Дызайнера Дзмітрыя Кубарава вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). Падчас спрэчак па справе, якія адбыліся 22 сакавіка, памочніца пракурора Аліна Касьянчык запрасіла для яго сем гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, піша spring96.org.

На судзе 23 сакавіка Дзмітрый выступіў з апошнім словам:
«Я напісаў прамову, але браць яе з сабой я не бачыў сэнсу. Таму што нават за гэтай клеткай лічу сябе больш свабодным, чым многія людзі, якія сядзяць тут у пагонах, у мундзірах і гэтак далей. Я нават не спадзяюся, што яны мяне зразумеюць. Мне застаецца толькі ганарыцца тым, што я зрабіў і тым, чаго не зрабіў. Ганарыцца тым, кім стаў і кім не стаў насуперак таму, што мне выстаўляюць. Для мяне гонар стаяць у адным шэрагу з такімі людзьмі, як Сяргей Ціханоўскі, Святлана Ціханоўская, Юрый Уласаў, Антон Бяленскі, Цапкала… Я не здзяйсняў тых злачынстваў, у якіх мяне абвінавачваюць. На гэтым усё».
Згодна з абвінавачваннем, з 9 па 12 жніўня Дзмітый Кубараў заклікаў людзей у інтэрнэце і афлайн да актыўнага ўдзелу ў масавых беспарадках. А таксама сам арганізоўваў масавыя беспарадкі і ўдзельнічаў у іх. Акрамя таго, ён меў намеры вырабіць «кактэйль Молатава».
11 жніўня Дзмітрый быў жорстка затрыманы і дастаўлены ў СІЗА КДБ. У ноч з 11 на 12 жніўня там жа падпісаў яўку з павіннай. У яго кватэры прайшоў ператрус, пасля якога ў яго канфіскавалі рупар, медыкаменты, воду, тэхніку (тэлефон, ноўтбук), каністры з растваральнікам і скіпідар, які выкарыстоўваўся для рамонту кватэры. З таго моманту (7 месяцаў) ён утрымліваецца пад вартай. На судзе Дзмітрый не прызнаў сваю віну і заявіў пра катаванні пасля затрымання.
Прысуд будзе агучаны 24 сакавіка ў 16.40.

Каментары