Гісторыя

Транты, цымэс, цуцык: што нам засталося ад цывілізацыі ідыш

Сто гадоў таму мова ідыш гучала на вуліцах і кірмашах, у бібліятэках і народных судах, крамах і майстэрнях. На ёй размаўлялі яўрэйскія «балаголы», якія вазілі грузы па беларускіх дарогах, кантрабандысты і дэлегаты савецкіх з’ездаў. На ёй гучалі лекцыі прафесараў і рэвалюцыйныя лозунгі, ставіліся тэатральныя п’есы, выдаваліся газеты, а ў жніво па наваколлі разліваліся песні працаўнікоў яўрэйскіх калгасаў. Усё гэта цяпер знікла — скончылася цэлая «цывілізацыя ідыш». Піша доктар гісторыі Андрэй Замойскі.

У 1980-я гады на летніх канікулах, як і многія савецкія школьнікі, я быў у вёсцы, якой цяпер ужо не існуе. Чарнобыль знішчыў гэтыя чачэрскія паселішчы, гісторыя якіх налічвала сотні гадоў: Шапатовічы, Сябровічы, Дудзічы. Прадзед Сцяпан, надакучваючы мне сваімі пытаннямі, цікавіўся пра прозвішчы маіх яўрэйскіх аднакласнікаў. Падчас адной з нашых размоў ён запрапанаваў навучыць мяне лічыць «па-яўрэйску»: «Эйн, цвэй, дрэй». Дзіўна, навошта гэта мне? Што за карысць у незразумелых словах, вельмі падобных да нямецкіх? Толькі пазней я даведаўся, чым была выклікана яго зацікаўленасць. У 1930-я гады мой прадзед не ўступіў у калгас, бо яму забараніў гэта рабіць бацька, зямлю ў яго канфіскавалі, а сям’я ратавалася рыбалоўствам на Сажы. Рыбу збывалі праз знаёмых гандляроў-яўрэяў на рынку ў Гомелі. «Яўрэйская мова» прадзеда складалася з невялікай колькасці фраз на ідыш, якія дапамагалі яму ў «дзелавых адносінах».

Ідышланд

Рассеяныя па ўсім свеце з часоў антычнага Рыму, яўрэі заўсёды пераймалі мову суседзяў, але адначасова зберагалі (хоць і толькі для сакральных патрэб) іўрыт — мову сваіх святарных тэкстаў і набажэнстваў.

У Сярэднявеччы ў Вялікае Княства Літоўскае яўрэі прынеслі з сабой ідыш, дыялект паўночнанямецкай мовы. Ёй карысталіся ў штодзённым жыцці яўрэі Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы, Смаленшчыны. Гэтую тэрыторыю неафіцыйна называлі яшчэ «Ідышландам», бо тут яўрэй-падарожнік мог звярнуцца на роднай мове і знайсці прытулак у любым мястэчку. Яшчэ да Першай сусветнай вайны ідыш стаў літаратурнай мовай. Дзякуючы ўраджэнцу Капыля Мендэле Мойхер-Сфарыму і іншым яўрэйскім пісьменнікам (Шолам-Алейхему, Іцхаку-Лейбу Перэцу) ён больш не ўспрымаўся толькі як простая гаворка «яўрэйскай вуліцы».

Сярод іншага ідыш шырока выкарыстоўваўся ў палітычнай барацьбе яўрэяў Расійскай імперыі. Сябры сацыялістычнай партыі Бунд адстойвалі правы працоўных і неабходнасць культурнай аўтаноміі для яўрэяў, пры якой сярод іншага атрымала б поўныя правы і мова ідыш. З другога боку, паралельна развіваўся сіянісцкі рух з ідэямі перасялення яўрэяў у Палесціну і адраджэннем як размоўнай мовы іўрыт.

Сіяністы ўспрымалі ідыш не як нацыянальную каштоўнасць, а як непатрэбнага канкурэнта іўрыту.

Падчас рэвалюцыйных пераўтварэнняў 1917 года ў гарадах і мястэчках Беларусі разгарнулася актыўная барацьба паміж рознымі палітычнымі партыямі і рухамі. Аднак неўзабаве палітычны плюралізм быў задушаны савецкай уладай.

 Універсальны магазін у Мінску. Канец 1920-х гадоў. Фота з архіваў БДАКФФД.

З апорай на яўсекаў

З першых гадоў сваёй улады бальшавікі намагаліся саветызаваць насельніцтва, у тым ліку і яўрэяў. Камуністычная партыя вяла бязлітасную барацьбу супраць іўдаізму, незалежных яўрэйскіх арганізацый, партый і рухаў, сіянізму, а таксама мовы іўрыт.

Гэта стала цяжкім ударам па традыцыйнай яўрэйскай рэлігійнай адукацыі і культуры. Улада выкарыстоўвала супрацоўнікаў яўрэйскіх секцый партыі («яўсекаў»), якія зачынялі сінагогі і традыцыйныя школы (хедары і іешывы), ваявалі супраць звыклых правілаў штодзённага жыцця, што рэгуляваліся нормамі іўдаізму (кашрут).

З другога боку, улада ўзяла курс на так званую ідышызацыю — пашырэнне ролі ідышу ў розных сферах грамадскага, культурнага і навуковага жыцця.

У межах савецкай нацыянальнай палітыкі 1920-х гадоў яўрэі атрымалі права свабоднага карыстання сваёй роднай мовай.

Латарэйны білет Таварыства па зямельным упарадкаванні працоўных яўрэяў у СССР з надпісамі на чатырох мовах.

У пачатку 1920-х гадоў яўрэі складалі каля 8% насельніцтва Савецкай Беларусі. Пры гэтым у гарадах працэнт яўрэйскіх жыхароў быў каля 40%, а ў некаторых мястэчках даходзіў да 70—90.

Ідыш ведала пераважная колькасць яўрэяў Беларусі — амаль 90%. Таму няма нічога дзіўнага, што ў гады новай эканамічнай палітыкі (НЭП) Беларусь стала найбуйнейшым цэнтрам вышэйшай адукацыі і навукі на мове ідыш. На педагагічным факультэце БДУ ў Мінску дзейнічала яўрэйскае аддзяленне, дзе выкладалі вядомыя беларускія і яўрэйскія навукоўцы. Па ўсёй БССР была створана сетка яўрэйскіх аддзяленняў пры інстытутах сацыяльнага выхавання і прафесійнай адукацыі. Ствараліся яўрэйскія педагагічныя, рабочыя і сельскагаспадарчыя тэхнікумы. У Мінску, Віцебску і Гомелі рыхтаваліся настаўнікі для савецкіх школ на ідыш, выкладчыкі палітычных курсаў. У 1920-я гады Беларусь была пакрыта густой сеткай савецкіх яўрэйскіх школ і яўрэйскіх клубаў.

Дзейнічалі два дзяржаўныя яўрэйскія тэатры ў Мінску і Віцебску. Пры Інстытуце беларускай культуры (пазней на яго аснове была створана Акадэмія навук) дынамічна развіваўся яўрэйскі аддзел. На ідыш пісалі літаратары Ізі Харык, Мойшэ Кульбак, Зэлік Аксельрод. Яўрэйскае насельніцтва БССР карысталася бібліятэкамі, якія камплектаваліся літаратурай на ідыш. Выдаваліся газеты і часопісы на гэтай мове, хоць за іх зместам пільна сачылі яўрэйскія секцыі.

Студэнты яўрэйскага сельскагаспадарчага тэхнікума на палявых работах у яўрэйскім калгасе «Шлях да сацыялізму» падчас летняй практыкі (канец 1920-х — пачатак 1930 гадоў). Фота з архіваў БДАКФФД.

Нядоўгі росквіт

Ідышызацыя на Беларусі ішла разам з палітыкай каранізацыі і беларусізацыі.

Для так званага «забеспячэння правоў працоўных» у месцах кампактнага пасялення нацыянальных меншасцяў ствараліся органы мясцовай улады — нацыянальныя саветы. У БССР дзейнічалі ў асноўным яўрэйскія местачковыя саветы. Для працаўладкавання яўрэйскай беднаты і тых, хто страціў працу ў выніку савецкіх рэформаў, напрыклад прыватных гандляроў, ствараліся яўрэйскія калгасы.

Важным момантам нацыянальнай палітыкі стала замацаванне ідыш Канстытуцыяй БССР 1927 года ў якасці адной з чатырох дзяржаўных моў БССР, разам з беларускай, польскай і рускай. Безумоўна, гэта было палітычнае рашэнне, на якое была атрымана згода з Масквы. Савецкая Беларусь, як памежная рэспубліка, павінна была дэманстраваць, як савецкая ўлада дбае пра правы ўсіх без выключэння нацыянальнасцяў.

Праз год, аднак, у Беларусі пачаўся паступовы адыход ад «паскоранай ідышызацыі». Перш за ўсё гэта было звязана з адыходам ад палітыкі «ліберальнага НЭПа» і ўзмацненнем сталінскай таталітарнай сістэмы. Узмацніўся ціск на беларускую інтэлігенцыю («барацьба з нацдэмамі»). Адначасова прайшлі «чысткі» розных нацыянальных устаноў, у тым ліку і тых, якія працавалі на ідыш. З іх звальнялі «нелаяльных» супрацоўнікаў. У той жа час адбывалася ідэалагічна матываваная рэформа і самой мовы: з яе вычышчалі словы іўрыцкага паходжання і дадавалі новыя савецкія («калгас», «пяцігодка», «індустрыялізацыя»).

Калектыўнае чытанне газеты ў гадзіны вольнага часу ў яўрэйскім калгасе «Шлях да сацыялізму». Фота з архіваў БДАКФФД.

Зніклая цывілізацыя

Росквіт ідышу ў Беларусі на працягу 1920-х гадоў быў, такім чынам, хоць і бурным, але нядоўгім. З канца гэтага дзясяцігоддзя пачаўся паступовы (і, як аказалася, незваротны) закат мовы і культуры ідыш, адначасова паскорылася асіміляцыя яўрэйскага насельніцтва. Праўда, да канца 1930-х гадоў дзе-нідзе яшчэ вялося выкладанне на ідыш. Аднак гэтыя ўстановы былі не такія папулярныя, як рускамоўныя школы, якія давалі магчымасць зрабіць кар’еру ў буйных гарадах СССР.

У час Вялікага тэрору 1937—1938 гадоў сетка школ на ідыш, як і яўрэйскіх нацсаветаў, пачала хутка скарачацца. Падпісвацца за дазвол на выкладанне на ідыш у гэтыя часы стала ўжо небяспечна. Шмат каго расстралялі як «ворагаў народа».

А пасля была вайна. Разам з забойствам мільёнаў яўрэяў перастаў існаваць «Ідышланд». Пасля вайны ацалелыя яўрэі масава пераходзілі на рускую мову. Нацызм знішчыў не толькі саміх носьбітаў гэтай мовы. Вялікія страты панесла таксама матэрыяльная культура яўрэяў (архівы, кніжныя зборы). Не спрыялі захаванню мовы і культуры на ідыш і антысеміцкія кампаніі ў СССР.

На практыцы гэтая мова магла актыўна выкарыстоўвацца ў грамадскім жыцці выключна ў створанай яшчэ ў 1930-я гады Яўрэйскай аўтаномнай вобласці, дзе жыла толькі малая частка савецкіх яўрэяў.

Праўда, многія яўрэі доўгі час працягвалі гаварыць на ідыш. Яшчэ ў 1960—1980-я гады ў Мінску, Бабруйску, Гомелі і іншых гарадах можна было пачуць ідыш на вуліцах, але сваіх дзяцей гэтай мове старэйшае пакаленне, як правіла, ужо не вучыла.

У канцы 1980-х пачалі рабіцца спробы адраджэння ідыш. Аднак масавая эміграцыя яўрэйскага насельніцтва СССР у Ізраіль, ЗША і іншыя краіны не спрыяла гэтаму працэсу. У выніку ў сучаснай Беларусі амаль не засталося носьбітаў гэтай мовы, хоць і назіраецца цікавасць да яе. Увогуле ж, ідыш не надта добра сябе сёння пачувае і ў цэлым свеце. Але паколькі ён дагэтуль з’яўляецца хатняй мовай для некаторых сем’яў у Амерыцы і Ізраілі, то пакуль што ідыш мова хоць і праблемная, але жывая.

Словы і фразы з мовы ідыш, якія засталіся ў сучаснай беларускай і рускай мовах

Жлоб — граміла, бугай.
Квэцаць — мазаць.
Партач, партачыць — нядбайная, халтурная праца.
Транты — старое, патрапанае адзенне.
Гвалд — гвалт, мітусня, крык.
Гешэфт — сумнеўны бізнэс, справа, занятак.
Бобэ майзэс — «бабуліны казкі», небыліцы, лухта.
Гэфілтэ фіш — фаршыраваная рыба.
Кнэдлах — клёцкі.
Цымэс — салодкая страва з варанай морквы з разынкамі і іншымі прыправамі.
Цуцык — няздатны пастаяць за сябе чалавек, гарэза.
Шэйгэц — шалапут, свавольнік, басяк.
Шлімазл — недарэчны, няўдачлівы чалавек, лузер. 

Каментары

Цяпер чытаюць

33-гадовы беларускі кікбаксёр-чэмпіён памёр ад рэдкай анкалогіі3

33-гадовы беларускі кікбаксёр-чэмпіён памёр ад рэдкай анкалогіі

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскі праект «Хачу жыць» назваў імёны больш за 700 беларусаў, якія ваявалі на расійскім баку ПОЎНЫ СПІС58

Экс-зорка зборнай Германіі кінуў вядомую тэнісістку. Ён здрадзіў ёй з тэлевядучай4

Як Надзея Кадышава стала новай зоркай стадыёнаў — расійская моладзь скача ў карагодах21

Дасведчаны дызайнер год шукае працу паўсюль — вось яго пранізлівы маналог (дарэчы, ён не вінаваціць ШІ)4

«Падняў бы ж*пу, праехаў па магазінах». Праўладная блогерка абрынулася на Азаронка за хлусню пра бульбу39

Экс-прэзідэнту Украіны Януковічу завочна далі 15 гадоў

Пуцін адправіў сваіх «Начных ваўкоў» у Германію12

Сабаленка: Натуральна, я хачу яхту, самалёт6

«Не пашпарт мяне робіць беларусам». Пагутарылі з эмігрантамі з розных краін, у якіх скончыліся пашпарты6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

33-гадовы беларускі кікбаксёр-чэмпіён памёр ад рэдкай анкалогіі3

33-гадовы беларускі кікбаксёр-чэмпіён памёр ад рэдкай анкалогіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць