Арганізацыя дарожнага руху зменена ў раёне праспектаў Машэрава і Пераможцаў у Мінску
Арганізацыя дарожнага руху змянілася на некаторых скрыжаваннях у цэнтральнай частцы Мінска, паведаміла кіраўнік прэс-службы сталічнай ДАІ Таццяна Харлінская.
Самыя значныя змяненні закрануць скрыжаванне праспектаў Машэрава і Пераможцаў. Рэарганізацыя дарожнага руху тут запланавана ў два этапы. Да гэтага моманту першая частка работ выканана: у прыватнасці, забаронены левы паварот па праспекце Машэрава з боку вуліцы Даўмана на праспект Пераможцаў. Каб у вадзіцеляў, якія раней карысталіся гэтым паваротам, была альтэрнатыва, зменена арганізацыя дарожнага руху на скрыжаванні праспекта Машэрава і вуліцы Заслаўскай. Там устаноўлена дадатковая секцыя святлафора налева з праспекта Машэрава на вуліцу Заслаўскую з боку праспекта Пераможцаў.
Другі этап змянення схемы руху на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава плануецца рэалізаваць да ліпеня. Будзе забаронены левы паварот з праспекта Пераможцаў на праспект Машэрава, калі ехаць з боку вуліцы Мельнікайтэ.
З улікам гэтага будзе скарэкціравана работа святлафораў на скрыжаванні праспекта Пераможцаў і вуліцы Мельнікайтэ, а таксама на скрыжаванні вуліц Мельнікайтэ і Заслаўская.
Акрамя таго, ужо зменена арганізацыя руху на скрыжаванні праспекта Машэрава і вуліцы Даўмана. У прыватнасці, павялічана колькасць палос для руху па праспекце Машэрава з боку праспекта Пераможцаў, а таксама па вуліцы Даўмана з боку вуліцы Арлоўскай. Усяго дабавілася па адной паласе.
Таксама змянілася схема руху на скрыжаванні праспекта Машэрава і вуліцы Крапоткіна. На праспекце Машэрава з боку праспекта Пераможцаў выдзелена паласа для левабаковага руху на вуліцу Крапоткіна.
Паводле слоў Таццяны Харлінскай, змяненні зробяць рух па гэтых скрыжаваннях больш камфортным, што разгрузіць інтэнсіўнасць аўтамабільнага патоку. «Гэта робіцца для саміх вадзіцеляў, каб сэканоміць іх час, разгрузіць дарогі, пазбегнуць значных затораў», - падкрэсліла яна.

Каментары