Бацька і сын Кузнечыкі месяц хаваюцца ў шведскім пасольстве. Расказваем, як ім жывецца
«Мы ні пра што не шкадуем», — кажа Уладзіслаў Кузнечык.
11 верасня двое мужчын пагрукаліся ў шведскую амбасаду, якая знаходзіцца ў Мінску, і папрасілі прадаставіць ім палітычны прытулак. Калі дзверы не адчынілі, мужчыны проста пералезлі цераз плот амбасады.
Гэта былі бацька і сын: 47-гадовы Віталь і 29-гадовы Уладзіслаў Кузнечыкі з Віцебска. Яны пайшлі на такі нечаканы ўчынак, бо баяліся затрымання і крымінальнага пераследу пасля сутычкі з міліцыяй.
6 верасня Кузнечыкі ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту, якая праходзіла ў Віцебску. Дэманстрантаў жорстка затрымлівалі: Віталю Кузнечыку распылілі слезацечны газ у вочы.
Сын здолеў яго адбіць, але было зразумела, што пазней будуць наступствы з боку сілавікоў. Таму чатыры дні бацька і сын хаваліся, а пасля паехалі ў Мінск, спадзеючыся, што шведы ім дапамогуць.
Усё пайшло не па сцэнары, праўда, шведскія дыпламаты Кузнечыкаў усё ж не выгналі. 11 верасня ля амбасады дзяжурылі сілавікі, але ім беларусаў так і не аддалі. Пакуль што далейшы лёс Віталя і Уладзіслава не вырашаны, яны працягваюць заставацца на тэрыторыі амбасады. Тым часам 18 верасня ў іх віцебскім доме прайшоў ператрус.
11 кастрычніка спаўняецца месяц, як Віталь і Уладзіслаў знаходзяцца ў шведскай амбасадзе. Уладзіслаў, сын, распавёў «Нашай Ніве» падрабязнасці іх жыцця.
«Жывём з усімі патрэбнымі выгодамі. Ёсць спальныя месцы, душ, туалет. З тэхнікі — пральная машынка, мікрахвалёўка, электрычны чайнік. Ежу нам прыносяць гатовую — застаецца толькі разагрэць! Таксама даюць садавіну і гародніну! — расказвае Уладзіслаў. — Для заняткаў спортам ёсць турнік, штанга, гіры.
Расклад дня ў мяне прыкладна наступны. Прачнуліся — зарадка. Пасля сняданак. Затым чытаем, глядзім незалежныя СМІ. Балазе ёсць выхад у інтэрнэт!
Пасля можам які серыял паглядзець. Затым абед. У 17:00 трэніроўка са штангай, турнік гіры, адцісканні. У 19:00 вячэраем».
Тэлевізара ці камп’ютара ў іх пакоі няма, кажа хлопец, таму для выхаду ў інтэрнэт карыстаюцца толькі мабільнікамі.
«Пра тое, што мы апынуліся тут, ні шкадую ані я, ані бацька, — запэўнівае Уладзіслаў. — Сваякі нас таксама падтрымліваюць. Маці кажа, што мы правільна ўсё зрабілі, і яна ганарыцца мной, што я заступіўся за бацьку! Тут мы ў бяспецы! Лепш тут, чым быць у турме або падвергнуцца катаванням, падчас якіх могуць і забіць!
Аналагічная пазіцыя і ў маёй жонкі!»
Пра тое, што будзе з імі далей, Уладзіслаў казаць пакуль не можа. Але ён ўпэўнены: іх не аддадуць беларускім сілавікам, хіба толькі Кузнечыкі самі захочуць здацца. Але гэтага ў іх планах пакуль няма.
«Для мяне самае цяжкае сёння — перажыванні за сям’ю, за сваіх дваіх дзяцей. Пакуль грашыма дапамагаюць сябры і знаёмыя, ды і ёсць трохі зберажэнняў. Але, калі ўлада не зменіцца, то прыйдзецца з’ехаць за мяжу. Што там рабіць, кім працаваць — пра гэта пакуль не думалі, бо хочацца, канечне, застацца ў Беларусі, — кажа Уладзіслаў. — Мы верым і спадзяемся, што змена ўлады ўсё ж адбудзецца, але зразумела, што гэта будзе не хутка. Калі беларускі народ і цывілізаваныя краіны не прызнаюць сённяшняга прэзідэнта, то перамены — гэта пытанне часу. Ды і санкцыі ніхто не адмяняў».
Каментары