Лідар італьянскага руху праціўнікаў вакцынацыі Луіджы Марылі памёр на 64-м годзе жыцця ад COVID-19. Пра гэта паведаміў італьянскі тэлеканал TGcom24. У бальніцы мужчына адмовіўся ад лячэння, якое яму прапанавалі.

Грамадскі рух «Вызвалім Італію», які аб'ядноўвае праціўнікаў вакцынацыі, таксама апублікаваў паведамленне пра смерць Марылі, але пра прычыну смерці не згадвае.
Расійская «Новая газета», паведамляючы пра гэта, згадвае і іншыя выпадкі смерці ад каранавіруса вядомых антываксераў у розных краінах свету.
Так, у ЗША ў снежні памёр ад COVID-19 кіраўнік амерыканскай тэлесеткі Daystar Television Network Маркус Лэмб. Мужчына рэгулярна выступаў супраць каранавірусных абмежаванняў, а большую частку эфірнага часу на ягоным рэсурсе атрымлівалі праціўнікі вакцынацыі.
У верасні ад каранавіруса памёр адзін з самых вядомых праціўнікаў вакцынацыі Ізраіля — Хай Шаулян. У відэа, апублікаваным перад смерцю, мужчына расказаў, што ён падлучаны да ШВЛ, моцна кашляе і адчувае ўдушша. «Ён быў цвёрды ў сваёй веры ў тое, што ў дэмакратычнай краіне ёсць магчымасць кожнаму выбіраць свой шлях. І гэта шлях, які ён абраў», — заявіла сястра актывіста.
У снежні вядомы ў Італіі праціўнік вакцынацыі Ларэнца Даміяна трапіў у бальніцу з COVID-19. Ён перагледзеў свае погляды на вакцынацыю і антакаранавірусныя абмежаванні і заявіў, што мае намер вакцынавацца ад COVID-19, заклікаўшы ўсіх таксама гэта зрабіць.
У Беларусі ў лістападзе памёр ад каранавіруса вядомы тэлевядучы Сяргей Філімонаў, які таксама быў актыўным праціўнікам вакцынацыі.
Каментары