. А прозвішча на -іч давалася толькі з дазволу вялікага князя. У «Тысяцкай кнізе» 1550 на тысячу чалавек такія прозвішчы мелі толькі 28. Рэшта прозвішчаў — на -оў або на —ін.

У XVI—XVII стагоддзях прозвiшчы пачалi з’яўляцца ў асяроддзi расійскіх дваран. У XVII—XVIII стст. — у гараджан, у канцы XVIII — пачатку XIX стст. — духавенства. Сяляне ў Расіі не мелi прозвiшчаў да сярэдзiны ХIХ ст.

Нашыя прозвішчы — каштоўны скарб. Ім як мінімум 450 гадоў. А гэта значыць, што насілі іх да нас дзясяткі і нават сотні тысяч людзей, і трэба быць вартымі іх памяці.

Каментары145

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Усе навіны →
Усе навіны

Расія ўдарыла па Дняпры балістычнай ракетай новага тыпу7

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Галоўнае
Усе навіны →