Вялікая страсьць зрабіла Караджыча забойцам. Піша Міхаэль Мартэнс.
Вялікая страсьць зрабіла Караджыча забойцам. Піша Міхаэль Мартэнс.
Гэтая праўда пераўзышла самыя сьмелыя фантазіі. Каторы год гадалі-думалі, дзе ж ён, гэты самы расшукваны жыхар Балканаў. Мо ён таіцца ў чорнай рызе ў праваслаўным манастыры? Піша свае раманы ў манаскай рэспубліцы Атос на поўначы Грэцыі, у кельлі сэрбскага манастыра Хіландар, у вінным склепе якога ўсё яшчэ вісіць ягоны партрэт?
Не, казалі іншыя, ён у Расеі, у вёсцы на возеры Байкал, пад абаронай сібірскіх адлегласьцяў і крамлёўскай магуты. Альбо ён вядзе – гэткія вэрсіі выказваліся найчасьцей – неспакойнае, зацкаванае жыцьцё “лятучага чарнагорца” – выклятага, вечнага вандроўніка на перарэзаным горнымі цясьнінамі памежжы на сутыку Сэрбіі, кантраляванай сэрбамі Ўсходняй Босьніі ды ягонай роднай Чарнагорыі.
Адказ на гэтае пытаньне аказаўся такі празаічны, што яго можна нават лічыць арыгінальным. Хто б падумаў: найвядомейшы (калі не лічыць экс-генэрала Младзіча) уцякач ад Міжнароднага трыбуналу па ваенных злачынствах у Гаазе быў арыштаваны ў звычайным гарадзкім аўтобусе ў сэрбскай сталіцы, па дарозе з новазбудаванага мікрараёну Нові Београд у прадмесьце Батаніца.
Не хапала яшчэ толькі, каб на яго зьвярнулі ўвагу толькі таму, што ў яго не было білета! Але нельга і сказаць, што хаця б частка ўсіх ранейшых блытаных здагадак наконт месцазнаходжаньня Караджыча не была на нейкі момант часу слушнай, бо ўсё-ткі ён больш чым дзесяць гадоў хаваўся ад правасуддзя, і не праезьдзіў жа ён увесь гэты час ў грамадзкім транспарце Бялграду.
У той самы час нельга сказаць, ці сапраўды Караджыч “хаваўся” ўсе гэтыя гады, ці проста яго не шукалі. Магчыма, ён быў цягам гэтых гадоў сапраўды “схаваўшыся” ў Бялградзе – але магчыма, ён проста тамака жыў. Ва ўсякім разе, сьцьверджаньні сэрбскай спэцслужбы, маўляў, яна вось так, зусім нечакана выйшла на яго сьлед пасьля шматгадовых марных пошукаў, гучаць ня надта пераканаўча.
Адначасова няма падставаў меркаваць, што Караджыч добраахвотна здаўся пад ціскам новага ўраду. Калі б ён сам мог інсцэніраваць здачу, дык ягонае затрыманьне выглядала б больш бліскуча, адбылося б на большай сцэне, бо Караджыч любіў вялікі размах. Вось як, скажам, пасьля 26 лютага 1993 году, калі ў падземным гаражы Сусьветнага гандлёвага цэнтру ўзарваўся грузавік з выбухоўкай. У выніку гэтай генэральнай рэпэтыцыі падзеяў 11 верасьня 2001 году загінулі шэсьць чалавек, больш за тысячу былі параненыя.
Праз пару дзён пасьля тэракту, у сакавіку 1993 году, газэты ўсяго сьвету напісалі, што Радаван Караджыч, тагачасны палітычны правадыр басьнійскіх сэрбаў, адмовіўся ад усякай адказнасьці за гэты тэракт. Раней жа Караджыч, які ў якасьці прэзыдэнта басьнійскіх сэрбаў, знаходзіўся акурат у тыя дні ў Нью-Ёрку, папярэдзіў амэрыканцаў у сваім “Адкрытым лісьце да амэрыканскага народу”, што “трагічны і смутны тэрарыстычны ўчынак” ёсьць чарговым доказам беспасярэдняй небясьпекі замежнага ваеннага ўмяшаньня ў канфлікт у Босьніі і Герцагавіне.
Скіданьне амэрыканскай авіяцыяй гуманітарнай дапамогі над раёнамі Босьніі, што цярпелі ад сэрбскіх атакаў, ён пракамэнтаваў, заявіўшы, што гэтыя дзеяньні могуць ператварыць лякальны да таго басьнійскі канфлікт у агульнабалканскую, а мо і сусьветную вайну. Пасьля беспасьпяховых перамоваў у рамках ААН ён прыняў рэпарцёра “Нью-Ёрк Таймз” у сваіх гатэльных апартамэнтах на Мангэтане дый прадыктаваў журналісту сваю, агідна перакручаную вэрсію сытуацыі ў Сараеве: маўляў, сэрбы не асаджаюць Сараева, хаця можа так і выглядае. Яны толькі ахоўваюць сэрбскіх жыхароў басьнійскай сталіцы ад нападаў мусульманаў, на поўным сур’ёзе цьвердзіў Караджыч.
Аднак тая зацемка з 1993 году – гэта, насамрэч, нешта большае за зжаўцелую газэтную інфармацыю, бо яна ёсьць прынамсі адным з шматлікіх тлумачэньняў фэномэну Караджыча. Каб яго растлумачыць, трэба ўсьвядоміць, кім хацеў быць Караджыч перш, чым ён узышоў на правінцыйную сцэну басьнійскай палітыкі, рэпэртуару якой у першай палове 90-х судзілася выйсьці на вялікую сцэну палітыкі сусьветнай. У 80-х Караджыч доўга спрабаваў самасьцьвердзіцца ў інтэлектуальных гуртках тады яшчэ славутай сваёй культурнай разнастайнасьцю сталіцы Босьніі і Герцагавіны.
Ён хацеў, каб яго лічылі паэтам, але ніяк ня мог прабіцца на літаратурную сцэну Сараева. Ягоны паэтычны зборнік „Ludo koplje“ (Звар’яцелая дзіда) не прыцягнуў да сябе ўвагі. Толькі з распадам Югаславіі ягоны да таго прыгнечаны імпэт прабіў сабе дарогу. Басьнійская вайна стала праекцыяй яго экзальтаванай патрэбы ў тым, каб зь ім лічыліся; патрэбы, якую ён, праваліўшыся як творца, мог задаволіць цяпер у палітыцы.
Балазе, правілы гульні ў Босьніі тады вызначаў ніхто іншы, як Караджыч – сялянскі сын, перасяленец з Чарнагорыі, для якога басьнійская зямля і яе самабытнасьць засталіся нечым чужым. Ніхто не захацеў чытаць ягоныя вершы, а яго палітычны шэдэўр – асада Сараева – прынёс яму ўсясьветную вядомасьць. Гэта была вядомасьць, якой ён так даўно і марна прагнуў, якой жадаў, якой ён, на яго ўласную думку, заслугоўваў. Час помсты пераможцам мірнага часу павінен быў прынесьці невымоўнае задавальненьне такому чалавеку, як Караджыч, якога амаль усе назіральнікі апісваюць як надзвычай пыхлівую, пустую і самазакаханую асобу: маўляў, у Босьніі і Герцагавіне пад ягоным палітычным кіраўніцтвам людзей мардуюць тысячамі, але магутныя палітыкі сьвету хочуць дамаўляцца зь ім аб міры. Там дзе ён выступае, мільгаюць камэры і мікрафоны, сусьветна вядомыя часопісы прысьвячаюць яму свае асноўныя артыкулы.
Ён, Караджыч, на некалькі гадоў ператварае гэтую пэрыфэрыю сусьветнай палітыкі ў яе цэнтар, і насалоджваецца магчымасьцямі выказацца, як у чэрвені 1993 году ў Афінах, дзе яго з усімі цырымоніямі прымаў тагачасны правадыр грэцкай апазыцыі і пазьнейшы прэм’ер Андрэас Папандрэў: „Сёньня ў нас засталося толькі два сябры – грэкі і Бог, але гэтага нямала“, сказаў ён тады. Гэта – тыповае Караджычава выказваньне, адзін з шматлікіх патэтычных сказаў кепскага раману, якім было жыцьцё Караджыча.
Ёсьць і іншае выказваньне, якое яшчэ больш яскрава сьведчыць пра ягонае бачаньне самога сябе. У жніўні 1995 году за тры месяцы да заканчэньня вайны ў Босьніі і Герцагавіне, у інтэрвію адной швайцарскай газэце Караджыч заявіў: „Я не хачу параўноўваць сябе з Ісусам Хрыстом. Але яго таксама асудзіў увесь сьвет – хаця ён меў рацыю. Я таксама маю рацыю, я служу майму народу. Я мог бы ўцячы ў Эўропу, як псыхіятар я мог бы зарабіць там кучу грошай. Але я – патрыёт“.
У гэтай вайне Караджычу нарэшце ўдалося атрымаць тое, у чым яму было адмоўлена за часы міру – ён быў прызнаны сэрбскімі інтэлектуаламі, прынамсі іхным нацыяналістычным крылом, якое было расчараванае ў Мілошавічы, апантаным справай захаваньня ўласнай улады. Адным з інтэлектуалаў, чыйго сяброўства Караджыч шукаў і якое знайшоў, быў бялградзкі пісьменьнік Брана Црнчэвіч, вядомы сваімі бліскучымі афарызмамі і нацыяналістычным цынізмам. У ягонай кнізе афарызмаў “Дзяржэкзамэн” ёсьць адное выказваньне, якое, лічы, на чале напісанае ў Караджыча і яму падобных - “Прагны ўлады графаман горшы за ахвочага да пісьменьніцтва ўладара”.
Пераклаў зь нямецкай зь нязначнымі скарачэньнямі Сяргей Богдан паводле “Франкфуртэр альгемайнэ цайтунг”

Каментары