Грамадства

Беларус вылучаны на Нобэлеўскую прэмію

У сьпісе намінантаў на Нобэлеўскую прэмію міру – праваабаронца Алесь Бяляцкі.

У сьпісе намінантаў на Нобэлеўскую прэмію міру – праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Беларусы доўгі час марылі пра Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры, але можа так стацца, што мершым беларускім Нобэлем будзе прэмія міру. Прынамсі, сёлета беларус апынуўся ў шорт-лісьце кандыдатаў. Гэта праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Сьпіс патэнцыйных кандыдатаў штогод публікуецца Міжнародным інстытутам дасьледаваньняў міру (МІДМ), што месьціцца ў сталіцы Нарвэгіі Осла.

МІДМ падкрэсьлівае непацьверджанасьць сваіх зьвестак, але, як удалося даведацца «Нашай Ніве» з крыніцаў у парлямэнце Нарвэгіі, кандыдатуру Алеся Бяляцкага сапраўды прапанавала група дэпутатаў ад розных партыяў.

МІДМ працуе ў тым самым горадзе, што й Нобэлеўскі камітэт, але фармальна яны ніяк не зьвязаныя. Дырэктар МІДМ штогод на просьбу журналістаў публікуе свае нобэлеўскія прыкідкі.

У вылучэньні А.Бяляцкага няма нічога дзіўнага. Нарвэгія зь цікавасьцю й сымпатыяй прыглядаецца да Беларусі. У красавіку прэм’ер-міністар гэтай краіны прыняў лідэра беларускага дэмакратычнага руху Аляксандра Мілінкевіча.

Сам Алесь Бяляцкі сёлета атрымаў у Нарвэгіі праваабарончую прэмію імя Сахарава, а ў Чэхіі з рук Вацлава Гаўла – прэстыжную прэмію «Homo homini» («Чалавек чалавеку»). «Гэта было нечакана для мяне, прычым, вось супадзеньне, пра абедзьве прэміі мне паведамілі ў той самы дзень, хоць рашэньні прымаліся абсалютна незалежна», – кажа А.Бяляцкі.

У Беларусі А. Бяляцкі атрымаў толькі адну прэмію, і тую аж у 1990 годзе. То была прэмія часопісу «Маладосць» за цыкл літаратуразнаўчых публікацый.

Алесь Бяляцкі стварыў адну з самых значных праваабарончых арганізацый Беларусі – праваабарончы цэнтар «Вясна». Ён узначальваў «Вясну», пакуль яе не забаранілі з пазову Міністэрства юстыцыі. Праца ў «Вясьне» зрабіла яго цэнтральнай фігурай супольнасьці няўрадавых арганізацый і апазыцыйнага руху. Два дзясяткі разоў яго судзілі. Пры наданьні А.Бяляцкаму прэміі Сахарава Нарвэскі Хельсынскі Камітэт спэцыяльна падкрэсьліў адсутнасьць у яго палітычных амбіцыяў. Сапраўды, нават па месцы свайго нараджэньня (Карэлія, куды саветы вывезьлі ягоных бацькоў на працы) А.Бяляцкі паводле беларускага заканадаўства ня можа прэтэндаваць на прэзыдэнцкую пасаду.

Але меркаваньне МІДМ і намінацыя – усяго толькі меркаваньне і намінацыя. Шанцы А.Бяляцкага нарвэскія экспэрты лічаць невялікімі.

Той самы МІДМ называе самым імаверным прэтэндэнтам на сёлетнюю ўзнагароду Марці Ахтысаары. Былы прэм’ер-міністар Фінляндыі, цяпер ён узначальвае «Антыкрызысную ініцытыву» – недзяржаўную арганізацыю, якая ажыцьцяўляе пасярэдніцтва ў міждзяржаўных канфліктах. Ён можа разьдзяліць прэмію з прэзыдэнтам Інданэзіі Сусіла Бамбангам Юдхаёна. Разам яны прыйшлі да мірнага вырашэньня задаўненага крывавага канфлікту ў інданэзійскай правінцыі Ачэх.

Вялікія шанцы мае і Карла дэль Понтэ, кіраўніца Міжнароднага трыбуналу па былой Югаславіі. Прэстыжныя нарвэскія прэміі ў апошнія гады атрымлівалі Рэбія Кадыр – актывістка уйгурскага нацыянальнага руху, што сядзіць у кітайскай турме, Ліда Юсупава чачэнская адвакатка, што абараняе ахвяраў вайны. Ужо некалькі гадоў трымаюцца ў сьпісе прэтэндэнтаў ірацкі духоўны лідэр аятала Сыстані, міжнародная арганізацыя «Уратаваць дзяцей». Ёсьць на алоўку і такія яркія фігуры, як вэнэсуэльскі прэзыдэнт Уга Чавэс.

Выбар ляўрэата ажыцьцяўляе камітэт у складзе пяці чалавек, якія дэлегуюцца рознымі партыйнымі фракцыямі парлямэнту. Да гэтага пытаньня нарвэжцы ставяцца як да справы нацыянальнага гонару.

Карупцыі ў Нарвэгіі практычна няма, а дабрачыннасьць у гэтай пратэстанцкай краіне (самай багатай па ВУП на душу насельніцтва ў сьвеце) узьведзеная ў ранг нацыянальнай традыцыі. Таму Нобэлеўскі камітэт вінавацяць у горшым выпадку ў палітызаванасьці выбару. Часам яна наўмысная.

Прэмію ў свой час атрымалі Нэльсан Мандэла – лідэр руху барацьбы з апартэідам, Андрэй Сахараў (1975) – самы вядомы з савецкіх дысыдэнтаў, Лех Валэнса (1983) – лідэр польскай «Салідарнасьці», кіраўніца бірманскай апазыцыі Су Джы ці яшчэ кіраўнікі вызваленчага руху Ўсходняга Тымару. Камусьці зь іх гэтае найвышэйшае сусьветнае прызнаньне дапамагло захаваць свабоду, камусьці – нават жыцьцё. Яшчэ дзесьці гэта дапамагло ўнікнуць крыві – галоўная задача прэміі.

Часам Нобэлеўскі камітэт кіруецца больш тонкімі меркаваньнямі. Гэтак, летась прэмія нечакана знайшла Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі і яго дырэктара Махамэда аль-Барадэя. Такі выбар антыядзерныя актывісты моцна крытыкавалі. Аднак яго можна зразумець. Разьвіцьцё, а мо й выжываньне чалавецтва залежыць ад пасьпяховасьці кантролю за распаўсюджваньнем атамнай зброі – далікатнай задачы МАГАТЭ. Каб аль-Барадэй меў больш вагі на міжнароднай арэне, адчуваў сябе больш незалежна і кіраваўся толькі найвышэйшымі інтарэсамі чалавецтва, яго адзначылі Нобэлем. Да таго ж, гэта было сымбалічна для арабскага сьвету (аль-Барадэй – эгіпцянін).

Дагэтуль ніводзін беларус не атрымліваў прэстыжнай узнагароды. Ураджэнцы Беларусі – Ахарон Клуг (хімія), Сайман Сьміт Кузьнец (эканоміка), Жарэс Алфёраў (фізыка), Мэнахем Бэгін і Шымон Пэрэс (мір) – але не грамадзяне краіны.

У свой час Сяргей Дубавец пісаў, што атрыманьне Нобэлеўскай прэміі было б важным для ўмацаваньня нацыянальнага гонару беларусаў. Прэмія праваабаронцу, несумненна, была б таксама штуршком для палітычнай сьвядомасьці беларусаў.

Нобэлеўскія прэміі

прысуджаюцца Швэдзкай акадэміяй. Усе, акрамя адной — Прэміі міру. Права ганараваць ёю маюць нарвэгі. Рэч у тым, што на час заснаваньня прэміяў мільянэрам Альфрэдам Нобэлем Нарвэгія ўваходзіла ў саюз з Швэцыяй, а калі дабілася незалежнасьці — «саюзную маёмасьць», у тым ліку духоўную, падзялілі па справядлівасьці.

Як вылучаюць на Нобэля?

Права вылучаць на Нобэлеўскую прэмію міру маюць парлямэнтарыі і прафэсары ўнівэрсытэтаў. Заяўкі надыходзяць штогод да 1 лютага. Сябры Нобэлеўскага камітэту маюць права далучаць дадатковыя заяўкі пасьля гэтай даты, але да свайго першага паседжаньня пасьля сканчэньня падачы намінацый. Сьпіс намінантаў не абвяшчаецца. Нобэлеўскі камітэт просіць і тых, хто вылучае, захоўваць таямніцу. Аднак не заўжды так выходзіць. Вядома толькі, што ўсяго на Нобэлеўскую прэмію 2006 году вылучаны 191 прэтэндэнт.

Алесь Бяляцкі

Нар. 1962, Карэлія. Бацькі паходзяць з-пад Нароўлі (маці), Рагачова (бацька). У нацыянальным дысыдэнцкім руху ад 1980. Паводле прафэсіі літаратуразнаўца. З 1996 — праваабаронца. Стварыў і ўзначаліў Праваабарончы цэнтар «Вясна», які пазьней быў зачынены Міністэрствам юстыцыі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Пуцін: Еўрапейскія падсвінкі спадзяваліся пажывіцца на развале Расіі67

Пуцін: Еўрапейскія падсвінкі спадзяваліся пажывіцца на развале Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША і краіны Еўропы падрыхтавалі прапановы плана падтрымкі Украіны пасля вайны1

Навукоўцы даказалі марнасць інтэрнэт-спрэчак: ніхто не мяняе думку, а вынікі не рэпрэзентуюць большую частку грамадства20

Навуковец папярэдзіў пра схаваныя рызыкі для здароўя ад бутыляванай вады1

Сэрвіс Kolobike пачаў распрадаваць свае ровары. Кампанію чакае рэарганізацыя ці ліквідацыя2

Дачка міністра Маркава абвінаваціла Павука ў планаванні серыі тэлефонных тэрарыстычных атак падчас УНС13

З'явілася першае ФОТА Паўла Севярынца пасля вызвалення18

Суд у Екацярынбургу палічыў, што расійскую армію дыскрэдытуе верш Маякоўскага стогадовай даўніны2

Футбаліста, які асуджаў гвалт у 2020‑м і напад на Украіну, прымусілі за гэта каяцца1

Пазняк пра Бабарыку і Калеснікаву: Ніякая турма не пераробіць такіх102

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін: Еўрапейскія падсвінкі спадзяваліся пажывіцца на развале Расіі67

Пуцін: Еўрапейскія падсвінкі спадзяваліся пажывіцца на развале Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць