«Хто ведае, навошта жыць, можа вытрымаць любое як». Псіхолаг Віктар Франкл пра тое, як выжыць у турме
Віктар Франкл сваю першую кнігу пачаў пісаць у Асвенціме. І менавіта гэта — жаданне выкласці веды, якія маглі загінуць разам з аўтарам, — дазволіла яму выжыць. Віктар Франкл стварыў адну з самых уплывовых псіхалагічных школ сучаснасці — логатэрапію. У сваіх кнігах ён падказвае, як прайсці праз цяжкасці, не зламацца і знайсці сэнс нават у пакутах, піша ў часопісе «Наша гісторыя» Паўліна Скурко.
Як напоўніць сваё жыццё сэнсам? Франкл падказвае тры шляхі. Першы — карысная праца, значныя ўчынкі, творчасць. Другі — перажыванні, пачуцці да іншага, спазнанне дабра, ісціны, прыгажосці, унікальнасці іншага чалавека. Трэці — наша стаўленне да непазбежных пакут, якія нясе жыццё.
«Настойліва раю ўсім рабіць так, як я: калі здараецца нешта дрэннае, я падаю на калені (толькі ў сваім уяўленні, вядома ж) і малюся, каб не здаралася нічога горшага. Бо існуе іерархія не толькі добрага, але і дрэннага, пра што заўсёды варта памятаць», — пісаў Франкл.
Знак
Віктар Франкл нарадзіўся 26 сакавіка 1905 года, памёр у 1997-м і ўсё жыццё пражыў у Вене. Ён вырашыў стаць доктарам яшчэ ў дзяцінстве.
Маленькі Віктар меў звычку ўранку піць каву ў ложку, пасля чаго яшчэ нейкі час разважаў пра сэнс жыцця і будучага дня. У школе хлопчык стаў вывучаць псіхалогію і нават змайстраваў дэтэктар хлусні, заснаваны на псіха-гальванічных рэфлексах, які выпрабоўваў на аднакласніках.
Можна сказаць, што жыццё Франкла вызначыў знак. Пасля таго, як у 1938-м нацысты захапілі Аўстрыю, ён, вядомы 33-гадовы псіхіятр, падаўся на амерыканскую візу, каб эміграваць. І атрымаў. Але віза была на аднаго. А яго бацькоў чакаў канцлагер… Дома на стале Франкл пабачыў аскепак мармуру. Выявілася, гэта бацька падабраў фрагмент скрыжаляў на месцы спаленай сінагогі. «Хочаш, скажу табе, з якой гэта запаведзі? Бо толькі адна з дзесяці запаведзяў пачынаецца з гэтай літары: «Шануй бацьку свайго і маці сваю, каб працягнуліся дні твае на зямлі»». «І я застаўся «на зямлі», з бацькамі, не стаў атрымліваць візу. Магчыма, рашэнне застацца даўно ўжо саспела, і аракул на самай справе паўтараў голас майго сумлення. Можна ж было ўбачыць у кавалку мармуру ўсяго толькі карбанат кальцыю, але гэта засведчыла б экзістэнцыяльны вакуум такога чалавека».
Мама Франкла загінула ў газавай камеры. Тата яшчэ раней у тым жа канцлагеры памёр ад пнеўманіі. Віктар пранёс у канцлагер ампулу морфію, і яна прыдалася. «Гэтую дозу я ўвёў бацьку, калі вачыма доктара ўбачыў, што развіваецца тэрмінальны ацёк лёгкіх, гэта значыць, яму наканавана пройгрышная перадсмяротная барацьба за кожны глыток паветра. Бацьку споўніўся 81 год, ён доўга недаядаў. Я спытаўся: «Нічога не баліць?» — «Не». — «Ты чаго-небудзь хочаш?» — «Не». — «Што-небудзь сказаць напрыканцы?» — «Не». Тады я пацалаваў яго і пайшоў. Я ведаў, што жывым больш яго не пабачу, але дзівоснае пачуццё ахапіла мяне: я выканаў свой абавязак, пазбавіўшы бацьку ад бессэнсоўных пакут».
Вопыт зняволення і пакут цалкам змяніў Франкла і вызначыў усё яго далейшае жыццё.
«У маладосці я бавіў выхадныя ў вар’етэ. Мне гэта падабалася, але пакідала непрыемны асадак, бо варта было б замест гэтага сядзець дома, запісваць свае думкі і пісаць артыкулы. Пасля канцлагера ўсё змянілася. З тых часоў у выхадныя я дыктаваў свае кнігі. Я навучыўся эканоміць час. Я стаў расходаваць яго вельмі скупа — толькі на асэнсаваныя заняткі. І ўсё ж мушу прызнацца: і да лагера, і пасля я здраджваў сваім правілам. Зразумела, потым я страшна злаваў на сябе, так злаваў, што часам па некалькі дзён не хацеў з сабой размаўляць», — прызнаваўся Франкл.
Чым прывабіць дзяўчыну
Вывучыўшыся на неўролага і псіхіятра ў такіх гігантаў, як Зігмунд Фрэйд і Альфрэд Адлер, Франкл арганізаваў у Вене і іншых гарадах Аўстрыі бясплатныя псіхалагічныя кансультацыі для моладзі, у прыватнасці, спецыяльную акцыю ў час іспытаў і выдачы атэстатаў. Ён лічыў сваёй заслугай тое, што ў 1930-м у Вене ўпершыню не было ніводнага самагубства сярод выпускнікоў.
Ён таксама выкладаў у Народным універсітэце Вены, дзе ўсе ахвотныя маглі слухаць лекцыі для самаадукацыі. «Кожны раз, калі я хацеў зрабіць уражанне на дзяўчыну, а маёй знешнасці для гэтага відавочна не хапала, я ішоў на маленькую хітрасць. Скажам, мы ўпершыню сустракаемся на танцах: я пускаюся ў захоплены аповед пра нейкага Франкла, чые заняткі ў Народным універсітэце я ніколі не прапускаю, і настойліва прапаную новай знаёмай абавязкова наведаць разам са мной семінар або лекцыю. Найбліжэйшым вечарам мы прыходзім у парадную залу, дзе гэты Франкл чытае свой курс, — зала заўсёды перапоўненая. Я прадбачліва ўладкоўваюся з краю ў пярэдніх шэрагах, і можаце сабе ўявіць, якое ўражанне гэта робіць на дзяўчыну, калі спадарожнік раптам пакідае яе і пад апладысменты публікі выходзіць на авансцэну».
Франкл меў аратарскі дар, у неўралагічнай клініцы, дзе працаваў пасля вайны, яго нават празвалі Нервагёбельсам. Калі ў 1938-м нацысты ўвайшлі ў Вену, Франкл якраз чытаў лекцыю. Раптам у залу ўварваўся штурмавік.
«Гавары так, каб ён разгубіўся і забыў, чаго прыйшоў», — сказаў сабе лектар і працягваў, гледзячы ў аблічча штурмавіка, прамаўляць даклад «Неўроз як сімптом нашага часу». Нацыст не крануўся з месца, пакуль доктар не скончыў выступ.
«Кожнаму стварэнню дадзена зброя для самаабароны: каму рогі, каму капыты, джала або яд, у мяне — дар красамоўства. Пакуль мне рот не заткнуць, са мной лепш не звязвацца».
У 1939-м месца звольненых нацыстамі дактароў-яўрэяў занялі маладыя, але лаяльныя дыктатарскаму рэжыму, многія без належнага досведу. Па Вене разышлася гісторыя, як адзін з іх абвясціў пацыентку мёртвай, а потым яна апрытомнела. «Нячаста даводзіцца вяртаць пацыентаў з морга ў аддзяленне!»
Сам Франкл у 1938-м узначаліў неўралагічнае аддзяленне бальніцы Ротшыльда — апошняй, якая прымала пацыентаў-яўрэяў. За дзень да доктара маглі паступіць да дзесяці самагубцаў, якіх ён стараўся ратаваць трэпанацыямі і ін’екцыямі проста ў мозг.
Перад дактарамі яўрэйскай бальніцы стаяла этычнае пытанне, ці варта ратаваць жыцці тых, хто канчаў з сабой перад дэпартацыяй. «Паважаючы рашэнне чалавека, я патрабую, аднак, павагі і да маіх прынцыпаў, а яны кажуць: ратаваць, пакуль я магу». Толькі аднойчы Франкл здрадзіў гэтаму прынцыпу. Пажылыя муж і жонка вырашылі разам пайсці з жыцця. Калі іх прывезлі, жонка была ўжо мёртвая, а муж паміраў. Доктар спытаў сябе: няўжо я гатовы вярнуць чалавека да жыцця толькі затым, каб ён мог прысутнічаць на пахаванні жонкі?
Геройства Франкла і яго начальства (якое хоць начапіла значок прыналежнасці да нацысцкай партыі, але працягвала дапамагаць падначаленаму-яўрэю) — барацьба супраць прымусовай эўтаназіі псіхічнахворых. Франкл выпісваў медыцынскія даведкі, дзе замест шызафрэніі пісаў афазію, то- бок «арганічнае захворванне мозгу», а меланхолію ператвараў у «трызненне, выкліканае ліхаманкай». Такіх пацыентаў ён мог лячыць або проста трымаць у бальніцы падчас фазы дэпрэсіі.
Цілі
Першая жонка Віктара працавала медсястрой. Яна вырашыла закахаць доктара ў сябе, каб адпомсціць за кінутую сяброўку. Доктар разгадаў намер, яны пасябравалі…
Франкл смяецца, што Цілі (яна была на 13 гадоў маладзейшай) нагадвала іспанскую танцоўшчыцу (як ён іх сабе ўяўляў). Але палюбіў ён яе не за гэта. Аднойчы перад сямейным абедам яго выклікалі ратаваць чалавека пасля спробы самагубства. Вярнуўся ён праз некалькі гадзін, абед быў сарваны. Бацькі ўжо паелі, але Цілі — не. Яна была ўстурбаваная: «Як прайшла аперацыя, як адчувае сябе пацыент?» «У гэты момант я і вырашыў ажаніцца з гэтай сардэчнай, чулай дзяўчынай. Не таму, што яна значыла нешта для мяне, але таму, што яна была сабой».
Ужо ў лагеры на 23-годдзе ён піша ёй на паштоўцы: «На тваё свята зычу сабе, каб ты захоўвала вернасць сабе».
Віктар і Цілі сталі апошняй яўрэйскай парай Вены, каму нацысцкія ўлады дазволілі ажаніцца. Да фатографа пара ішла пешкі — яўрэям ужо забаранілі карыстацца таксі — з жоўтымі зоркамі на ўрачыстых касцюмах, Цілі была ў вэлюме.
Заводзіць дзяцей яўрэям забаранялі пад пагрозай канцлагера і аборту (а для іншых нацый аборт наадварот абвяшчаўся незаконным). Франкл прысвяціў кнігу іх ненароджанаму дзіцяці.
Праз 9 месяцаў пасля вяселля пара мусіла перасяліцца ў лагер Тэрэзіенштат — «узорнае гета». А праз два гады Франкла накіравалі ў іншае месца. Цілі, што працавала на слюдзяной фабрыцы, дабілася, каб яе адправілі за ім. Новым лагерам выявіўся Асвенцім.
Апошняя радасць, якой жонка падзялілася з Віктарам перад тым, як іх раздзялілі ў Асвенціме, — ёй удалося разбіць свой гадзіннік, каб трафей не дастаўся эсэсаўцам.
«Пісаць уласнай крывёю нялёгка, але лёгка напісаць добрую кнігу»
Чакаючы загаду пра дэпартацыю ў канцлагер, Франкл пісаў канспект будучай кнігі «Доктар і душа» — квінтэсенцыі логатэрапіі. Ён трымаў рукапіс пад падкладкай паліто, з якім прыйшлося расстацца ў Асвенціме. Замест паліто і касцюма яму выдалі стары, заношаны сурдут — відавочна, яго ўласнік загінуў у газавай камеры. У кішэні Франкл знайшоў старонку малітоўніка. Ён успрыняў гэта як знак — жыць. І аднаўляць кнігу па памяці.
Па прыбыцці ў Асвенцім вязняў дзялілі на дзве групы, і сумнавядомы доктар Ёзэф Менгеле накіраваў Франкла налева. Паколькі сярод гэтага натоўпу Франкл не пабачыў знаёмых, затое дваіх яго таварышаў скіравалі направа, ён за спінай Менгеле прайшоў да іх. Гэта першая гісторыя, калі цуд — або неймаверная рашучасць — уратаваў яго жыццё.
Ацалелая меншасць даведалася праўду ўвечары. Франкл стаў распытваць старажылаў, куды трапіў яго калега і сябар. «Яго адправілі на левы бок?» — «Так». — «Тады глядзіце, ён там», — і доктару паказалі на комін, з якога вырываўся слуп полымя і пераходзіў у злавеснае воблака дыму. «Ваш сябар там, ён плыве на неба».
Першая фаза: шок
Франкл заўважыў у вязняў лагера тры фазы псіхалагічнай рэакцыі. Першая — шок пасля прыбыцця пад грубыя, здзеклівыя крыкі, якія суправаджалі ўсё лагернае жыццё.
«Я быў у жаху, але гэта было нават да лепшага, бо крок за крокам нам прыйшлося прывыкаць да бясконцых жахаў». Шок узмацнялі эмацыйныя арэлі. Новапрыбылых чакала лазня і нечакана ветлівыя эсэсаўцы: яны ўгаворвалі аддаць гадзіннікі, каштоўнасці — усё адно ж адбяруць, дык чаму не аддаць іх прыемным людзям…
Раней усе вязні былі і ўяўлялі сябе «кімсьці», а цяпер з імі абыходзіліся як з поўным «нішто».
Вязням не пакідалі нічога, акрамя ўласных голых целаў, нават валасоў: «усё, чым мы валодалі, было, літаральна кажучы, наша голае існаванне». Акуляры ды пояс — вось і ўся матэрыяльная сувязь з ранейшым жыццём.
Нечакана прыходзіла змрочная весялосць — людзі разумелі, што больш няма чаго губляць. Затым — цікаўнасць: ці выйду я з гэтага становішча жывым?
Кубкі, адабраныя ў вязняў. Музей Асвенціма.
Другая фаза: апатыя, цынізм
Другая фаза лагернага зняволення — глыбокае пагружэнне ў тутэйшае жыццё. Гэтай фазе ўласцівая апатыя і нешта накшталт эмацыйнай смерці — механізм самаабароны.
Спачатку вязень тужыць па доме. Адчувае агіду да навакольнага жаху. Але хутка пачуцці прытупляюцца, адступаюць. Чалавек перастае адводзіць вочы ад мёртвых і тых, хто памірае, — відовішча стае настолькі звычайным, што перастае кранаць. Усе намаганні і эмоцыі сканцэнтраваныя на адной задачы — захаваць сваё жыццё і жыццё сяброў. У канцы дня вязні з палёгкай уздыхалі: «Дзякуй Богу, яшчэ адзін дзень прайшоў!»
Рэчаіснасць адвучала чалавека планаваць (пакуль вайна ці зняволенне працягвалася, гэта не мела сэнсу), кіраваць сваім жыццём (чалавек адчуваў сябе пясчынкай у віхуры знешніх абставін). А пастаянныя прыніжэнні прывівалі жаданне загубіцца ў натоўпе, вызваліўшыся ад адказнасці і свабоды. Усё гэта пераймалі і наступныя пакаленні.
У вязняў не было ні часу, ні сіл лічыцца з мараллю. Тых, хто адбываў у газавую камеру, аглядалі з бессаромнай цікавасцю: ці не лепшыя іх курткі і чаравікі, чым свае ўласныя
Іх лёс вырашаны, а тыя, хто заставаўся, павінны былі павысіць свае шанцы на выжыванне любой цаной. У лагеры выжывалі найперш тыя, хто пасля доўгіх гадоў зняволення пазбаўляўся ад усіх згрызот сумлення і быў гатовы скарыстацца любымі сродкамі, каб выратаваць сябе. «Мы, ацалелыя з дапамогай многіх шчаслівых выпадковасцяў або цудаў, ведаем: найлепшыя не вярнуліся».
Пастаяннае напружанне зводзіла ўнутранае жыццё вязня да прымітыўнага ўзроўню, людзі трацілі цікавасць да ўсяго, што не дапамагала выжыць. Гэтым лёгка растлумачыць нячуласць. Франкл расказвае, як пры пераводзе з Асвенціма ў Дахау яго цягнік ішоў праз Вену, паўз яго родную вуліцу. «Маладыя хлопцы з гадамі лагернага жыцця за плячыма пільна разглядалі горад. Я пачаў прасіць пусціць мяне да акенца хоць на імгненне, спрабаваў патлумачыць, як многа значыць для мяне погляд на Вену менавіта цяпер. Мне груба адмовілі: «Ты жыў тут? Значыць, ужо нагледзеўся!» Падняўшыся на дыбачкі і гледзячы над галовамі скрозь краты, я кінуў развітальны погляд на родны горад. Мы ўсе адчувалі сябе хутчэй мёртвымі, чым жывымі, бо думалі, што наш цягнік адпраўляецца ў Маўтхаўзэн і нам засталося жыць усяго адзін-два тыдні. Мне здавалася, што я гляджу на вуліцы, плошчы і дамы вачыма чалавека з таго свету…»
Дзе знайсці свабоду за кратамі
У лагеры Франкл заўважыў парадокс: некаторыя зняволеныя, якія зусім не выглядалі дужымі, трымаліся і выжывалі найлепш. Гэтыя людзі маглі знайсці прыстанішча ад навакольнага кашмару ў багатым унутраным жыцці і духоўнай свабодзе.
Франк дзеліцца, як гэта ўдавалася яму. Аднойчы раніцай атрад брыў на працу — у цемры, спатыкаючыся аб камяні, у парваным абутку, па лужынах, пад ледзяным ветрам. Канвойныя крычалі і падштурхоўвалі прыкладамі. Хаваючы рот у падняты каўнер, адзін чалавек шапнуў: «Калі б нашы жонкі ўбачылі нас! Спадзяюся, у іх лагерах умовы лепшыя і яны не ведаюць, што адбываецца з намі».
І кожны пачаў думаць пра сваю жонку. «Часам я глядзеў на неба, дзе ружовае святло раніцы ўжо пачало прабівацца з-за хмарнай грады. Але думкі былі занятыя вобразам маёй жонкі, які ўяўляўся са звышнатуральнай вастрынёй. Я чуў, як яна адказвае мне, бачыў яе ўсмешку, яе адкрыты і падбадзёрлівы погляд. Мяне пракалола думка: першы раз у жыцці я ўбачыў ісціну, апетую ў вершах столькіх паэтаў і абвешчаную столькімі мыслярамі: каханне — гэта канчатковая і найвышэйшая мэта. Я зразумеў, што чалавек, у якога нічога не засталося на свеце, усё яшчэ можа спазнаць асалоду, хоць на імгненне, ва ўяўных зносінах са сваімі любімымі. У стане крайняй безвыходнасці, калі чалавек не можа выказаць сябе ў якой-небудзь карыснай дзейнасці, калі яго адзінае дасягненне — гэта годна пераносіць пакуты, — нават у такім становішчы чалавек можа, праз поўны любові роздум пра блізкага, выразіць сябе».
Адзін з вязняў спатыкнуўся, заднія ўпалі на яго, падляцеў канваір з палкай… Але гэта не мела значэння: Віктар працягваў размову з каханай, задаваў ёй пытанні, яна адказвала і пыталася сама… Ён зразумеў:
каханне значна большае за фізічнае існаванне каханага чалавека.
«Я ўсё больш і больш адчуваў яе прысутнасць побач, здавалася, што я магу дакрануцца да яе, працягнуць руку і сціснуць яе. Пачуццё было вельмі моцным: яна тут».
«Галіцеся штодня, нягледзячы ні на што, нават калі для гэтага даводзіцца карыстацца аскепкам шкла, — вучыў бывалы. — Нават калі за яго прыйдзецца аддаць апошні кавалак хлеба. Вы будзеце выглядаць маладзейшымі, а шчокі — больш ружовымі. Калі вы хочаце застацца ў жывых, ёсць толькі адзін шлях — выглядаць прыдатнымі для працы: галіцца, стаяць і хадзіць бадзёра.
«Arbeiten!»
Гумар быў яшчэ адной зброяй у барацьбе за самазахаванне, дапамагаў узняцца над сітуацыяй, даваў унутраную свабоду.
Вязні выдумлялі вясёлыя сітуацыі з будучыні, напрыклад: на званым абедзе, калі ўнясуць супніцу, мы забудземся і пачнём маліць гаспадыню зачарпнуць нам «з дна» (бо толькі так у міску вязня трапляла хоць пара гарошын).
Франкл і яго сябар-хірург паабяцалі сабе штодзень прыдумляць хоць бы адну пацешную гісторыю пра будучыню. Перад прыходам наглядчыка брыгадзір падганяў вязняў крыкамі: «Працаваць! Працаваць!». «Уяві, — смяяўся Франкл, — аднойчы, калі ты будзеш выконваць вялікую аперацыю, у аперацыйную ўварвецца санітар, абвяшчаючы пра прыход старшага хірурга крыкам: «Працаваць! Працаваць!».
Уменне бачыць рэчы з іх смешнага боку — адзін з хітрыкаў, якому трэба навучыцца, авалодваючы мастацтвам жыць. А трэніравацца ў мастацтве жыць можна нават у канцлагеры.
Важнае пытанне
Успаміны, глыбіня пачуццяў, гумар — усё гэта суцяшала, але не ратавала. Большасць вязняў лічылі, што ўсе магчымасці для іх ужо страчаныя. Разам з верай гублялася духоўная і фізічная стойкасць.
Набліжалася смерць. Сімптомы заўсёды былі аднолькавыя: аднойчы раніцай чалавек адмаўляўся апрануцца, памыцца і выйсці на плошчу для пастраення. Ні просьбы, ні ўдары, ні пагрозы не мелі эфекту. Ён проста ляжаў. Яго нічога больш не хвалявала.
Франкл прыводзіць красамоўны прыклад. Яго сусед па бараку, вядомы кампазітар, сасніў сон пра вызваленне. Голас у сне сказаў яму, што вызваленне прыйдзе 30 сакавіка. Увесь сакавік ён быў поўны надзеі. 29- га раптам захварэў. 30-га ў яго пачалася ліхаманка. А 31- га сакавіка 1945 года ён памёр. Знешне — ад тыфу. Але на думку Франкла — ад раптоўнай страты надзеі і мужнасці, пасля чаго яго арганізм перастаў супраціўляцца тыфу. А вызваленне было так блізка…
Франкл пабачыў, што выратаваць вязня ў самыя цяжкія хвіліны можа раптоўна адшуканая мэта. «Мне ўжо няма чаго чакаць ад жыцця», — казаў няшчасны. «Але падумай, чаго жыццё чакае ад цябе?» — адказваў Франкл. Гэтае пытанне лягло ў аснову логатэрапіі.
«Важна не тое, чаго мы чакаем ад жыцця, а тое, чаго жыццё чакае ад нас. Нам трэба перастаць пытацца пра сэнс жыцця, а замест гэтага зразумець, што жыццё задае пытанні, ставіць задачы — штодня і штогадзіны.
Наш адказ павінен заключацца ў правільных учынках і паводзінах. Гэтыя задачы, а значыць і сэнс жыцця, — у кожнага свае і змяняюцца ад моманту да моманту. Таму немагчыма вызначыць сэнс жыцця наогул. Жыццё рэальнае і канкрэтнае, як і яго задачы», — лічыў Франкл.
Калі чалавек усведамляе сваю адказнасць перад нечым ці некім, калі разумее, навошта яму жыць, то будзе здольны вынесці амаль любое як.
Сам Франкл страсна жадаў выжыць, каб узнавіць рукапіс кнігі, канфіскаваны ў Асвенціме. Калі ў канцы вайны псіхолаг захварэў на тыф, стаў накідваць нататкі на абрыўках эсэсаўскіх фармуляраў — і перамог хваробу.
Франкл калекцыянаваў досціпы, сам любіў іх прыдумляць і марыў напісаць кнігу пра метафізіку гумару. Анекдот з яго калекцыі.
Чалавек прыехаў у польскае мястэчка з вялікай доляй яўрэйскага насельніцтва і надумаў наведаць бардэль. Ён саромеўся наўпрост пытацца адрас, таму звярнуўся да старога яўрэя ў лапсардаку з пытаннем:
— Дзе тут жыве рабін?
— Там, у зялёным доме.
— Як! Няўжо такі славуты настаўнік жыве ў доме распусты?
— Што вы такое кажаце! Бардэль — там, убаку, у такім чырвоным будынку.
— Вялікі дзякуй! — падзякаваў шукальнік бардэля і накіраваўся па названым адрасе.
«Ці не так варта і доктару будаваць размову з пацыентам? — піша Франкл. — Яшчэ ў пачатку практыкі я пераканаўся, што, збіраючы анамнез, нельга пытацца жанчыну, ці рабіла яна аборт, а трэба адразу: «Колькі абортаў вы рабілі?» І мужчыну бессэнсоўна пытацца, ці хварэў ён на пранцы, але «Колькі курсаў лячэння мыш'яком вы прайшлі?». І шызафрэніка не пытайцеся, ці чуе ён галасы, але адразу — пра што яны гавораць».
Ці яшчэ такі анекдот. У вагоне сядзяць адзін насупраць аднаго эсэсавец і яўрэй. Яўрэй дастае селядзец, разбірае яго і есць, але аддзяляе галаву і зноў заварочвае.
— Чаму вы так зрабілі? — дапытваецца эсэсавец.
— У галаве мозг, яго я вязу дзецям: з’ядуць і паразумнеюць.
— Не прадасце мне?
— Калі хочаце.
— Колькі каштуе?
— Марка.
— Вось вам марка! — эсэсавец тут жа з'ядае селядцовую галаву.
Праз пяць хвілін ён крычыць:
— Пархаты жыд, селядзец цалкам каштуе 10 пфенінгаў, а ты прадаў мне галаву за марку!
Яўрэй спакойна заўважае:
— Ну вось, ужо падзейнічала.
Сэнс пакутаў
Як напоўніць сваё жыццё сэнсам? Франкл падказвае тры шляхі. Першы — карысная праца, значныя ўчынкі, творчасць. Другі — перажыванні, пачуцці да іншага, спазнанне дабра, ісціны, прыгажосці, унікальнасці іншага чалавека. Трэці — наша стаўленне да непазбежных пакут, якія нясе жыццё.
Нават бездапаможная ахвяра безнадзейнай сітуацыі можа падняцца над сабой і ператварыць асабістую трагедыю ў трыумф. Калі нельга змяніць сітуацыю, то можна выбраць сваё стаўленне да яе. Чалавек сам вырашае, падпарадкавацца або супрацьстаяць. Вырашае, якім стане ў найбліжэйшую хвіліну. Можна застацца мужным, поўным годнасці і бескарыслівым — або забыцца на чалавечую годнасць.
«Ніхто не можа палегчыць твае пакуты — але можна вырашыць, як несці свой цяжар. Для нас, зняволеных, гэтыя думкі не былі тэорыяй, адарванай ад рэальнасці. Яны былі адзінымі думкамі, якія маглі нам дапамагчы.
Яны ратавалі нас ад роспачы, калі здавалася, што няма ніякіх шанцаў выйсці жывымі. Даўно мы прайшлі стадыю пытанняў, у чым сэнс жыцця, калі разумееш яго як дасягненне нейкіх мэтаў шляхам актыўнага стварэння. Для нас гэты сэнс ахопліваў цяпер шырокае кола жыцця і смерці, пакуты і памірання».
Ці значыць гэта, што абавязкова трэба пакутаваць, каб адшукаць сэнс? Ні ў якім разе. Але гэта значыць, што жыццё поўнае сэнсу нават нягледзячы на пакуты.
«Нашаму пакаленню стала вядома, што такое чалавек. Чалавек — гэта істота, якая вынайшла газавыя камеры Асвенціма. Аднак гэта таксама і істота, якая ўваходзіла ў гэтыя камеры з горда паднятай галавой, з малітвай на вуснах».
«Існуюць дзве чалавечыя расы — «раса» годных людзей і «раса» нягодных». Толькі пасля вызвалення стала вядома, што камендант апошняга лагера, у якім знаходзіўся Франкл, траціў немалыя грошы з уласнай кішэні на лекі для зняволеных.
Пасля таго, як амерыканцы вызвалілі лагер, трое былых вязняў-яўрэяў схавалі яго ў лесе. Начальніку амерыканцаў, які вельмі хацеў злавіць былога каменданта, паставілі ўмову: пакажуць месца, калі амерыканцы абавязваюцца нічога з камендантам не рабіць. Амерыканскі афіцэр не толькі стрымаў слова, але і ў нейкім сэнсе вярнуў каменданта на ранейшую пасаду: ён заняўся зборам адзення для ацалелых вязняў у суседніх вёсках.
Франкл праводзіў сярод вязняў сеансы групавой псіхатэрапіі. «Я прасіў няшчасных людзей, якія ўважліва слухалі мяне ў цемры барака, захоўваць мужнасць і верыць, што безнадзейнасць нашай барацьбы не прымяншае яе годнасці і сэнсу. Я казаў, што ў цяжкія хвіліны хто-небудзь глядзіць на нас — блізкі чалавек, жывы ці мёртвы, або Бог — і чакае, што мы не расчаруем яго.
Ён спадзяецца ўбачыць, што мы пакутуем горда, а не прыніжана — і што мы ведаем, як годна памерці. І ў канцы я казаў пра нашу ахвярнасць, якая пры любым зыходзе мае сэнс. У нармальным свеце, свеце матэрыяльнага поспеху, гэтая ахвярнасць магла падацца бессэнсоўнай. Але не. Я распавёў пра майго таварыша, які, трапіўшы ў лагер, паспрабаваў заключыць дамову з Нябёсамі: хай яго пакуты і смерць выратуюць істоту, якую ён любіў, ад пакутлівага канца. Для гэтага чалавека пакуты і смерць былі поўныя сэнсу: гэта была яго ахвяра, поўная самага глыбокага значэння. Ён не хацеў памерці дарэмна. Ні адзін з нас гэтага не хоча».
Ці не адмяняе смерць усе нашы пошукі сэнсу? Наадварот, менавіта смерць і надае жыццю сэнс, фармулюе Франкл. Хуткаплыннасць жыцця абуджае пачуццё адказнасці: «Жыві так, нібы жывеш ужо другі раз і пры першай спробе сапсаваў усё, што толькі можна сапсаваць». Гэта фраза прыснілася Франклу і стала адным з запаветаў яго тэорыі: выкарыстоўваць кожны момант жыцця — ён больш ніколі не вернецца.
Тое, што адбылося ў мінулым, — захоўваецца назаўжды. Цяперашняе не можа закрануць мінулае: мінулае ўжо выратавана. Усё, што мы зрабілі, што стварылі, даведаліся і перажылі, — усё хаваецца ў мінулым, і ніхто не мае змогі вынішчыць гэта.
Трэцяя фаза: зноў стаць чалавекам
І вось над лагерам з’яўляецца белы сцяг — знак таго, што нацысты здаюцца саюзнікам. Вязні нясмела выходзяць за вароты. Лугі, кветкі — свет чамусьці не робіць вялікага ўражання. Усё здаецца сном.
Першую іскарку радасці выклікае яркі певень… Вечарам у зямлянцы людзі асцярожна пытаюць адно аднаго: «Скажы, ты сёння радаваўся?» — «Шчыра кажучы, не». Людзі развучыліся радавацца.
Першым прачынаецца цела. Чалавек пачынае многа-многа есці. І гаварыць — гадзінамі.
І толькі праз шмат дзён вызваляецца душа. Аднойчы чалавек адчувае, нібы з яе падаюць кайданы. «З гэтага моманту пачынаецца тваё новае жыццё. І ты, крок за крокам, зноў становішся чалавекам».
Пасля вызвалення вязня чакала тры небяспекі: скажэнне маралі, горыч і расчараванне.
Франкл папярэджвае, што для некаторых імгненнае вызваленне можа стаць небяспечным: гэта як занадта хутка падняць з глыбіні падводніка, дзе ён дыхаў пад вялікім ціскам. Многія не могуць пазбавіцца ад уплыву жорсткасці, якая атачала іх у лагеры. Часта гэта выяўлялася ў нязначным. Адзін з вязняў падчас прагулкі па палях пачаў таптаць рунь. На заўвагу, што можна абысці, ён разлюціўся: «Не смей гэта казаць! Хіба ў нас мала адабралі? У мяне жонку і дзіця адправілі ў газавую камеру — а ты не дазваляеш мне стаптаць некалькі сцёблаў аўса?!»
Толькі паступова да гэтых людзей вярталася банальная ісціна, што ні ў кога няма права тварыць зло, піша Франкл.
«Мы казалі адзін аднаму ў лагеры, што не можа быць такога зямнога шчасця, якое кампенсавала б усё, што мы вынеслі. Мы не спадзяваліся на шчасце — не гэта натхняла нашу ўстойлівасць і надавала сэнс нашым пакутам. Але ўсё ж мы не былі гатовыя да нягод».
Горыч прычынялі абыякавыя позіркі знаёмых і збітыя фразы: «Мы пра гэта нічога не ведалі!» і «Мы таксама мучыліся!». А яшчэ горш было перажыць расчараванне. Аказалася, што многіх ніхто ўжо не чакаў.
Віктар Франкл даведаўся, што яго жонка памерла ў Асвенціме ў першыя тыдні пасля вызвалення, знясіленая, і такіх было яшчэ 17 тысяч чалавек. Як было перажыць?
Адразу па вяртанні з лагера Франклу прапанавалі падрыхтаваць дысертацыю на падставе лагерных нататак. Знаёмыя і калегі баяліся за яго жыццё. Але работа ўратавала. «Я дыктаваў бесперапынна, тры стэнаграфісткі толькі паспявалі змяняць адна адну — столькі надыктоўваў штодня, на памяць, з самага сэрца, у халоднай венскай кватэры, дзе вокны былі «зашклёныя» кардонкай. Дыктуючы, я хадзіў туды-сюды, а часам — кідаўся ў крэсла і плакаў, не ў сілах справіцца з думкамі, якія набывалі для мяне шчымлівую яснасць. Адкрыліся шлюзы…» Так быў напісаны бестселер «Чалавек у пошуках сэнсу», або «Скажы жыццю «Так!»».
Пасля вызвалення Франкл выкупіў у выпадковага знаёмца падвеску — маленькі залаты глобус з сіняй эмаллю на месцы акіянаў і надпісам па залатой стужцы экватара: «Светам рухае любоў». Гэтую падвеску знаёмец здабыў на складзе, дзе эсэсаўцы трымалі канфіскаванае ў вязняў. Віктар падарыў яе Цілі на іх першы сумесны дзень нараджэння. «На ім засталася невялікая ўмяціна, але свет, як і раней, рухаўся любоўю…»
…І вось наступае момант, калі былы вязень ужо не можа зразумець, як ён усё гэта вынес. У дзень вызвалення ўсё здавалася яму дзівосным сном, а цяпер усё перажытае ў лагеры здаецца кашмарам.
І тады з’яўляецца разуменне, што пасля ўсяго перажытага, адпакутаванага яму больш няма чаго баяцца.
Сваю другую жонку, Элеанору, Франкл сустрэў у 1946-м, падчас абыходу ў сваім аддзяленні Венскай паліклінікі. Да яго з нейкай просьбай падышла маладзенькая медсястра з хірургіі твару. «Бачылі, якія вочы?»
Віктар і яго другая жонка Элі, 1946 год. VIKTOR FRANKL INSTITUTE
«Старэнне не пужае мяне да таго часу, пакуль мне ўдаецца расці ў той жа меры, у якой я старэю. А мне гэта ўдаецца. Вось, напрыклад, скончаны два тыдні таму рукапіс сёння мяне ўжо не зусім задавальняе.
Шкадаваць старых няма прычыны. Хутчэй, маладыя павінны ім зайздросціць. Так, у старых няма магчымасцей у будучыні; але ў іх ёсць нешта большае: досвед і ўменні».
Да 80 гадоў Фракл быў зацятым альпіністам. «У той год, калі я не мог адправіцца ў горы, бо насіў жоўтую зорку, узыходжанні сніліся мне па начах. Сябар угаварыў мяне, і я адважыўся паехаць у горы, зняўшы жоўтую зорку. Мы забраліся на стромкую скалу, дзе я гатовы быў цалаваць камяні».
Трапіўшы ў Асвенцім, Франкл мусіў здаць усе свае рэчы. Найбольш ён шкадаваў рукапіс першай кнігі — і значок альпінісцкага таварыства.
Толькі ў гарах Франкл забываў пра ўсё: кнігі, даклады, пацыентаў… І тут прымаў самыя важныя рашэнні. Ён смяяўся: 27 ганаровых званняў доктара і прафесара не так узрадавалі, як два маршруты ў Альпах, якія першапраходцы назвалі «сцежкай Франкла».
Свабода выбару
Логатэрапію, або экзістэнцыйны аналіз, яшчэ называюць Трэцяй Венскай школай псіхатэрапіі. Першай была школа Фрэйда, другой — Адлера. У абодвух Франкл вучыўся, ад абодвух урэшце аддаліўся. Як сам паясняў, фрэйдаўскі псіхааналіз засяроджаны на прынцыпе задавальнення, індывідуальная псіхалогія Адлера — на імкненні да ўлады, а логатэрапія — на імкненні адшукаць сэнс (logos з грэцкай значыць «сэнс»).
«Не шукайце поспеху: чым больш вы нацэленыя на яго, тым меншыя шанцы яго атрымаць. Поспех прыходзіць толькі як нечаканы пабочны эфект прысвячэння сябе нечаму (або некаму). Шчасце прыходзіць нечакана, тое ж самае тычыцца поспеху. Некалі поспех абавязкова прыйдзе, але таму, што вы забыліся і думаць пра яго».
Фрэйд бачыў чалавека наборам рэфлексаў. Франкл сцвярджаў: паміж стымулам і рэакцыяй у чалавека застаецца свабода выбару.
Зігмунд Фрэйд разважаў: «Калі прымусіць галадаць групу самых розных людзей, то з ростам пачуцця голаду ўсе іх індывідуальныя адрозненні сатруцца». Дзякуй Богу, Фрэйду не прыйшлося знаёміцца з канцлагерамі знутры, пісаў Франкл. Яго пацыенты ляжалі на аксамітнай кушэтцы ў віктарыянскім стылі, а не на смярдзючай саломе Асвенціма, на якой «індывідуальныя адрозненні» не змазваліся, наадварот, розніца паміж людзьмі выступала ярчэй: людзі скінулі маскі — як паскуды, так і святыя.
-
Лукашэнка атрымаў ад Расіі тую ж узнагароду, што і Мураўёў-Вешальнік. Хто яшчэ з беларусаў яе атрымліваў?
-
«Для мяне гэты занятак — не каб пакласці паштоўку ці фотку ў шуфляду». Як і для чаго краязнаўца набывае старыя фатаграфіі з Беларусі
-
Свавольныя беларускія княгіні. Як дачка гарадзенскага князя збегла да дзікуна
Каментары