На сайце зусім новай Акадэміі Астрагорскага прапанаваны адукацыйны курс Алеся Краўцэвіча «Вялікае Княства Літоўскае ў еўрапейскай і беларускай гісторыі».

Важна, што відэакурсы па беларускай гісторыі з’яўляюцца ў сеціве. Аўтар трох з іх — Алесь Краўцэвіч.

Вось другая лекцыя, тэма якой — выясніць, чыёй дзяржавай было ВКЛ. Краўцэвіч прызнае, што гэта — навукова некарэктная пастаноўка пытання і прапануе замяніць яе іншай: развіццю якога этнасу аб’ектыўна спрыяла ВКЛ? Інтанацыйна вылучаныя лектарам словы «аб’ектыўна спрыяла» тлумачаць інтэлектуальны падтэкст гэтага разважання. З той жа інтанацыяй Адам Залескі ў канцы 1980-х даводзіў, што Рагнеда «аб’ектыўна» была рэакцыянеркай і таму не вартая месца ў нацыянальным пантэоне.

Такая аб’ектыўнасць пазбаўляе суб’ектнасці людзей мінуўшчыны, накідвае на даступныя нам крыніцы сучасныя ўяўленні і каштоўнасці і нічога не паведамляе пра логіку грамадскай прасторы. Яна не задаецца пытаннем, як яны бачылі свет, як арганізоўвалі свае сацыяльныя ўзаемадзеянні, на якіх прынцыпах аб’ядноўваліся.

Напрыклад, побач з аб’ектыўнасцю знаходзіцца паняцце этнасу, пазычанае з савецкае этналогіі 1970-х. Правамернасць гэтага паняцця дыскутавалася ў беларускай прафесійнай перыёдыцы, але крытыка мала паўплывала на ўжыванне яго сярод гісторыкаў. Многія ўсё яшчэ мяркуюць, што этнас — аб'ектыўна існуючая рэчаіснасць, амаль што біялагічная дадзенасць. Між тым, у ХХ стагоддзі гістарычная дысцыпліна патраціла шмат высілкаў, каб звярнуць увагу на сацыякультурную прыроду этнасу (ці, хутчэй, этнічнасці). Этнас не можа быць аддзелены ад грамадскіх адносін і ў гэтым сэнсе з'яўляецца «штучнай» канструкцыяй. Тое тычыцца і шэрагу іншых выпадкаў, напрыклад, дыскусійнага паняцця «раннефеадальная дзяржава». Якраз пра гэта, — пра тэрміналагічныя ды канцэптуальныя дыскусіі, новыя падыходы — і хацелася б паслухаць на акадэмічных гістарычных курсах.

Гэты падыход зацямняе многія праблемы. Як людзі таго часу разумелі сваю прыналежнасць да груп? Ці такой важнай для іх была мова, на якой яны размаўлялі? Магчыма, сацыяльны статус быў абумоўлены іншымі фактарамі, не этнічнасцю? Напрыклад, прафесіяй? У нейкі момант такога «распытвання» можа высветліцца наступная неспадзяванка: можа быць, «этнасы» савецкай навукі — як русь, літва ці ятвягі, — былі першапачаткова не «гістарычна складзенымі супольнасцямі, аб’яднанымі адзінствам паходжання, мовы, матэрыяльнай культуры, саманазвай», а прафесійнымі групоўкамі з пэўнай практычнай функцыяй?

Вялікую ролю аўтар курсу надае паняццю цывілізацыі — яшчэ адной абстракцыі. Сёння яно ўжываецца ў гуманітарных навуках хутчэй з асцярогай (калі наогул ужываецца; варта пачытаць пра гэта, напрыклад, у апошняй кнізе Віталя Сіліцкага «Доўгая дарога ад тыраніі», які наўпрост адмаўляецца падзяліць скандальную некалі «цывілізацыйную аргументацыю Хантынгтана» у кантэксце сваёй тэмы). У той жа час у постсавецкіх краінах паняцце «цывілізацыя» мае ідэалагічную функцыю. Існуе думка, што «цывілізацыйны падыход» у постсавецкай гуманітарыстыцы прыйшоў на змену марксізму-ленінізму і функцыянальна замяніў навуковы камунізм, бо меў на мэце абгрунтаванне спецыфікі рускага гістарычнага шляху.

Гэтую логіку можна ўбачыць у беларускім падручніку па грамадазнаўстве для 9 класа (2009 год). Прывёўшы азначэнне цывілізацыі, заснаванае на працах Тойнбі, аўтары падсумоўваюць сутнасць цывілізацыйнага падыходу: «Розныя народы, кожны з адметнай культурай ці цывілізацыяй, праходзяць свой, самабытны шлях гістарычнага развіцця». Адсюль лагічна вынікаюць і «беларуская мадэль», і рускія «скрэпы».

Як аб’ектыўнасць і этнас, паняцце цывілізацыі не дапускае іншай оптыкі. Але ці сапраўды цывілізацыйны выбар разумеўся ў тагачасным ВКЛ так, як падае Краўцэвіч? Ці людзі ў эпоху Вітаўта баяліся страціць сваю ідэнтычнасць праз ісламізацыю Захаду? Ці не было іншых сцэнарыяў перажывання культурнай разнастайнасці? Як растлумачыць у такім кантэксце Луцкі з’езд, у цырымоніях якога на роўных бралі ўдзел праваслаўныя, каталікі і мусульмане?

Тое самае адбываецца з паняццем «раннефеадальнай дзяржавы» (і звязанай з ім «феадальнай раздробленасцю»), якое ўжываецца Краўцэвічам без дадатковых тлумачэнняў. Але як гэта выглядала ў практыцы таго часу? Ці было Вялікае Княства дзяржавай у сучасным сэнсе? Як было арганізаванае літоўскае грамадства? Напрыклад, ці існавалі ў ВКЛ уяўленні аб палітыцы, эканоміцы, вайне як самастойных галінах жыцця? У чым былі асаблівасці сацыяльнага ўяўлення, пашыранага ў гэтым грамадстве? Напрыклад, як змянялася роля рэлігіі? Усе гэтыя пытанні ў курсе не ставяцца, бо ў іх няма патрэбы: хуткія адказы прапануе мімаходзь памянёная «раннефеадальная дзяржава».

У канкрэтных сюжэтах часта прапануюцца састарэлыя тлумачэнні, хоць існуюць вельмі цікавыя новыя ідэі.

Як, напрыклад, паўстала ВКЛ? Краўцэвіч нічога не кажа пра значэнне Русі як рамкі для палітычнага дзеяння «літвы». Такая гіпотэза вылучаная ў новым курсе гісторыі «Паўночнай Еўразіі» (падрыхтаваны часопісам «Ab Imperio»). Аўтары курсу мяркуюць, што першапачатковы імпульс для фарміравання ВКЛ дало ўключэнне «літвы» ў палітычную сістэму Рускай зямлі ў ХІ стагоддзі.

Ніяк не звяртаецца Краўцэвіч і да пазнейшае інтэлектуальнай традыцыі праваслаўнай эліты (Літоўскай) Русі (якая ўяўляла Вільню як прамую наследніцу Кіева). А гэта надзвычай насычаны і багаты сюжэт, які дае магчымасць практычна зразумець складанасць культурнай прасторы.

Праігнараваўшы гэтыя і іншыя сюжэты гісторыі Літвы, Краўцэвіч упусціў магчымасць паказаць гістарычную дынаміку ва ўсім яе багацці і з новай перспектывы, адысці ад простага пераказу крыніц і класічных даследаванняў.

Курс вельмі просты, на мяжы з трывіяльнасцю. Калі супаставіць, аказваецца, што сутнасна лекцыі ў Акадэміі Астрагорскага адрозніваюцца ад серый «Пад знакам Пагоні» і «Загадкі беларускай гісторыі», якія гісторык рабіў раней на тэлеканале «Белсат», толькі адсутнасцю драматычнай фонавай музыкі. Між тым тэлеперадача і акадэмічная лекцыя — гэта розныя жанры. Лекцыі Краўцэвіча папросту не адпавядаюць акадэмічным стандартам. Бракуе арыгінальнасці думкі, не прадстаўленыя новыя погляды ці незвычайныя назіранні — гэта проста пераказ, нават пералік падзей палітычнай гісторыі ВКЛ. Лекцыі з’яўляюцца прамалінейным узнаўленнем тых канструкцый і наратываў, што былі прынятыя маладой беларускай гістарыяграфіяй у канцы 80-х. Натхнёныя перабудовай і афармленнем нацыянальнай дзяржавы, беларускія гісторыкі бачылі сваю задачу ў тым, каб хутка выпрацаваць нацыянальную канцэпцыю гісторыі Беларусі. Яна адпавядала духу часу, але наўрад ці яна можа быць актуальная праз чвэрць стагоддзя.

Уважлівае канспектаванне гэтага курсу Акадэміі Астрагорскага дапаможа школьнікам здаць гісторыю Беларусі на высокі бал (адно што мала хто са школьнікаў зразумее, хто такія «летувісы», бо лектар нідзе не тлумачыць, што ён называе насельніцтва сучаснай Літвы). Але калі школьныя ўрокі гісторыі для вас ужо ў мінулым, спазнаваўчая якасць такога курса будзе да роспачы малой для беларусаў другога дзесяцігоддзя ХХІ ст. Курс Краўцэвіча не ставіць складаных пытанняў і не разважае за межамі падзелу на сваё і чужое.

Некаторыя праблемы тэарэтычнага кшталту ўласцівыя беларускай гістарыяграфіі наогул, незалежна ад таго, якога ідэалагічнага кірунку трымаюцца аўтары. Гэта вынік моцнай залежнасці ад традыцый савецкай гістарычнай навукі. Нацыянальная гістарычная канцэпцыя, распрацаваная ў 1990-1991 гадах, мела супярэчлівы падмурак: ён уключаў як запазычанні (інтэрпрэтацыі) з твораў 1860—1920-х гадоў, так і рудыменты савецкай традыцыі (паняцці, метады, матывацыі).

Гэтая супярэчнасць — ключавы сюжэт тэарэтычнага парадку ў гістарычных лекцыях Акадэміі Астрагорскага.

Гістарычны курс Краўцэвіча — адбітак трансфармацыі постсавецкай вучонасці. Спарадычныя спасылкі на заходніх тэарэтыкаў мінулага стагоддзя (у першай лекцыі чуюцца матывы з Тойнбі, але яго не называюць; пазней наўпрост упамінаецца Фернан Брадэль), пік папулярнасці якіх у рускамоўнай прасторы прыпаў на першае постсавецкае дзесяцігоддзе, толькі акцэнтуюць, у якой эпосе застаецца жыць беларуская гістарычная навука. Да гэтага дадаюцца цытаты з мясцовых аўтараў — Падокшын, Любаўскі, Кужова.

Цікава заўважыць асаблівасць спісу літаратуры да кожнай лекцыі ў электронным падручніку: у кожным, акрамя аднаго, абавязкова прысутнічае праца (часцей нават некалькі) самога Алеся Краўцэвіча. Такі прынцып складання бібліяграфіі глыбока скажае ўяўленне пра парадак дня гістарычнай навукі, у якім тэксты Алеся Краўцэвіча не займаюць так шмат месца, як гэта міжволі ўнушаецца ўдзельнікам гэтага курсу.

Дыскусіі гісторыкаў апошніх дзесяцігоддзяў не адбіліся на курсе ніяк. Няма ў ім спасылак на працы Аляксея Кібіня, або на вышэйпамянёны гістарычны курс часопіса «Ab Imperio», або нават на шматлікія перакладныя працы па тэме, апублікаваныя выдавецтвам «ARCHE» (з нядаўніх можна назваць працы Стывена Роўэла і Артураса Дубоніса). Як прыклад найноўшай думкі, Краўцэвіч рэкламуе ўласную «біэтнічную» канцэпцыю ўтварэння ВКЛ, распрацаваную ім у канцы 1990-х. Канцэпцыя была ўспрынятая іншымі гісторыкамі неадназначна; ідэя «прымірыць» беларусаў і літоўцаў у «вайне памяці» вакол ВКЛ гучала занадта кан'юктурна, а шэраг аргументаў — нацягнута.

На нашую думку, гістарычная прапанова Акадэміі Астрагорскага пакуль не вытрымлівае канкурэнцыі з аналагамі (такімі, як лекцыі МІТ (Масачусецкага інстытута тэхналогій) ды многіх іншых прэстыжных універсітэтаў, што даступныя ў сеціве або на спецыялізаваных платформах, напрыклад, edX ці расійская «Постнаука»).

Калі прафесарка Ельскага ўніверсітэта Фрыман чытае лекцыю пра Амерыканскую рэвалюцыю, можна быць упэўненым, што гэтая лекцыя выконвае адзін з галоўных прынцыпаў дыдактыкі — прынцып навуковасці, г.зн. адпаведнасць тым самым акадэмічным стандартам.

Калі Краўцэвіч абяцае растлумачыць ролю ВКЛ у еўрапейскай гісторыі, цяжка пазбыцца адчування, што ў тлумачэнні няма навукі — толькі стэрэатыпізаваныя міфалогіі (напрыклад, «шчытом Еўропы» сябе ўяўлялі вельмі многія, ад Харватыі да Расіі; тое самае тычыцца ідэі «моста цывілізацый»), хрэстаматыйныя штампы і проста лагічныя памылкі.

Ідэю Акадэміі Астрагорскага трэба вітаць — гэта крок, хоць і зусім маленькі, да стварэння незалежнага ад дзяржавы ўніверсітэта. Але чаго хочацца ад наступных відэакурсаў па беларускай гісторыі? Змястоўных высноў (у курсе Алеся Краўцэвіча па гісторыі ВКЛ высновы, на жаль прадстаўленыя адным сказам). Хочацца таксама і разнастайных поглядаў, небанальных назіранняў, новых кантэкстаў, акадэмічнай грунтоўнасці (тэарэтычныя паняцці — гэта важна і складана, але не страшна: нават і яны могуць выкладацца даступна ды захапляльна).

Гэта ўсё мае значэнне, бо наўрад ці сучаснае грамадства можа паспяхова развівацца без адэкватных гуманітарных навук. Таму няможна абапірацца на ўлюбёны аргумент у такіх спрэчках — «спярша пабудуем нацыю». Немагчыма спрыяць далучэнню беларусаў да прасторы еўрапейскай ці сусветнай сучаснасці, эксплуатуючы штампы, ізалюючыся ад знешніх дыскусій. Бо нацыя — гэта найперш прастора салідарнасці і прынцыпы грамадзянства, і яны хутчэй будуць жывіцца сумленным навуковым пошукам, чым стандартамі нацыянальнай агітацыі 1910-х гадоў.

Таму важна, каб беларуская гістарыяграфія не баялася інтэлектуальных дыскусій. Каб у ёй было менш «сымон-музыканцтва». Здаецца, ад гэтага выйграюць усе: стане цікавейшай прафесія, жывейшай публічная сфера, больш сучаснай — магчымая нацыя.

* * *

Антон Лявіцкі нарадзіўся ў 1993 у в. Палянінавічы (Быхаўскі раён, Магілёўская вобласць). Скончыў гістфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, цяпер вучыцца ў аспірантуры ў Нямеччыне (Graduate School for East and Southeast European Studies Мюнхенскага ўніверсітэта). 

Паўліна Скурко нарадзілася ў 1991 у Менску. Скончыла гістфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і магістратуру Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, цяпер вучыцца ў аспірантуры ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?