Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран праз газету Daily Mail заклікаў шатландцаў прагаласаваць на рэферэндуме 18 верасня за адзінства краіны.
«Наш саюз неацэнны. Не разрывайце яго», — напісаў Кэмеран.
На гэты момант гэта самы эмацыйны выступ прэм'ер-міністра на тэму маючага адбыцца 18 верасня рэферэндуму аб незалежнасці Шатландыі.
«Калі Злучанае каралеўства распадзецца, яно распадзецца назаўсёды, — мяркуе Кэмеран. — Таму ваш выбар відавочны: скачок у цемру з голасам «за» ці светлую будучыню для Шатландыі з голасам «супраць»».
У сераду Кэмеран, які ўзначальвае Кансерватыўную партыю, адправіцца з візітам у Шатландыю разам з лідарамі лейбарыстаў і ліберальных дэмакратаў Эдам Мілібандам і Нікам Клегам.
На рэферэндуме выбаршчыкі павінны будуць даць адказ на адзінае пытанне: «Ці павінна Шатландыя быць незалежнай краінай?» Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што за апошнія тыдні лік гатовых адказаць «так» і «не» амаль зраўнялася, а па некаторых дадзеных, прыхільнікаў незалежнасці нават стала крыху больш.
Першы міністр Шатландыі Алекс Салманд абвінаваціў брытанскі ўрад у панікёрстве пасля публікацыі звестак сацапытанняў.
Каментары