«Талака» адмовілася збіраць грошы на друк хрысціянскай азбукі. Хрысціяне: «Чаму збіраць на Рыгведу можна, а на азбуку – не?»
Краўдфандынгавая платформа Talaka.by адмовілася пачынаць на сваім сайце збор грошай на выданне «Чытанкі-хрысціянкі». Прычына – платформа не падтрымлівае палітычныя і рэлігійныя праекты.
Крэатыўны дырэктар Talaka.by Іван Вядзенін тлумачыць: «У нас ад пачатку стварэння «Талакі» стаялі абмежаванні на палітычныя і рэлігійныя тэмы. Наша пляцоўка створаная для аб’яднання людзей, а палітыка і рэлігія – канфліктныя, унутры грамадства няма кансэнсусу па гэтых пытаннях».
Іван расказвае, што да кожнай асобнай прапановы павінен быць свой падыход. «Напрыклад, калі збіраюцца грошы на аднаўленне царквы ці капліцы, то мы падтрымліваем, бо гэта накіравана на ўзнаўленне нашай гістарычнай спадчыны, а не на распаўсюджванне пэўных ідэй», — кажа спадар Вядзенін.
Суразмоўца падкрэслівае, што гэта не першы выпадак адмовы. «Апошні раз памятаю адмаўлялі ў дапамозе нейкага праваслаўнага патрыятычнага лагера для падлеткаў».
Сустаршыня аргкамітэту БХД Павел Севярынец называе такое рашэнне Talaka.by «несправядлівым». «Вельмі шкада, што ўсё так адбываецца. 31 мая мы накіравалі запыт у «Талаку», нам абяцалі разгледзець пытанне. Ніякага адказу ўсё не было, пакуль Вольга Севярынец сама паўторна не звярнулася. Адказалі, што праект падтрымліваць не будуць, бо ён рэлігійны».
«Расчароўвае такая выбарнасць, бо той жа пераклад «Рыгведы» «Талакой» быў падтрыманы. Мы бачым, што хрысціян адсюль выкідваюць, тут вам месца няма, там – няма. Але 80% беларускай культуры – гэта хрысціянская культура. Гэта аграмадны масіў, які немагчыма нікуды выкінуць», — кажа Павел Севярынец.
Іван Вядзенін на заўвагу пра «Рыгведу» адзначае, што імі гэты праект найперш разглядаецца як культурны, а не рэлігійны.
Цяпер выдаўцы хрысціянскай азбукі хочуць звярнуцца да праекта ulej.by, у якога няма абмежаванняў у падтрымцы праз рэлігію. «Да мяне ўжо звярталася шмат людзей, якія гатовыя дапамагчы, — кажа Севярынец. – Калі справы так пойдуць далей, то не выключаем стварэння асобнай хрысціянскай краўдфандынгавай платформы».
«Мы разгледзелі розныя варыянты таго, як лепей выбудаваць працу з рэлігійнымі праектамі. І найболей канструктыўным і слушным крокам нам здаецца стварэнне экспертнай рады з прадстаўнікоў розных канфесіяў, якая дапаможа нам у пытаннях: ці з’яўляецца праект з выданнем «Азбукі» і ўсе наступныя, што будуць да нас паступаць, адпаведнымі інтарэсам рэлігійнай супольнасці Беларусі і правілам платформы.
Дарэчы, з Вольгай Северынец, аўтаркай праекта, мы ўжо гэтую ідэю абмяркавалі і знайшлі паразуменне, што гэта сапраўды будзе добры варыянт для вырашэння сітуацыі», — падсумоўвае заснавальнік talaka.by. Яўген Клішэвіч.
Паглядзець, што ж гэта за «Чытанка-хрысціянка», можна на сайце krynica.info.
Каментары