
Суд Шаркаўшчынскага раёна прысудзіў 40-гадовую жанчыну да 1 года і 9 месяцаў папраўчых прац за замах на махлярства. Жанчына хлуснёй выманьвала ў людзей грошы нібыта на аплату пахавання і рытуальных тавараў для памерлых сваякоў. Пра гэта паведамляе прэс-служба суда.
Жанчыну абвінавачвалі ў тым, што з лютага па сакавік яна падманам атрымала і спрабавала атрымаць грошы і маёмасць нібыта на пахаванне і рытуальныя тавары для памерлых блізкіх сваякоў. Вядома, што жанчына пражывала ў Мінскай вобласці, але «працавала» ў суседняй Віцебскай, адкуль сама родам.
Усяго фігурантка разлічвала атрымаць 800 рублёў ад дзевяці чалавек. Але некаторыя адмовілі, у выніку каштоўнасцяў на 510 рублёў пазбавіліся сямёра. Пасля жанчына так і не кампенсавала людзям шкоду.
Змякчальнай акалічнасцю суд прызнаў поўнае прызнанне віны. Абцяжваючым стаў той факт, што злачынства было здзейснена ў стане алкагольнага ап'янення.
Жанчыну прызналі вінаватай у замаху на махлярства і прысудзілі да 1 года і 9 месяцаў папраўчых работ. Акрамя таго, суд вырашыў прымяніць прымусовыя меры бяспекі і лячэння ад алкагалізму па месцы жыхарства.
Каментары