Хоць гэта пакуль і даражэй, чым плаціць ім за галізну.
У хуткім часе мы наўрад ці пабачым сапраўдных голых акцёраў у фільмах, мяркуе The Verge. Ад галізны іх «уратуюць» як дублёры, так і камп’ютарная графіка. Падобна, што за апошнія пяць год гэта стала ўваходзіць у моду ў Галівудзе.
Спецэфекты, што робяць людзей «голымі», усё яшчэ даражэй, чым «натуральная» галізна акцёраў. Але яны дазваляюць абысці пункты кантрактаў, што з нейкіх прычын забараняюць распранаць зорак, самім зоркам даюць магчымасць не асабліва сачыць за фігурай, а рэжысёрам — зрабіць здымкі больш камфортнымі для акцёраў.
The Verge мяркуе, што «камп’ютарная галізна» застанецца з намі надоўга.
Падобна, што трэнд задаў фільм «Мачэтэ» 2010 года, хаця «камп’ютарная галізна» была ў кіно і да яго. У «Мачэтэ» Джэсіка Альба здымалася ў сцэне ў дýшы ў ніжняй бялізне, у фільме жа яна з’явілася голай. «Правак» ніхто не заўважыў, пакуль Альба сама не заявіла пра тое, што ніколі не здымалася голай.
Ключавой прычынай выкарыстання камп’ютарнай графікі The Verge лічыць камфорт акцёраў: некаторым цяжка працаваць голымі перад натоўпам здымачнай каманды. У прыватнасці, пра гэта казала Лена Хідзі, якая выконвае ролю Сэрсіі Ланістэр у «Гульні тронаў».
У апошнім на сёння пятым сезоне «Гульні тронаў» была сцэна, дзе Сэрсія Ланістэр у пакаранне павінна была прайсці голай па горадзе. Хідзі, на той момант цяжарная, казала, што хацела сканцэнтравацца на эмоцыях гераіні, а не на ўласным эмацыйным і фізічным дыскамфорце ад «голага параду» перад не толькі здымачнай камандай, але і вялізнай масоўкай.
Хаця Хідзі раней не раз здымалася голай, у той сцэне яна распранулася толькі часткова для буйных планаў, у агульных планах яе падмяніла 27-гадовая Рэбэка Ван Кліў, на цела якой «наклалі» галаву Хідзі. Фанаты разглядзелі, што грудзі дзяўчыны ў той сцэне занадта вялікія для нават цяжарнай Хідзі, ды вельмі абразіліся, калі іх падазроны пацвердзіліся афіцыйна.
Першая галізна ў кіно з’явілася праз восем год пасля першага кіно: у фільме «За мячом» 1897 года. Практыка «голых дублёраў» дакладна зафіксаваная ў фільме «Тарзан і яго сяброўка» 1934 года: акцёрку Марын О’Саліван падчас сцэны падводнага плавання голай замяніла алімпійская плыўчыха Джазэфін МакКім.
Праблема не ў тым, што гледачы хочуць, ды не могуць пабачыць голых акцёраў.
Колькі сёння выкарыстоўваецца «голых дублёраў» і «камп’ютарнай галізны», дакладна невядома — акцёры могуць прасіць не раскрываць таго факту, што голае цела ў кадры належыць не ім. З аднога боку, нічога страшнага для гледача ў гэтым пакуль няма: выканаўца ролі Гары Потэра таксама ж не праходзіў праз сцяну да платформы 9 3/4, усё камп’ютарная графіка. Ды праблемы могуць з’явіцца ў будучыні, калі кіно, як цяпер «нафаташопленыя» глянцавыя часопісы, пачне ўкараняць нерэалістычныя стандарты прыгажосці.
Каментары