Гэта пытанне вывучаў дасьледны цэнтр Pew шляхам даследавання ў 40 краінах свету на ўсіх кантынентах. Вынікі пададзеныя ў табліцы з даклада цэнтра.
Найгоршае стаўленьне да Амерыкі было зафіксаванае ў Іарданіі і Расіі, адмоўных ацэнак у гэтых краінах — больш за 80%. У цэлым адмоўныя ацэнкі — у Турцыі і Ліване. Рэгіён самага станоўчага стаўлення да Амерыкі — Афрыка, колькасць станоўчых ацэнак сягае за 80%. Даволі станоўчае стаўленне — у Азіі, рэкардсмен — Філіпіны з 92% станоўчага стаўлення да Амерыкі. Праўда, у Кітаі баланс ацэнак — адмоўны (44% станоўчых і 49% адмоўных), у Пакістане перавага адмоўных ацэнак яшчэ больш значная.
Значная перавага станоўчых ацэнак назіраецца ў Еўропе за выключэннем Германіі, дзе колькасць станоўчых і адмоўных ацэнак амаль роўная.
Лацінская Амерыка — таксама рэгіён у цэлым станоўчых ацэнак Амерыкі.

Асабліва значна ацэнкі змяніліся на адмоўныя ў Расіі. Калі ў Іарданіі яны былі такімі самымі, як цяпер, пяць гадоў запар, а надта высокімі не былі ніколі, то ў Расіі ўсяго два гады таму да ЗША ставіўся спрыяльна 51% апытаных, цяпер — толькі 15%.
Ва ўсіх краінах, дзе праводзілася даследаванне, моладзь больш спрыяльна ставіцца да Амерыкі, чым старэйшыя пакаленні. Асабліва вялікі разрыў у Кітаі: станоўча ставяцца да ЗША 59% кітайцаў ва ўзросце 18-29 гадоў, і толькі 29% — ва ўзросце 50 і болей гадоў. А ў Расіі гэты разрыў мінімальны: станоўчыя да Амерыкі 16% маладых расіянаў і 10% старых. Цікава, што найлепшае стаўленне — сярод расіянаў сярэдняга веку (30-49 гадоў) — 21%.
Да ваенных аперацый ЗША супраць экстрэмісцкай арганізацыі «Ісламская дзяржава ў Сірыі і Іраку» сярод 40 краінаў у сярэднім ухвальнае (ухваляюць 62%, асуджаюць 24%).
Найменшая падтрымка гэтых высілкаў — у Лацінскай Амэрыцы і ў Расеі, дзе амэрыканскую апэрацыю супраць «Ісламскай дзяржавы» асуджаюць больш за дзьве траціны.
Іншая сытуацыя — з ацэнкамі жорсткіх метадаў допытаў асобаў, падазраваных у датычнасці да тэрарызму, якія ўжывалі амерыканцы. У цэлым па 40 краінах 50% апытаных палічылі гэтую практыку недапушчальнай, асабліва ў Венесуэле (76%), Аргенціне (75%), на палесцінскіх тэрыторыях (69%) і ў Германіі (68%). Цікава, што ў Расіі гэты сюжэт не стаў важкім матывам асуджэння — непрымальнай гэткую практыку палічылі 55% апытаных. У саміх ЗША 58% палічылі такія метады дапушчальнымі, прыкладна столькі ж — ў Індыі і ў Ізраілі.
Знешнепалітычную дзейнасць амерыканскага прэзідэнта Барака Абамы апытаныя ў 40 краінах у цэлым ацанілі станоўча, але паміж краінамі відавочныя значныя адрозненні.
У саміх ЗША баланс ацэнак памяркоўна станоўчы, выразна станоўчыя ацэнкі ў Еўропе, ва Украіне знешнюю палітыку Абамы ўхваліў прыкладна кожны другі апытаны. Рэкордна высокімі аказаліся ацэнкі дзеянняў амерыканскага прэзідэнта на Філіпінах, у Паўднёвай Карэі і ў Аўстраліі, а таксама ў Афрыцы. У Кітаі колькасць станоўчых і адмоўных ацэнак аказалася прыблізна роўнай. А абсалютным лідарам адмоўных ацэнак стала зноў жа Расія.
Каментары