Грамадства

«Сказала: больш не буду хадзіць у школу». З якім цкаваннем сутыкаюцца беларускія дзеці

Тэма супрацьстаяння булінгу папулярная ва ўсім свеце. У Беларусі пра гэта сталі гаварыць толькі апошнім часам. Хаця паводле апытання, кожны трэці школьнік сутыкаўся з запалохваннем і цкаваннем у інтэрнэце. Дзіцячы фонд ЮНІСЕФ разам з МТС запусцілі кампанію #интернетбезбуллинга: яны сабралі гісторыі дзяцей і склалі парады, як дарослыя могуць ім дапамагчы.

«Аднакласнік напісаў: асцярожна, сярод нас тлусты!» 

«Мяне клічуць Міша, мне 13 год, — пачынаецца адна з гісторый, заснаваных на рэальных падзеях. Іх агучылі на YouTube вядомыя маладыя беларусы. — Летам, перад пятым класам, я дастаткова моцна набраў вагу. У мяне ў сям’і ўсе поўныя, так што мне не падалося гэта чымсьці асаблівым.

Але 1-га верасня адзін з аднакласнікаў напісаў у агульны чат: «Асцярожна, сярод нас тлусты! Раптам гэта заразна?» І пачалося! У твар мне нічога не казалі, затое пісалі ў чатах. Я спрабаваў паразмаўляць, але мне адказвалі, што я не разумею жартаў і ўвогуле гэта ўсяго толькі чат.

Я падумаў, напэўна, яны маюць рацыю, але стараўся не прыцягваць да сябе ўвагу: не падымаў руку на ўроках, а часам стараўся прагульваць заняткі. Пачаліся праблемы з вучобай, і мяне адправілі да школьнага псіхолага.

Я не разумеў, як мне можа дапамагчы чужы чалавек. Але псіхолаг мяне пра ўсё распытала, і ў якасці аднаго з практыкаванняў прапанавала ўявіць, што яна — гэтае мае аднакласнікі, і я магу ім выказаць усё, што адчуваю. Мне было нязвыкла казаць пра свае пачуцці, але ў выніку я змог расказаць пра свае перажыванні спачатку псіхолагу, а пасля паўтарыць гэта падчас класнай гадзіны.

Аказалася, звяртацца па дапамогу зусім не сорамна і гэта насамрэч можа дапамагчы. Толькі пару чалавек працягвалі зневажаць мяне, астатнія ўжо не ўключаліся ў гэтую гульню. І паступова мяне пакінулі ў спакоі.

Прайшло амаль два гады. Часам я па-ранейшаму сутыкаюся з жартамі, але я працягваю хадзіць да псіхолага і ведаю, што адказаць, каб абараніць сябе».

«Сказаў, калі я не зраблю, як ён хоча, інтымныя фота ўбачаць сябры»

«Мяне клічуць Аня, мне 14. Год таму мяне зафрэндзіў 17-гадовы хлопец з іншага горада. Мы сталі перапісвацца, аказалася, нам падабаюцца адныя і тыя ж песні і серыялы, стыль адзення. Хутка пачало здавацца, мы ўсё ведаем адно пра аднаго. Аднойчы на развітанне замест звыклага «Салодкіх сноў» ён напісаў: «Здаецца, я цябе кахаю».

Я прасядзела некалькі хвілін з дурацкай усмешкай і адказала: «Здаецца, я цябе таксама». Тады мне прыйшоў адказ: «Я не магу цябе абняць, але хачу табой любавацца». Ён угаварыў мяне зрабіць інтымнае фота. У адказ я атрымала шмат кампліментаў і сардэчак.

Пасля ён папрасіў зрабіць відэа. Мне падалося, што гэта ўжо занадта. А ён доўга ўгаворваў, маўляў, ты што, маленькая. А пасля сказаў, што калі я не зраблю, як ён хоча, фота ўбачаць усе мае сябры. Толькі тады я зразумела, што нарабіла.

Мне было вельмі сорамна расказаць камусьці пра тое, што адбылося. Сітуацыя падавалася безвыходнай. Праз некалькі дзён я ўсё ж звярнулася па дапамогу да мамы. Яна спачатку сварылася, але пасля сказала, што праблему трэба вырашаць. Мы зрабілі скрыншоты перапіскі і адправілі адміністратарам сайта з просьбай заблакаваць старонку хлопца.

Пасля мама напісала яму, што калі ён працягне мяне пераследаваць, у яго пачнуцца сур’ёзныя праблемы. Гэта падзейнічала. Фотаздымкі нідзе не ўсплылі, і гэты хлопец мне больш не пісаў. Але я разумею, што мне проста пашанцавала. Калі адпраўляеш свае інтымныя фота нават таму, каму давяраеш, можна атрымаць сур’ёзныя непрыемнасці». 

У межах кампаніі супраць булінгу было праведзенае апытанне 12 тысяч беларускіх школьнікаў. Выявілася, што яны пачынаюць карыстацца інтэрнэтам з 5-6 год. 40% з апытаных камунікавалі з незнаёмымі людзьмі анлайн. Больш за 30% сутыкаліся з запалохваннем і цкаваннем у інтэрнэце, пры гэтым не ўсе расказваюць пра гэта бацькам. 

«Кожны дзень з’яўлялася фота, дзе мая галава была прылепленая да целаў розных мужчын»

«Мяне клічуць Оля, мне 13 год. У сёмым класе ў мяне ўжо быў 42-і памер нагі. Праз гэта я заўсёды насіла красоўкі. А яшчэ на дзень нараджэння мама дазволіла мне каротка пастрыгчыся і пафарбаваць валасы ў блакітны.

Праз некалькі дзён я знайшла ў інтэрнэце сваю фэйкавую старонку, падпісаную мужчынскім імем. Кожны дзень там з’яўлялася фота, дзе мая галава была прылепленая да целаў розных мужчын. Сярод падпісантаў былі амаль усе мае аднакласнікі і шмат незнаёмых людзей. Я была ў шоку.

Сказала бацькам, што больш не буду хадзіць у школу. Мама пазваніла нашай настаўніцы, і аднакласнікаў прымусілі выдаліць фэйкавы акаўнт.

Але я ўсё адно адмаўлялася выходзіць з дома. Здавалася, я больш нікому не магу давяраць. Бацькі прапанавалі перайсці ў новую школу ў іншым раёне. У новым класе была зусім іншая атмасфера, некалькі чалавек сказалі мне, што я класная і ў мяне прыкольны стыль.

Але мне складана было чуць кампліменты. У адказ я казала: «Чаго ты хлусіш?» Тады мама прапанавала мне пачаць хадзіць да псіхолага. Мне здавалася, навошта гэта, я ж нармальная, хоць і не давяраю людзям.

Аказалася, псіхолаг — гэта чалавек, які дапамагае палюбіць сябе і пачаць лепш сябе разумець. І нядаўна я зразумела, што, праўда, класная, нават калі нехта спачатку гэтага не заўважае». 

«Дырэктар школы сказаў, што мяне могуць пакараць за пагрозы»

«Мяне клічуць Паша, мне 17. Два гады таму мы пераехалі ў Мінск. У хлопцаў з новай школы былі свае прыколы, свае фразачкі. Яны ўвесь час абмяркоўвалі нейкія тусоўкі. Калі я пытаў, ці можна мне з імі, пераводзілі тэму. Я вырашыў правучыць іх.

Стварыў старонку ў сацыяльнай сетцы пад чужым імем і пачаў дасылаць аднакласнікам пагрозы. Напрыклад, «не хадзі заўтра ў школу, інакш не вернешся дадому». Мне здавалася, што гэта весела, што яны дакладна гэта заслужылі.

Не ведаю, як мяне вылічылі, але аднойчы бацькі вярнуліся дадому вельмі засмучаныя. Яны былі ў дырэктара школы, і ён сказаў, што мяне могуць прыцягнуць да адказнасці за пагрозы, хоць мне было ўсяго 16.

Я вельмі спалохаўся, плакаў амаль усю ноч. Дагэтуль сорамна згадваць. Мне здавалася, бацькі адвярнуцца ад мяне, але яны сказалі, што невырашальных сітуацый не бывае, што яны мне дапамогуць.

Да канца 9 класа мяне перавялі на хатняе навучанне, кожны чацвер мяне чакала сустрэча з псіхолагам. Там я шмат даведаўся пра сябе.

Мне здавалася, што людзі глядзяць на мяне зверху ўніз, але так глядзеў я сам. Злавацца можна, але неабавязкова на іншых.

Цяпер я хаджу ў іншую школу, дзе я знайшоў некалькі сяброў і, здаецца, за паўтара года стаў іншым. Часам я з жахам думаю, што па сваім глупстве мог моцна сапсаваць сваё жыццё».

***

Дзеці і падлеткі, што сутыкнуліся з цкаваннем, могуць звярнуцца на гарачую лінію 8 801 100 16 11 (званок ананімны, бясплатны, лінія працуе кругласутачна). На сайце сабраныя парады, як пазбегнуць непрыемнасцяў у камунікацыі анлайн. А для дарослых — бацькоў і настаўнікаў — існуюць вебінары, на якіх можна даведацца, як дамовіцца з падлеткамі аб правілах бяспекі ў інтэрнэце, як пераканацца, што акаўнт дзіцёнка абаронены, як падтрымаць дзіця, калі на яго накінуліся тролі. 

Каментары

У Беларусі з'явіўся народны паэт2

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ2

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»2

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?6

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

У Беларусі сёлета глядзелі порна з мілфамі, а ў Расіі — анальны сэкс27

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт2

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →