Павышэнне заробкаў бюджэтных арганізацый да ўзроўню не ніжэйшага за 80% ад сярэдняй зарплаты ў эканоміцы да 2020 года прадугледжваецца забяспечыць шляхам аптымізацыі функцый і колькасці занятых у бюджэтнай сферы.
Гэта замацавана ў праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады, асноўныя палажэнні якой апублікаваныя 17 чэрвеня.
Памер мінімальнай велічыні, што выкарыстоўваецца пры вылічэнні ставак (акладаў, службовых акладаў) работнікаў бюджэтнай сферы, будзе паэтапна набліжацца да бюджэту пражытковага мінімуму, у перспектыве — да мінімальнага спажывецкага бюджэту.
У цэлым захады ў галіне аплаты працы будуць накіраваны на паслядоўнае павышэнне яе рэальнага ўзроўню, зніжэнне разрыву паміж аплатай працы работнікаў бюджэтных арганізацый і сярэднім заробкам у эканоміцы.
Рэалізацыю пастаўленай задачы ў рэальным сектары эканомікі плануецца ажыццяўляць «шляхам шырокага прымянення гібкіх сістэм аплаты працы, забеспячэння росту рэальнай зарплаты, ўзаемазвязанага з ростам прадукцыйнасці працы».
Павышэнне сацыяльнай абароненасці работнікаў плануецца забяспечыць за кошт ўстанаўлення штогадовага памеру мінімальнай заработнай платы на ўзроўні мінімальнага спажывецкага бюджэту ў сярэднім на аднаго члена сям'і з чатырох чалавек.
Плануецца, што рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва ў 2020 годзе у адносінах да 2015 года складзе 109,5—111,6%.
Асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады будуць вынесеныя на абмеркаванне V Усебеларускага народнага сходу, які пройдзе ў Мінску 22—23 чэрвеня.
Каментары