Меркаванні1515

Стась Карпаў: «Таму што паралельна ёсць такі чалавек, якім збіраўся быць ты, пакуль не выбраў тусовачкі»

Даўно хацеў сказаць пра Джона Сільвера, але пачну вельмі здалёк і працягну ўдалечыні і закончу не зусім пра яго.

Такім чынам.

Калі я толькі пачынаў пісаць свае «пісьмы», у «Ніву» найперш, я быў, ведаеце якім палымяным? Страшнае дзела. Нікога ў свеце не ведаў і мяне ніхто не ведаў. Казаў роўна тое, што думаю і абсалютна не цікавіўся, «чым маё слова адгукнецца». А словы, між тым, адгукаліся. Бо я ж думаў, што сам пішу і сам жа чытаю, таму страшна здзіўляўся, калі я прадстаўляюся ў незнаёмых кампаніях, а мне казалі «а, ведаем, ведаем». «Што ведаеце?» – думаў я, мераючы ўсіх па сабе, са сваёй кепскай памяццю на імёны і, наагул, латэнтнай інтравертыўнасцю.

Звычайна, пасля асабістага знаёмства і «ведаем-ведаем» я выслухоўваў прэтэнзіі кшталту таго, што ў беларускай мове няма мату, а ўнутры мяне ёсць, што затое ў мове ёсць канцэнтраваная павага і сусветная любоў, а ўнутры мяне няма. Пасля я выслухоўваў малавядомыя мне імёны ўсіх выбітных дзеячоў, каго я пакрыўдзіў, пасля мне казалі, што ўсё гэта нейкая недарэчнасць, бо ў жыцці я такі залаты, ну такі залаты, што проста аба…цца і не жыць. І што трэба, каб Стась мясны адпавядаў Стасю папяроваму.

І я паступова пранікаўся ўдзячнасцю. Незнаёмыя людзі, хоць і з агаворкамі, казалі, што я «дарагі Стась». Гэта вельмі прыемна. Ну вельмі.

Таму я радаваўся, але хутка забываў і пісаў сабе усялякае. Пісаў і пастаянна падкрэсліваў, што я нічый хлопчык і, як акын, што бачу — пра тое і пяю. Што я ўмею і матам, і вось так, і вось гэтак і, канечне, бескапрамісна. Карацей — ах, як я быў сабой задаволены. Ну і сапраўды — не жыццё, а мара: выбіраеш сабе такую пазіцыю — па-над усімі, і адтуль, з вышыні, расказваеш, хто колькі важыць. Выкрываеш, так мовіць. І найперш — тусовачкі.

Тусовачкі, канечне, будучы «уласным хлопчыкам», прызнаеш асаблівым злом, бо з якога боку ні зірні, але іх асноўная функцыя — легітымізацыя удзельнікаў. Вось, дапусцім, ёсць у нас вельмі абстрактны дзеяч Ікс. Сам сабою ён штодзённа выціскае паветра згодна з уласным аб’ёмамі і больш пра яго сказаць няма чаго. Але як толькі з’яўляюцца людзі, якія назавуць яго найбуйнейшым мозгам сучаснасці, ён адразу набывае не толькі аб’ём, але і вагу. Трэба проста знайсці людзей, якія возьмуць на сябе грэх дэфініцыі. Але гэтая задача вырашаецца вельмі проста: ты сам павінен 100 разоў назваць «найвялікшымі гэтымі самымі» пару дзясяткаў іншых дзядзяў і цёцяў, якія больш за ўсё ў жыцці хочуць казаць хоць што-небудзь «у народ». І пацерці лямпу. Ты схлусіў і назваў, яны з удзячнасці схлусілі ў адказ — так з’яўляецца страшна элітарны гурток найвялікшых мазгоў. І, па вялікім рахунку, хрэн бы з ім, калі б не адна акалічнасць. Гурток мазгоў ніколі не бывае задаволены простым дэклараваннем сваёй нацыянальнай значнасці. Гурток пачынае блытаць сваю жыццядзейнасць з нацыянальнымі інтарэсамі і ў пэўны момант можа, напрыклад, прыпісаць сабе права і абавязак выдаваць мандат на карыснасць. Дапусцім, з’явіцца у нас умоўны Z, які паўстане, і блаблабла, і вырашыць рубіць гідру і з цэлым народам гутарку весці, а з глыбіні гуртка яму і скажуць, што «э, не!». І што ты, перш чым весці і рубіць, — дакажы. Ты прыйдзі да нас, стань у першую пазіцыю, пакруціся, станцуй. Прысягні і засведчы. А там паглядзім.А то — іш, дзелавы — гідру рубіць…

Ну і вось з такімі думкамі пачынаеш, значыць, выкрываць. І ў гэты момант у цябе з’яўляецца шмат адізнадумцаў, якія гатовыя, напрыклад, выкрываць не менш за цябе, а зручней за ўсё выкрываецца ў калектыве. Тусовачна.

Ну і, карацей кажучы, усялякіх кампаній, дзе «мяне ведаюць», стала усё больш і больш, і я пазнаёміўся і з тым і з гэтым… А я наогул такі чувак, схільны да рэфлексіяў і мне ўвесь час шкада людзей і, пагаварыўшы, я вечна пранікаўся экзістэнцыяльным трагізмам суразмоўцы. І, канечне, я мог пісаць і пра тое, і пра сёе, але пра канкрэтнага вось гэтага чалавека ўжо не мог, бо мы ж з ім як бы знаёмыя і выпівалі па выпадковасці і рукі ціснулі, а ў яго свая праўда і, «ваапшчэ, сям'я і дзеці». А бывае, што цябе назавуць мозгам. Ну не найвялікшым, але ўсё адно. Немагчыма адарвацца. Мала таго, што слухаеш, пачынаеш верыць. Ну і з удзячнасці ў адказ і табе зноў што-небудзь прыемнае…

Мінае час — пра таго не напішаш і пра гэтага. І ўсе мы прыемныя людзі, і ты як бы і ў той кампаніі, і ў гэтай, і яшчэ вунь там «свой чалавек». І неяк незаўважна прыходзіць момант, калі ты ужо ніхрана не палымяны і, замест гаварэння таго, што думаеш, ты «стараешся быць аб'ектыўным». Ты «ўсведамляеш адказнасць». Ты «не дзеліш свет на чорнае і белае». Карацей кажучы — ператвараешся ў тую самую хрэнь, якую ты пару год таму бескампрамісна выкрываў, калі быў палымяным. І ў моманты шчырасці з самім сабой разумееш, што мог бы, але не стаў. Не адбыўся і што трэба ці нешта мяняць — ці сканчацца. Таму што паралельна з табой ёсць умоўны Джон Сільвер, такі, якім ты збіраўся быць, але выбраў тусовачкі, дзе цябе ведаюць усялякія прыемныя людзі, а ён выбраў гаварыць тое, што думае, і нікому нічым не быць абавязаным. Дык вось, калі шукаць у чым сіла, брат, то, напэўна, у Джонах Сільверах. А ў тусовачках прыемных людзей – не шукаць. Вось так.

Каментары15

Цяпер чытаюць

Якая логіка судоў за Гаюн? Мужчына, якога затрымлівалі па гэтай справе, апісаў убачанае23

Якая логіка судоў за Гаюн? Мужчына, якога затрымлівалі па гэтай справе, апісаў убачанае

Усе навіны →
Усе навіны

«Польшча стала не тая, што раней». Эмігранты, якія вярнуліся ў Беларусь, патлумачылі чаму і падзяліліся ўражаннямі51

Стала вядома, навошта на фасад аднаго з гістарычных будынкаў у Мінску падчас рэканструкцыі паставілі металічныя калоны

«Ва Украіне ніхто не верыць, што там такое робіцца». Украінец, якога затрымалі ў Беларусі за два дні да вайны, расказаў пра пакуты за кратамі5

«Яму так блага стала, што ён упаў на бараку». Сталі вядомыя абставіны смерці палітвязня Вадзіма Храсько5

Былы нарвежскі прэм'ер Ягланд зрабіў спробу самагубства на фоне абвінавачання ў сувязях з Эпштэйнам4

На літоўска-беларускай мяжы лісы хацелі абакрасці арлана-белахвоста ВІДЭА2

У Маладзечне за адну раніцу абрынуліся два бетонныя казыркі ў пад'ездах аднаго дома2

На пасаду Улькі Пулькі знайшлі новую дзяўчыну. Мінулая сышла праз канфлікт13

У Аўстрыі навігатар завёў фуру беларуса ў пастку4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Якая логіка судоў за Гаюн? Мужчына, якога затрымлівалі па гэтай справе, апісаў убачанае23

Якая логіка судоў за Гаюн? Мужчына, якога затрымлівалі па гэтай справе, апісаў убачанае

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць