Грамадства77

Распрацоўшчык першага варыянта закона «Аб абароне правоў спажыўцоў»: Інфармацыя аб таварах мусіць быць або на дзвюх мовах, або на беларускай! 

Аляксандр Грыцай у канцы 1990-х — пачатку 2000-х працаваў загадчыкам аддзела абароны правоў спажыўцоў дзейнага тады Міністэрства прадпрымальніцтва і інвестыцый Беларусі. Менавіта ён з’яўляецца распрацоўшчыкам таго самага закона «Аб абароне правоў спажыўцоў», які дзейнічае і дагэтуль і ў які цяпер плануюць унесці змены. Дыскусія аб мовах, якія варта замацаваць у законе для давядзення інфармацыі аб таварах, паслугах і іх вытворцах, не пакінула аўтара першага варыянта дзейнага закона абыякавым, і ён вырашыў падзяліцца сваімі меркаваннямі з «Нашай Нівай».

«Я кадравы вайсковец, сам з Украіны, але паездзіў па шматлікіх вайсковых акругах былога Савецкага Саюза. Беларусь стала апошнім месцам маёй вайсковай службы. Тут я і застаўся пасля выхаду ў запас. Тады, у 1990-я, жыць нават на вайсковую пенсію было цяжкавата, таму, каб неяк утрымліваць сям’ю, гадаваць дзяцей, давялося шукаць нейкую работу. Вось і трапіў у Міністэрства прадпрымальніцтва і інвестыцый. Менавіта мне давялося ствараць аддзел абароны правоў спажыўцоў. У 2001 годзе ўзяўся за распрацоўку закона «Аб абароне правоў спажыўцоў». Папярэдні нарматыўны акт, які рэгуляваў гэтыя ўзаемадачыненні, быў зусім нязначны — літаральна некалькі старонак, і шмат якія пытанні там не былі акрэсленыя», — гаворыць Аляксандр Грыцай аб пачатку працы над законам, які з нязначнымі зменамі і дапаўненнямі дзейнічае і цяпер.

— А ці надавалася тады ўвага моўнаму пытанню?

— Па шчырасці, то не! Там было шмат іншых праблемаў. Ледзьве не кожны сказ даводзілася ўзгадняць з самымі рознымі ведамствамі, органамі мясцовай улады, а калі нехта прапаноўваў унесці альбо выкрасліць нейкае дадатковае слоўца ці паставіць коску, усё ўзгадненне пачыналася наноў. Наконт моўнага пытання тады мы папросту вырашылі перанесці фармулёўку з Канстытуцыі, якой прызнаныя ў якасці дзяржаўных моваў беларуская і расійская.

— Але ж цяпер, як Вы, напэўна, ведаеце, дзейнічаюць Тэхнічныя рэгламенты Мытнага саюза, якія патрабуюць на ўсіх таварах, што рэалізуюцца на тэрыторыі МС, абавязковай наяўнасці расійскай мовы, а нацыянальную мову краінаў-чальцоў МС трэба размяшчаць толькі пры наяўнасці такога патрабавання ў нацыянальным заканадаўстве. У Беларусі ж, паводле нашага заканадаўства, мову вытворцу можна абіраць: альбо расійская, альбо беларуская. І калі расійская — абавязковая, то выбар робіцца адназначным!

— Так! Гэта мяне і абурае! Я чытаю дыскусію, якая разгарэлася ў СМІ, і мяне не пакідае думка, што гэта наўмыснае выцісканне беларускай мовы з усялякага ўжывання.

Заканадаўчае раўнапраўе моваў трэба неадкладна аднавіць.

Пры гэтым выбар, лічу, павінен быць за спажыўцом. А значыць, яму трэба падаць інфармацыю на абедзвюх дзяржаўных мовах, а ён мусіць вырашаць, які варыянт яму зручней чытаць.

— Але ж некаторыя вытворцы сцвярджаюць, што размяшчэнне інфармацыі на дзвюх мовах зробіць іх тавары даражэйшымі.

— То няхай размяшчаюць на адной! Але гэтая адна павінна быць — беларуская! Насамрэч, я, калі ў 2001 годзе распрацоўваў гэты закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», то мусіў карэляваць яго і з расійскім заканадаўствам у гэтай сферы, і з законамі іншых краінаў СНД, з якімі нас звязвалі адпаведныя міждзяржаўныя дамовы. Таму такія ж законы ўсіх краінаў СНД я вывучыў дастаткова добра. І ва ўсіх краінах, што ўтварыліся на тэрыторыі былога СССР, у гэтай сферы абавязкова выкарыстоўваецца нацыянальная мова. А ўжо іншыя мовы вытворца можа дадаваць якія захоча ў адпаведнасці з ягонымі маркетынгавымі патрэбамі. Толькі ў Беларусі гэтак грэбліва ставяцца да сваёй мовы. Гэта ж наступствы адпаведнай палітыкі царызму і СССР, якая ажыццяўлялася ў нашай гісторыі. А цяпер Беларусь — незалежная дзяржава. І мы павінны нешта рабіць, каб вярнуць беларусам адабраную ў іх мову. Не будзе мовы — не будзе і народа такога! На тую ж казахскую мову і месца на пакунках знаходзіцца, і ні пра якое падаражанне пры гэтым ніхто не кажа, бо гэта папросту даўняе і звычайнае, лагічнае патрабаванне казахскага заканадаўства, а беларуская чамусьці некаму тут у нас упоперак горла ўвесь час становіцца!

— Як Вы лічыце, ці ўдасца беларусам абараніць сваю мову ў гэтай сферы?

— Я спадзяюся, што ўдасца. І гэта будзе вельмі важна! 

* * *

Дарэчы, на платформе «Зручны горад» сабрана больш за 4 тысячы подпісаў пад петыцыяй аб тым, каб у законе «Аб абароне правоў спажыўцоў» замяніць «или» на «и» паміж назвамі моваў, на якіх павінна даводзіцца інфармацыя аб таварах і паслугах ды аб іх вытворцах. Гэтая петыцыя накіраваная ў Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Як паведаміла «Нашай Ніве» дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім, станам на 18 студзеня да яе перасланыя копіі 20 зваротаў у Палату прадстаўнікоў аб абавязковым паданні інфармацыі аб таварах і паслугах на абедзвюх дзяржаўных мовах.

Пакуль праект закона ў парламент не паступаў, хаця графікам заканатворчай дзейнасці, які зацверджаны ўказам прэзідэнта, быў прадугледжаны яго разгляд дэпутатамі яшчэ ў снежні 2016 года. 

Каментары7

Цяпер чытаюць

Хто такі Мацвей Бяляй, якога нібыта дэпартавалі ў Беларусь? Расказваем гісторыю дзіўнага актывіста з падазроным мінулым1

Хто такі Мацвей Бяляй, якога нібыта дэпартавалі ў Беларусь? Расказваем гісторыю дзіўнага актывіста з падазроным мінулым

Усе навіны →
Усе навіны

Дзе ў Беларусі могуць пабудаваць новую АЭС?3

Дзясяткі аднолькавых аўтобусаў. Як звозілі людзей на канцэрты нявесткі Лукашэнкі12

Камунальнікі ў Іўі так абрэзалі дрэвы, што іх не адрозніць ад пальмаў4

Мігранты атакавалі польскіх памежнікаў. Сярод нападнікаў быў чалавек у беларускай форме11

«Нават мой сябар Пазняк мяне ўжо не папракае». Лукашэнка паразважаў пра беларускі нацыяналізм і ці хапае яго ў Беларусі99

Сёння — Вербная нядзеля ва ўсіх хрысціянскіх канфесій. У Свята-Духаў сабор выстраілася вялізная чарга10

У тыктоку паказалі падарункі ад слуцкага мясакамбіната да Вялікадня5

Раніцай Вербнай нядзелі расіяне ўдарылі дзвюма балістычнымі ракетамі па цэнтры Сум. Дзясяткі загінулых52

«Ідэолагаў шмат, а на гаспадарку паставіць няма каго». Лойка пракаментавала прызначэнне Караева8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто такі Мацвей Бяляй, якога нібыта дэпартавалі ў Беларусь? Расказваем гісторыю дзіўнага актывіста з падазроным мінулым1

Хто такі Мацвей Бяляй, якога нібыта дэпартавалі ў Беларусь? Расказваем гісторыю дзіўнага актывіста з падазроным мінулым

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць