Фота: myfin.by

Фота: myfin.by

— Абгрунтаванне таго, што варта захоўваць грошы ў рублях, сапраўды можна знайсці, — адзначае эксперт, прыводзячы канкрэтныя прыклады. — З аднаго боку, калі браць доўгія прамежкі часу, 3—5-гадовыя, за апошнія гады, то можна сказаць, што на многіх такіх прамежках рублёвыя ўнёскі будуць самымі высокапрыбытковымі.

Ці можна, наадварот, падабраць вельмі кароткія прамежкі, калі дзейнічаюць павышаныя працэнтныя стаўкі, як цяпер, і рубель умацоўваецца да даляра — тут таксама будзе велізарная прыбытковасць. Гэта і на самай справе так.

Аднак абодва гэтыя важкія аргументы перабівае адзін — просты, але, як мне здаецца, забойчы:

лічыць больш высокую даходнасць беларускага рубля надзейнай і ўстойлівай на будучыню няма ніякіх падстаў. Асабліва з улікам таго, што многія ўкладчыкі арыентуюцца на досыць сціслыя тэрміны.

А калі глядзець сёння на перспектыву, то сказаць, што будзе з беларускім рублём, з яго курсам, вельмі складана. Кажучы эканамічнымі тэрмінамі, які сёння сярэднетэрміновы раўнаважны курс — на гэтае пытанне адказу практычна няма. Таму што няма разумення, што будзе з экспартам калію, нафтапрадуктаў і іншых тавараў. Скачкі курсу могуць быць вельмі значнымі.

Эканаміст нагадвае, што і самі беларускія банкі знаходзяцца ў сітуацыі, назваць якую добрай не рызыкне нават аптыміст. Многія фінансавыя ўстановы краіны ў адкрыта цяжкіх умовах, і ў студзені-лютым 2022-га ўкладчыкі (у першую чаргу гаворка пра валютныя ўнёскі) ужо сутыкнуліся з затрымкай выдачы грошай.

— Унёскі ў беларускіх рублях, па ідэі, гэта закране з меншымі шанцамі, — мяркуе Дзмітрый Крук. — Але, тым не менш, сумневы адносна ўстойлівасці банкаўскай сістэмы на блізкую, сярэднюю і далёкую перспектывы досыць вялікія.

І яшчэ адзін важны момант: адносна высокія стаўкі цяпер дзейнічаюць у асноўным па безадклікальных дэпазітах, што для многіх людзей азначае зніжэнне свабоды манеўру і, адпаведна, мае на ўвазе дадатковы ўзровень рызыкаў у кіраванні сваімі ашчаджэннямі.

Асабіста мая выснова: наяўныя рызыкі, якія дакладней будзе назваць маштабнымі пагрозамі, не кампенсуюцца нават блізка той крыху падвышанай прыбытковасцю, якая ёсць па ўнёсках у беларускіх рублях.

Для азартных людзей, хто хоча адрэналіну, напэўна, гэта добры атракцыён. Але большасць хатніх гаспадарак, па эмпірычных ацэнках эканамістаў, не вельмі схільныя да рызыкі: людзі аддаюць перавагу не рызыкаваць, а спаць спакойна.

І з гэтага пункту гледжання дэпазіт у беларускіх рублях — не найлепшы выбар. Ва ўсім свеце банкаўскія дэпазіты сімвалізуюць надзейнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, але гэта, на жаль, не пра нас.

— Галоўчанка кажа: захоўваць сродкі лепш у той валюце, у якой атрымліваеш прыбытак. Але фінансавыя аналітыкі прытрымліваюцца іншага меркавання і раяць захоўваць грошы ў той валюце, у якой іх плануецца выдаткоўваць. А людзі проста глядзяць на курс у абменніках і нервуюцца. Як усё-такі лепш дзейнічаць у цяперашняй сітуацыі?

— Значна больш абгрунтаваная рэкамендацыя — у той валюце, у якой вы траціце грошы. Але тут важна зрабіць агаворку. Хоць траціць шмат хто ў беларускіх рублях, у нас існуе рэальная далярызацыя. Простымі словамі, многія цэны моцна прывязаныя да даляра, і нават калі здзелка адбываецца ў рублях, уплыў курсу і валютнага эквіваленту цаны вельмі вялікія.

Зводзячы гэтыя два складнікі разам, кажа эканаміст, больш падстаў зберагаць грошы ў той валюце, у якой дамінуюць вашы выдаткі.

А ў выпадку Беларусі за кошт эфекту рэальнай далярызацыі нельга сказаць, што рублі цалкам выконваюць гэтую ролю і з'яўляюцца ключавой валютай, у якой адбываюцца выдаткі.

Чытайце таксама:

Галоўчанка расказаў, у якой валюце беларусам лепш захоўваць зберажэнні

Клас
12
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1