Пратэсты ў Кіеве — спеўныя пратэсты. Штогадзіну на Майдане спяваюць «Шчэ нэ ўмэрла Украіна». Людзі на барыкадах трымаюць свой дух песнямі казакоў і сечавых стральцоў. І народнымі.
Украінская спеўнасць — гэта феномен.
Інтэлігенцыя там масава пісала песні — многія вершы Шаўчэнкі, Франка, Паўлычкі былі пакладзены на музыку. У песенным жанры працавалі найлепшыя ўкраінскія кампазітары. А оперныя спевакі — у тым ліку такія галасы, як Іван Казлоўскі, Анатоль Салаўяненка — выконвалі народныя песні.
Кіраўнікам адукацыі ўдалося ўвесці народную песню ў масавы школьны курс. У Беларусі, дарэчы, гэтага не было.
Шмат беларускіх і ўкраінскіх песень падобныя. Тыя самыя песні часам спяваюць на той і на той мове («А чый там конь стаіць»).
Сапраўды, беларусы і ўкраінцы найбліжэйшыя па сваёй мове. Відаць, блізкасць ідзе з прадаўніх глыбінь, з першага тысячагоддзя нашай эры. Пасля мы жылі разам у адной дзяржаве — Вялікім Княстве Літоўскім, пасля ў саюзе дзяржаў — Рэчы Паспалітай. Нарэшце — пад Расійскай і Савецкай імперыямі.
Скласці свой рэйтынг украінскіх песень мне было і лёгка, і цяжка. Лёгка — бо ўсё жыццё яны побач са мной; гэта тыя песні, якія спявалі бабуля і аднавяскоўцы; гэта тыя песні, якія спявае мой бацька.
Чуўшы яго, я не магу без усмешкі слухаць тых, хто «спявае» зараз па тэлевізары…
А цяжка, бо цудоўных украінскіх песень шмат. І за кожнай з іх — свая вялікая гісторыя.
Вось гэтую напісала легендарная Маруся Чурай ў XVII стагоддзі.
А гэтую — авантурнік Тамаш Падура, вярнуўшыся дадому з Аравіі, у ХІХ-м… І паглядзіце, як яе зараз спяваюць украінскія лётчыкі!
А вось гэту — пра макі — напісаў ў 60-х гадах ХХ стагоддзя паэт-бадзяга Васіль Дыдэнка, у якога ні было ні дома, ні вопраткі, але гэтыя некалькі куплетаў яго азалацілі…
А гэтую ўключылі ў расейскі мультык, і сталася яна зарокам поспеху. А вось гэтую паляк уключыў ў культавы фільм…
З гэтых песень выраслі сучасныя «Воплі Відаплясава» і «Акіян Эльзы».
Гэтыя нацыянальныя песні больш, чым нацыянальныя. Сёння гэтыя песні разам з вамі спяваюць і слухаюць у Кіеве на Майдане. Услухайцеся ў іх і Вы.
1. Ой, чый там конь стаіць
Гэтая песня існуе і ва ўкраінскім, і ў беларускім варыянце.
2. Месяц на небе
Лірычная. У выкананні тэнара Анатоля Салаўяненкі (1982).
3. Я пайду далёка ў горы
Лірыка ў выкананні Квіткі Цісык — украінскай спявачкі з дыяспары.
4. Песня пра ручнік
Песня, напісаная ў 1960-я гады ХХ стагоддзі, стала народнай. «Рідна мати моя, ти ночей не доспала…» — гэты гімн мацярынскай любові любяць далёка за межамі Украіны.
5. Червона рута
Хіт, які зрабіў вялікі ўплыў на самапавагу маладых украінцаў у 1970-я.
6. На даліне туман
Гэтую песню — пра макі — напісаў ў 60-х гадах ХХ стагоддзя паэт-бадзяга Васыль Дыдэнка, у якога ні было ні дома, ні вопраткі, але гэтыя некалькі куплетаў яго азалацілі…
7. Гэй, саколы
Песня была напісана ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя Тамашом Падурам — і стала народнай і па-польску, і па-ўкраінску. Тут яе выконваюць пілоты ўкраінскіх Вайскова-паветраных сілаў.
8. Ой, у лузе чырвона каліна
Адна з першых песень сечавых стральцоў — першых украінскіх узброеных фармаванняў у ХХ стагоддзі.
Яе гісторыя паказальная. Першы варыянт песні напісаў дырэктар Украінскага тэатра ў Львове. Там ставілі трагедыю, і ён быў незадаволены фінальнаю песняю-скаргаю Украіны, як яе напісаў аўтар. Для больш аптымістычнага фіналу дырэктар сваёй воляй уставіў у драму народную песню «Розлилися круті бережечки», але трохі перарабіў у ёй словы. А пасля на яго замову кампазітар перапрацаваў мелодыю песні. У тэатры песню вывучыла моладзь. А разнеслі яе па краіне сечавыя стральцы.
У савецкі час была забаронена. У 1980-х масава загучала на мітынгах Руху. Гучыць і цяпер на Майдане.
9. Казацкі марш
Яго напісаў сляпы бандурыст Яўген Адамцэвіч з гарадка Ромны. Ён упершыню яго выканаў у 1969 годзе ў кіеўскай Оперы. Пакуль мелодыю выконвалі ва Украіне, усё было нармальна. Але трыумф мелодыі ва ўкраінскай аўдыторыі ў часе канцэрта ў маскоўскім Вялікім тэатры выклікаў у савецкіх уладаў, што гэта пераробка адной з паўстанцкіх песень. І Казацкі марш на 10 гадоў забаранілі. Затое цяпер пад гукі гэтага маршу пачынаюцца паседжанні ўкраінскай Вярхоўнай Рады.
10. Шчэ нэ вмэрла Украіна
Верш напісаў украінец Паўло Чубінскі, які, што цікава, вырас прыкладна там, дзе цяпер знаходзіцца аэрапорт Барыспаль. За ўдзел у рэвалюцыйнай дзейнасці царскія ўлады выслалі яго на Поўнач. Верш яго ўпершыню пабачыў свет у львоўскім часопісе. А заходнеўкраінскі святар Міхайла Вярбіцкі паклаў яго на музыку.
Пачатковы верш доўгі, а песня зажыла свіам жыццём, яе тэкст змянялі выканаўца. Цяпер яна замацаваная як гімн у сваёй кароткай версіі.
У СССР ён быў забаронены і ведалі яго адзінкі. А цяпер ён гучыць на Майдане вось так:
Каментары