Эканоміка

«Калі прыйшоў, атрымліваў 2000 даляраў. А летась толькі 500». Гісторыя МТЗ: ад прамысловага гіганта да гіганцкага даўжніка 

На МТЗ ёсць лакальны жарт. «Чаму напрыканцы змены рабочыя так хутка бягуць да прахадной? Каб заняць месца на трубах». Трубы — гэта месца, дзе мужыкі збіраюцца пасля працы і п’юць.

За савецкім часам Мінскі трактарны завод быў гонарам краіны. А ў 2015-м аказаўся цалкам стратным прадпрыемствам. «Наша Ніва» расказвае гісторыю завода, які калісьці вырабляў культавую тэхніку, а ў нулявыя стаў выпускаць машыны для заліўкі лёду і набраў даўгоў на сотні мільёнаў рублёў. 

Частка першая. Культавыя трактары і канструктары-разведчыкі

Пры саюзе Беларусь мела рэпутацыю «зборачнага цэха» СССР. Прамысловы гігант МТЗ па прэстыжы быў, бадай, «Іпамам» тых часоў.

Архітэктурнай спадчынай прадпрыемства стаў Трактаразаводскі пасёлак, які ўзводзіўся адразу пасля вайны. Архітэктары Веніямін Кастэнка і Сямён Разэнфельд спраектавалі такі ідэальны мікрагорад для завадчан у стылі савецкага класіцызму — з бульварамі, скульптурамі і развітай інфраструктурай. Няшчыльная забудова, малапавярховікі, вазы, ляпніна, калоны… 

МТЗ мусіў стаць галоўным прадпрыемствам рэспублікі, таму і жылы раён узводзілі з душой і размахам.

Серыйную вытворчасць завод пачынаў з гусенічных трактароў — «Кіраўцаў». На калёсныя трактары тут перайшлі з 1953 года.

Фота часопіса Life, 1960-я гады.

Нейкі час МТЗ выпускаў трэлеровачныя трактары для працы ва ўральскіх лясах. Але пасля вырашылі, што Беларусі больш мэтазгодна кінуць сілы на акучвальную тэхніку (развіваць адначасова два розныя кірункі было немагчыма). Выпуск трэлеровачных машын перадалі заводам у Карэліі і на Алтаі.

Беларускімі трактарамі, якіх выпускалі па 50 тысяч на год (а ў 1980-х — і па 100 тысяч), забяспечвалі не толькі Савецкі Саюз. Імі карысталіся фермеры ў Францыі, Вялікабрытаніі, Канадзе, ЗША і іншых краінах капіталістычнага Захаду.

Фота часопіса Life, 1960-я гады.

Культавай савецкай мадэллю стаў «Беларус» МТЗ-80. У 1975 годзе яго прызналі лепшым ва ўсім Савецкім Саюзе. Большая магутнасць, чым у яго папярэднікаў, эканамічны рухавік, двайная ачыстка выхлапаў… Два гады таму на заводзе вырашылі выпусіць пераемніка легендарнага трактара — Belarus 742.

Сакрэт паспяховасці трактароў быў у моцных канструктарах-разведчыках.

«Мы адпраўлялі іх у камандзіроўкі за мяжу абслугоўваць нашы машыны, але ў кожнага з іх было дадатковае заданне: выдаваць аб'ектыўную інфармацыю аб трактарах, якія выпускаюцца замежнымі фірмамі.

Да інфармацыі яны прыкладвалі справаздачу, на падставе якой нашы спецыялісты праектавалі новыя, яшчэ больш магутныя і эканомныя трактары. Мы перайшлі ад маламагутных трактароў у 50 конскіх сіл да магутных, але эканомных — у 80-100 конскіх сіл», — расказваў пра 1980-я ў інтэрв’ю былы гендырэктар МТЗ Іван Куляшоў.

На прадпрыемства імкнуліся ўладкавацца многія вяскоўцы. Па-першае, завод быў дзіка папулярны. Па-другое, праца тут давала шанец атрымаць кватэру ў сталіцы. Хоць і нялёгкім шляхам: некаторыя завадчане будавалі жыллё літаральна сваімі рукамі — пасля працы ішлі на аб’ект. Калі кватэры размяркоўвалі, тыя, хто больш гадзін правёў на будоўлі, мог патрапіць у пачатак чаргі.

Частка другая. Камбайны для заліўкі лёду і недаравальна паспяховы дырэктар

У 1997-м МТЗ выпускаў трактароў больш, чым усе заводы СНД. Праўда, калі з магутнасцю вытворчасці пытанняў не ўзнікала, то збываць тэхніку з распадам Саюза стала складаней. Больш не было планавай сістэмы, калі трактары бесперапынна адгружаліся ва ўсе куткі СССР. Штат з тых часоў заўважна скараціўся. На пачатку 90-х на МТЗ працавала 32 тысячы чалавек, цяпер удвая менш — 15 тысяч. 

Калі пры Саюзе завод выпускаў эксперыментальныя трактары для апрацоўкі бахчавых культур, рысавых і баваўняных палёў, для горнага земляробства, то ў 90-я — тэхніку для шахт і ўніверсальныя машыны Ш-406 адразу для некалькіх задач. У нулявыя былі іншыя навінкі. Напрыклад, камбайны для ачысткі і заліўкі лёду — пачалася эпоха лядовых палацаў.

Пры Лукашэнку ад завода патрабавалі добрых паказчыкаў (хаця б на паперы) і ўбухвалі мільярды даляраў у мадэрнізацыю, а вось персанальную паспяховасць не даравалі.

У 2002-м з цягніка Мінск-Масква знялі дырэктара МТЗ Міхаіла Лявонава. Яго абвінавацілі ў хабарах, крадзяжы дзяржаўных грошай у асабліва буйных памерах, ухіленні ад падаткаў і далі 10 год калоніі з канфіскацыяй маёмасці (з іх восем ён адсядзеў). Але за гучным працэсам, кажуць, стаялі іншыя прычыны.

Лявонаў быў упловывым прамыслоўцам. На выбарах 2001 года прыхільнікі перамен разглядалі паспяховых дырэктараў як альтэрнатыўных кандыдатаў. Подпісы тады пайшоў збіраць кіраўнік «Атланта» Калугін, але і яму, і астатнім вырашылі паказаць, чым небяспечныя палітычныя амбіцыі.

Частка трэцяя. Трактарны біятлон і арышт еўрапейскіх актываў

У 2018-м МТЗ пахваліўся, што правёў першы ў свеце трактарны біятлон. Спаборніцтвы праходзілі ў пясчаным кар’еры ў Смаргонскім раёне.

Сёлета завод здзіўляў беспілотнікам, але тое адзінкавая мадэль, якую яшчэ не запусцілі ў серыйную вытворчасць.

Завод уваходзіць у дзясятку найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі ў свеце. На экспарт МТЗ адпраўляе 90% тэхнікі. У асноўным — у Расію, Казахстан, Узбекістан і Украіну.

Стратэгічна важным кірункам завод называе таксама Пакістан, дзе ў іх адзін са зборачных цэхаў. За апошні год найбольш павялічыліся пастаўкі на Бліжні Усход і ў Азію — у 2,5 раза. На В’етнамскіх пляжах можна пабачыць, як беларускія трактары раўняюць пясок.

Некалькі год таму ў публічную прастору вылілася гісторыя пра арышт маёмасці завода ў ЗША і частцы ЕС. Калі коратка, МТЗ спрабаваў спагнаць даўгі з пасярэднікаў, якія прадавалі яго тэхніку за мяжой, для чаго наняў амерыканскую кампанію. Тая выбіла частку даўгоў, але завод чамусьці не стаў аплачваць іх паслугі. Суды цягнуліся шмат год і скончыліся не на карысць МТЗ. У выніку ў Літве, Канадзе, ЗША і Румыніі аказаліся арыштаванымі ўсе іх актывы. Пад арышт тады трапілі таксама аўтарскія правы і знакі.

Частка чацвёртая. Крэдыты на заробкі і цякучка моладзі

У 2020-м МТЗ запомніўся вялікай калонай рабочых, якія ў знак пратэсту рушылі на праспект з расцяжкай «Не авечкі, не быдла, не народзец». Лідарам стачкама завадчан стаў былы тэрміст Сяргей Дылеўскі. На прадпрыемстве ён працаваў з 2008 года, пачынаў токарам.

З асабістага архіву

«На МТЗ пайшоў, таму што вучыўся па спецыяльнасці станочніка ў трэцім ліцэі машынабудавання. Мяне з дзяцінства вабіла апрацоўка металу, праца з аўтамабілямі. На жаль, на спецыяльнасць аўтарамонту не прайшоў па стане здароўя, таму вучыўся тэхналогіі машынабудавання», — расказвае мужчына.

Бацькі яго таксама працавалі на трактарным. Маці трапіла туды пасля заканчэння «наргасу». Бацька прыйшоў на галоўны канвеер пасля арміі — ён ставіў кабіны на трактары.

Чаму ў наш час моладзь уладкоўвалася на МТЗ?

«Большасць ішла па размеркаванні ад навучальных устаноў, — мяркуе Сяргей. — На маёй памяці вельмі шмат людзей сыходзіла з працы пасля заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі. І так адбывалася на многіх прадпрыемствах. З маёй ліцэйскай групы з 30 чалавек на заводах засталіся працаваць, напэўна, пяць». 

Умовы працы на заводзе залежаць ад цэха. Сяргей апошнія гады стаяў на новай лініі металаапрацоўкі, дзе было крыху лепш. 

«Але да 2020 года стала як і ўсюды. Абсталяванне знасілася, грошай, каб якасна яго абслужыць, не было. Рамонтнікі рабілі ўсё, што ад іх залежала, але гэта адбівалася на якасці працы. Тэмпературныя рэжымы не вытрымліваліся нідзе. Летам — пекла, узімку — холад».

Калі мужчына толькі прыйшоў на прадпрыемства, атрымліваў каля 2000 даляраў. Летась заробак быў каля 500.

«На маю думку, завод так і не здолеў выйсці з крызісу 2010 года. Таму што на працягу ўсяго гэтага часу даўгавая яма толькі расла. Кіраўніцтва прадпрыемства брала крэдыты ў расійскіх банках, каб плаціць людзям заробкі.

Таксама за гэты час змяніліся і планы вытворчасці. Калі ў 2008 годзе у нас месячны план быў каля 6000 машынакамплектаў, то на 2020-ы — усяго 2500», — згадвае Дылеўскі.

Між сабой завадчане жартуюць: няма ніводнага новага «Беларуса», які б не цёк. З саміх сябе таксама ўмеюць пасмяяцца. «Чаму напрыканцы змены рабочыя так хутка бягуць да прахадной? Каб заняць месца на трубах». Трубы — гэта месца, дзе мужыкі збіраюцца пасля працы і выпіваюць.

Асноўнымі праблемамі завода Сяргей лічыць стаўленне кіраўніцтва да работнікаў, мізэрныя заробкі і дрэнны стан цэхаў.

«Мы ўвесь час сутыкаліся з тым, што кіраўнікі давалі нам заданні на працу, якую мы не павінны рабіць. І адна справа ў вольны час пайсці падмесці вуліцу (хоть гэта і не наша праца), і зусім іншая — лезці працаваць на дах, калі мы не маем ні падрыхтоўкі, ні банальнай страхоўкі для гэтага. З заробкамі стала вельмі дрэнна пасля 2015-га. Тады стала адчувацца, што цэны растуць, а палучкі падаюць. Людзі сталі жыць ад заробку да заробку».

Пасля пратэстаў, па словах Дылеўскага, з завода звольнілі блізу тысячы чалавек.

Частка пятая. Сямейная гісторыя і жанчыны ў цэхах

Для былой машыністкі крана Улляны Гарбачовай МТЗ — таксама сямейная гісторыя. Яе дзядуля быў спачатку зваршчыкам у прэсавым цэху, пасля трактарыстам. Бабуля нядоўга працавала ў ліцейцы, маці з год была загадчыцай заводскай сталовай, а брат — рабочым у кузні.

З асабістага архіву

Сама Улляна прыйшла на МТЗ у 19.

«У мяне на той момант была складаная жыццёвая сітуацыя: мама засталася без працы, захварэла, мне тэрмінова трэба было ўладкоўвацца кудысьці. Я ўсё жыццё пражыла ў трактарным пасёлку, бацькі аднакласнікаў на заводзе працавалі, расказвалі, што там даволі нядрэнны заробак. Таму я пайшла туды. 

Мне спачатку адмаўлялі. У аддзеле кадраў казалі: «Жанчыны на завод не патрэбныя». Але пашанцавала, што адна знаёмая зрабіла мне пропуск на тры дні, і я проста сама пайшла па цэхах шукаць сабе працу», — згадвае дзяўчына.

Год яна была штампоўшчыцай — стаяла за прэсам у цэху, дзе выраблялі кабіны трактароў. Гэта цяжкая фізічная праца.

«Калі я прыйшла, мы працавалі ў дзве змены стабільна, часам трэцюю ўводзілі. Нас у цэху чалавек 800 было. Калі звальнялася — 437 чалавек і адна змена», — расказвае Улляна.

Яе заробак машыністкі крана складаў 1000-1100 рублёў чыстымі. Максімум, колькі ўдалося атрымаць, — 1450 рублёў (за месяц з пяццю працоўнымі суботамі і падоўжанай зменай). Але затрымак з выплатай ніколі не было.

Жанчыны на заводзе стаяць на зварцы, мыцці дэталяў, рэзцы, працуюць малярамі і кладаўшчыцамі.

«За мае 12 год працы ўмовы ў цэху практычна не змяніліся. Напрыклад, увесь час падымалі пытанне пра спецадзенне — што патрэбныя жаночыя чаравікі, а не тыя, якія ёсць. Жаночыя, больш лёгкія і зручныя, пачалі выдаваць толькі перад маім звальненнем. У цэху заўсёды стаяў холад, ватнік і целагрэйка не ратавалі. 

Колькі ў людзей траўмаў і няшчасных выпадкаў было — усё праз старое абсталяванне. Парэзы, адрэзаныя пальцы… Магло прыціснуць грузам, калі рваліся ланцугі і тросы. На ўчастках магло быць няспраўнае абсталяванне, але праз тое, што трэба зрабіць план, на гэта заплюшчваліся вочы. План выконвалі, і толькі пасля станкі забіралі ў рамонт».

Частка шостая. Таямніцы фінансавых справаздач

Шэсць год таму МТЗ быў цалкам стратным прадпрыемствам. Што цяпер?

Мы прааналізавалі яго апошнія фінансавыя справаздачы. За гэты год завод палепшыў свой стан. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі і паслуг за 9 месяцаў 2021-га (гэта 1,6 мільярда рублёў) вырасла на траціну ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. А агульны прыбытак павялічыўся ў 7,5 раза — да 118 мільёнаў рублёў.

«Гэта добрая лічба, бо прамысловасць у цэлым за першыя дзевяць месяцаў гэтага года была драйверам росту ВУП. І МТЗ адзін з тых гульцоў, якія ўкладалі ў рост свае высілкі. У цэлым арганізацыя з’яўляецца плацежаздольнай. 

Мы бачым рост выручкі, прыбытку, даходаў па бягучай дзейнасці і чыстага прыбытку. Думаю, тут можа адбівацца эфект нізкай базы 2020 года, калі быў адкладзены попыт на прадукцыю машынабудавання. Бо летась была прасадка сур’ёзная. У гэтым годзе завод нагнаў і выйшаў на паказчыкі лепшыя, чым былі ў 2019 годзе», — пракаментаваў «Нашай Ніве» адзін з антыкрызісных кіраўнікоў.

Але ёсць у справаздачы няясныя моманты. Адно з пытанняў: адкуль завод бярэ грошы? За мінулы год прадпрыемству паступіла 4,8 мільярда рублёў. Грошы пакупнікоў з іх — толькі 1,6 мільярда. Астатнія паступленні пазначаныя як «з іншых крыніц».

Частка гэтых сродкаў — даходы ад удзелу ва ўстаўным капітале іншых арганізацый і працэнты ад інвестыцыйнай дзейнасці (усяго 2,8 мільёна рублёў). Адкуль узяліся астатнія сродкі, са справаздачы не ясна.

Фота belarus-tractor.com

З выплатай кароткатэрміновых даўгоў у МТЗ не мусіць быць праблем. 

«У завода каэфіцыент бягучай ліквіднасці — 1,95. Гэта вельмі добрая характарыстыка. У яго амаль у два разы больш кароткатэрміновых актываў (грошай, дэпазітаў), чым абавязкаў па даўгах», — заўважае наш эксперт.

Па стане на верасень заводу трэба сплаціць 458 мільёнаў па кароткатэрміновых крэдытах і займах. У той жа час пакупнікі вінны заводу больш за мільярд рублёў (кароткатэрміновая дэбіторская запазычанасць). Калі іх спагнаць, можна спакойна разлічыцца па даўгах. Але тут ёсць нюанс. 

«Не хапае інфармацыі для паглыбленага аналізу. Трэба зразумець, каму завод адгрузіў прадукцыю. Бо не сакрэт, што для таго, каб упісвацца ў планавыя паказчыкі, нашы дзяржаўныя прамысловыя прадпрыемствы не рэдка выкарыстоўваюць такую мадэль працы: ствараюць за мяжой гандлёвыя дамы і адгружаюць ім партыі тэхнікі. 

Па дамове гэты партнёр павінен разлічыцца на працягу 12 месяцаў, напрыклад. А вось ці разлічыцца, вялікае пытанне. Гэтая адгрузка была выкліканая тым, што на тых рынках ёсць попыт на трактары, ці яна была зробленая для таго, каб паказаць, што ў нас тэрыторыя не застаўленая прадукцыяй (і склад цяпер — ва ўмоўным Ніжневартаўску)?

Зрабіць выснову пра якасць дэбіторскай запазычанасці немагчыма. Калі яна не будзе пагашацца своечасова, завод не зможа разлічвацца па крэдытах і займах, выплачваць заробкі. Але з балансам у МТЗ усё нармальна», — падсумоўвае суразмоўца. 

Адзначым, што апроч кароткатэрміновых даўгоў, у МТЗ ёсць яшчэ доўгатэрміновыя — на 504 мільёны рублёў.

Каментары

«Цябе б бацька пракляў»: маці фігуранта «малочнай справы» прабілася на спатканне з ім, каб слёзна папрасіць не супрацоўнічаць са следствам3

«Цябе б бацька пракляў»: маці фігуранта «малочнай справы» прабілася на спатканне з ім, каб слёзна папрасіць не супрацоўнічаць са следствам

Галоўнае
Усе навіны →