
Народы Польшчы і Беларусі былі ахвярамі адной імперыі, заявіў журналістам кіраўнік польскага МЗС Вітальд Вашчыкоўскі, наведваючы 22 сакавіка ўрочышча Курапаты пад Мінскам, дзе ён усклаў вянкі да магіл ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
«Такая наша гісторыя. У праграмах розных візітаў заўсёды ёсць наведванне месцаў памяці. Тут, каля Мінска, ляжаць невядомыя героі, якіх мы не можам нават ідэнтыфікаваць. У Курапатах загінула шмат прадстаўнікоў розных народаў, сярод якіх шмат тысяч палякаў. Мы ні ў чым не вінавацім беларусаў. Мы хочам разам шанаваць гэтае месца. Калісьці абодва нашы народы былі ахвярамі адной імперыі», — сказаў ён.
Вашчыкоўскі адзначыў, што шмат гадоў паміж Беларуссю і Польшчай не было кантактаў на высокім узроўні. «Мы будзем узнімаць пытанні і гаспадарчыя, і культурныя, і шмат іншых, якія варта паміж суседзямі ўрэгуляваць», — сказаў ён.
Польшча, паводле слоў Вашчыкоўскага, таксама хацела б, каб усе СМІ Беларусі працавалі ў роўных умовах. Паводле яго слоў, пры магчымасці ён узніме пытанне тэлеканала «Белсат», які ў чацвёрты раз спрабуе атрымаць акрэдытацыю ў Беларусі. «СМІ не шкодзяць, а толькі інфармуюць. Як гэтую інфармацыю выкарыстоўваюць, залежыць ужо ад палітыкаў», — сказаў кіраўнік МЗС Польшчы.
Візіт Вашчыкоўскага ў Беларусь праходзіць 22—23 сакавіка. У аўторак кіраўнік польскага МЗС сустрэнецца з беларускім калегам Уладзімірам Макеем, прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі.
Плануецца таксама, што Вашчыкоўскага прыме Аляксандр Лукашэнка, аднак гэтая інфармацыя пакуль не пацверджаная афіцыйна.
***
Апошні раз міністр замежных спраў Польшчы наведваў Беларусь больш за пяць гадоў таму. У лістападзе 2010 года Радаслаў Сікорскі, які тады займаў гэтую пасаду, прыязджаў у Мінск разам са сваім нямецкім калегам Гіда Вестэрвеле, яны сустракаліся з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта было незадоўга да выбараў прэзідэнта Беларусі 19 снежня. Выбары завяршыліся жорсткім разгонам дэманстрацыі пратэсту і арыштам апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, пасля чаго стасункі афіцыйнага Мінска з Польшчай і Еўрасаюзам у цэлым былі замарожаныя.
-
Кобрынца, які застаўся без нагі пасля выбуху машыны, пасадзілі за кантакт з журналістамі. Пасля вызвалення ён расказаў сваю гісторыю
-
Пасол Украіны па пытаннях Беларусі: «Пазіцыя Ціханоўскай дакладна не пацыфісцкая»
-
Ці могуць мінскія школьнікі бясплатна карыстацца грамадскім транспартам падчас летніх канікул?
Каментары