Гісторыя
Дзень Волі і БНР у пытаннях і адказах
Што трэба ведаць пра галоўнае нацыянальнае свята
Што такое Дзень Волі?
Гэта гадавіна абвяшчэння незалежнасці першай беларускай нацыянальнай дзяржавы: Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).

«
Што такое БНР?
Нацыянальная беларуская дзяржава, якую паспрабавалі стварыць пасля падзення самадзяржаўя. Незалежнасць БНР была абвешчаная ва ўмовах нямецкай акупацыі ў сакавіку 1918 года. Абвешчаныя межы БНР былі трошкі большымі за сучасную Беларусь: яны ўключалі ў сябе беларускамоўныя тэрыторыі Віленшчыны, Смаленшчыны, Беласточчыны, Чарнігаўшчыны. Сцягам БНР быў бел-чырвона-белы, гербам — Пагоня.

»
Калі і дзе абвясцілі незалежнасць БНР?
25 сакавіка 1918 года. У гэты дзень Рада БНР прыняла Трэцюю ўстаўную (гэтае слова значыць «устаноўчую», «заснавальніцкую») грамату, згодна з якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Гэта адбылося ў Мінску, у будынку Сялянскага пазямельнага банка на вуліцы Серпухаўскай (сёння гэта вуліца Валадарскага, 9).


«
А што такое Рада БНР?
Прасцей кажучы, гэта аналаг сённяшняга парламента.

Але перад ёю быў Першы ўсебеларускі з'езд у 1917 годзе (амаль 1900 чалавек!). На ім абвясцілі права беларусаў на самавызначэнне, хоць размова пра прызнанне беларускай незалежнасці тады не вялася, з'езд разагналі бальшавікі.

У лютым 1918 года Мінск занялі нямецкія войскі, бальшавікі збеглі. Тады члены выканкама Рады ўсебеларускага з'езда 21 лютага 1918 года выдалі Першую ўстаўную грамату, у якой абвясцілі сябе часовай уладай. 9 сакавіка 1918 была выдадзеная Другая ўстаўная грамата, у ёй абвяшчалася стварэнне Беларускай народнай рэспублікі, а 18 сакавіка 1918 Рада Усебеларускага з'езда была перайменаваная ў Раду БНР.

Рада БНР існуе да гэтага часу ў эміграцыі і аб'ядноўвае прадстаўнікоў беларускіх арганізацый з розных краін.

»
Хто ўваходзіў у Раду БНР?
У дзень абвяшчэння незалежнасці БНР у Радзе было 77 чалавек. 36 з іх былі абраныя на Усебеларускім з'ездзе, 6 кааптаваныя ад Віленскай беларускай рады, 15 — ад нацыянальных меншасцяў (рускія, палякі, яўрэі), 10 — ад земстваў, 10 — ад гарадоў.

«
У БНР быў урад?
Так. Першы Беларускі ўрад (Народны Сакратарыят) быў створаны 20 лютага 1918.

Старшынём — прэм'ерам — стаў Язэп Варонка, ён жа быў народным сакратаром (міністрам) замежных справаў. Таксама былі прызначаныя міністры унутраных спраў (Іван Макрэеў), асветы (Аркадзь Смоліч), юстыцыі (Яўхім Бялевіч), народнай гаспадаркі, земляробства і г.д.
Першы беларускі кабмін
Сядзяць: Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка.

Стаяць — Аркадзь Смоліч, Пётр Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц.

Фота: БДАМЛіМ.

»
Дзе была сталіца БНР?
Цікава, што сталіцай былі аж два горада, прычым адзін з іх двойчы. Спачатку гэта быў Мінск. Калі Мінск заняла Чырвоная армія, часовай сталіцай БНР стаў Гродна.

«
Іншыя краіны прызналі незалежнасць БНР?
Дэ-факта — так. З прадстаўнікамі ўрада БНР кантактавалі дыпламаты Украіны, Польшчы, Германіі, Даніі, Фінляндыі, Чэхаславакіі, Эстоніі. У шэрагу еўрапейскіх краін нават працавалі дыпламатычныя прадстаўніцтвы БНР, але юрыдычна яны так і не былі прызнаныя.

»
БНР была суверэннай дзяржавай?
Гэта была дзяржава на этапе фарміравання.

У БНР існаваў інстытут грамадзянства, дзяржаўны друк і сімволіка, нават выдаваліся пашпарты і былі свае паштовыя маркі. Адкрываліся беларускія школы, тэатры, вялася праца па стварэнні беларускага ўніверсітэта.

Але ж БНР зарадзілася на тэрыторыі, фактычна акупаванай іншымі дзяржавамі, і не паспела стварыць свае ўзброеныя сілы і судовую сістэму.

«
Колькі праіснавала БНР?
Да 1919 года. Пасля ўрад БНР быў вымушаны эміграваць.

»
Як склаўся лёс айцоў беларускай незалежнасці?
У большасці — трагічна. Першым Старшынём Рады БНР быў Янка Серада: у пачатку 1930-х ён перажыў дзве высылкі, а ў 1941 годзе быў асуджаны на 10 гадоў. Выйшаў датэрмінова ў 1943, далейшы лёс невядомы.

Другі старшыня Рады — Язэп Лёсік, родны дзядзька Якуба Коласа. У 1931 годзе яго выслалі ў Саратаў, у 1940 годзе асудзілі на 5 гадоў за антысавецкую агітацыю. Лёсік памёр або быў забіты ў турме на наступны дзень пасля абвяшчэння прысуду.
Язэп Варонка, першы кіраўнік Урада БНР, у 1923 годзе эміграваў у ЗША, дзе жыў у Чыкага.

Вацлаў Ластоўскі быў арыштаваны ў 1930 годзе, высланы ў Саратаў, падчас Вялікага тэрору быў расстраляны ў 1938 годзе.

Антона Луцкевіча арыштавалі пасля захопу Вільні ў 1939 годзе, абвінавацілі ў антысавецкай дзейнасці і асудзілі на 8 гадоў лагера. Ён памёр у 1942 годзе падчас перасылкі.
Яўхім Бялевіч, міністр юстыцыі БНР, быў арыштаваны ў 1932-м, больш на волю не выйшаў, загінуў праз 10 гадоў у Магадане.

Былі забітыя ці памерлі ў турмах Раман Скірмунт, Лявон Заяц, Аркадзь Смоліч і іншыя, дакладны лёс многіх дзеячаў беларускага адраджэння невядомы.

Некалькі разоў арыштоўвалі і Клаўдзія Дуж-Душэўскага, аўтара бел-чырвона-белага сцяга. Апошні раз яго арыштавалі ў 1952 годзе, асудзілі на 25 гадоў як "беларускага нацыяналіста". Але ў 1955-м ён усё ж выйшаў на свабоду.
Пашпарт Леанарда Зайца.

Фота: Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей.

«
Калі Дзень Волі стаў святам?
У Заходняй Беларусі 25 Сакавіка людзі святкавалі аж да 1937 года — пакуль гэта не забаранілі польскія ўлады.

Традыцыя святкавання Дня Волі ў Беларусі адрадзілася ў 1990-м. На дэманстрацыі і мітынгі ў гэты дзень выходзілі сотні тысяч людзей у розных гарадах.
© Наша Ніва, 2022