Ігар Фёдараў шмат гадоў працаваў інжынерам-механікам на «Авіяцыйным рамонтным заводзе» у Баранавічах. Але пасля падзей жніўня 2020 года Ігар разам з іншымі завадчанамі актыўна выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю, прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 23.34 і арт. 24.3 КаАП. Пасля гэтага з ім не працягнулі кантракт, а пасля ён і зусім вымушаны быў эміграваць, баючыся крымінальнага пераследу, паведамляюць праваабаронцы.

Знаходзячыся ў эміграцыі, Ігар распавядаў у інтэрв'ю Intex-press, што сумуе па Радзіме і жыве надзеяй вярнуцца. Але таго, што ён вырашыцца прыехаць у Беларусь напярэдадні рэферэндуму, ніхто з яго сяброў і знаёмых не чакаў.

Вядома, што вярнуцца ў Беларусь ён вырашыў пасля пачатку вайны ва Украіне. Знаходзячыся на мяжы, ён напісаў у сацыяльных сетках пост:

«Я вяртаюся, каб сказаць «не» вайне і беззаконню, знаходзячыся ў сваёй роднай краіне. Рабяты, колькі мы будзем трываць гэта? Я так ганарыўся тым, што я беларус у 2020-м, мы ж, калі разабрацца, толькі тады па-сапраўднаму народам і сталі, а не проста людзьмі, якія жывуць у адной краіне. А цяпер мне так сорамна, сорамна, што мы толькі поглядамі і маўчаннем праводзім танкі, якія едуць забіваць украінцаў, самалёты, якія ўзлятаюць з нашых аэрадромаў і ракеты, якія ляцяць бамбіць украінскія гарады. Вядома, не хочацца быць звольненым, не хочацца трапіць на суткі, атрымаць агромністы штраф ці дубінкай па азадку, страшна лезці пад гумавыя кулі і святлашумавыя гранаты, але нашмат больш страшна тое, што па факце цяпер мы з'яўляемся маўклівымі саўдзельнікамі захвату брацкага нам народа, і ўсе тыя, хто ўжо загінуў і хто яшчэ загіне, будуць і на нашым сумленні таксама, калі мы гэтак жа працягнем маўчаць… Асабіста я буду лепш сядзець у турме, з чыстым сумленнем, чым запужаным, падаўленым, з заткнутым страхам ротам, у цёплай утульнай кватэрцы дзе-небудзь на Паўднёвым у Баранавічах ці на ўскрайку Кракава назіраць за ўсім гэтым п…ом і нічога не рабіць», — пісаў ён у сацсетках.

27 лютага 2022 года Ігар вярнуўся дадому, каб паўдзельнічаць у рэферэндуме. Яго затрымалі каля выбарчага ўчастка і змясцілі ў ІЧУ у Баранавічах, а 2-га сакавіка перавялі ў СІЗА-6.

Як праходзіў суд над Ігарам?

Суддзя Вікторыя Пакунова разгледзела справу за адзін дзень — 25 мая. 26 мая Фёдараву быў вынесены прысуд — два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такі тэрмін папрасіла прызначыць памочніца Баранавіцкага міжраённага пракурора Святлана Пасемка.

У абодва дні ў зале суда прысутнічала вялікая колькасць людзей — каля 15 чалавек. 

Ігара Фёдарава прызналі вінаватым у тым, што 24 лютага 2022 года ён пакінуў пад фотаздымкам Лукашэнкі каментарый са сваёй старонкі ў Інстаграме, які негатыўна ацэньваў Лукашэнку.

Згодна з тэкстам абвінавачвання, мэтай Фёдараў ставіў нанясенне шкоды аўтарытэту ўлады. Экспертыза прызнала, што ў каментарыі Лукашэнка ацэньваецца негатыўна.

Мужчына цалкам прызнаў віну. Ён распавёў, што 24 лютага быў у Польшчы, працаваў там таксістам і жыў у адным пакоі ў інтэрнаце з украінцамі. Калі суседзі разбудзілі яго і паведамілі, што Расія напала на Украіну, усе былі ў шоку. Бліжэй да абеду ён праз эмоцыі напісаў абразу пад фота, размясціў у сторыз і забыў пра гэта. Калі ён даведаўся, што яго затрымалі за абразу, здзівіўся: ён не думаў, што ягоныя словы могуць трактавацца такім чынам. Калі 27 лютага ён вярнуўся ў Беларусь для галасавання, каля школы ўбачыў бабулю з плакатам — паразмаўляў з ёй і адышоў. Пасля гэтага да яго пад’ехалі супрацоўнікі і затрымалі яго спачатку паводле арт. 24.23 КаАП, а ў аддзяленні — ужо ў межах Крымінальнага артыкула.

Да справы былі далучаныя станоўчыя характарыстыкі Фёдарава з месца працы і каля 40 грамат і дыпломаў — мужчына — майстар спорту па самба.

Клас
1
Панылы сорам
6
Ха-ха
Ого
Сумна
7
Абуральна
45

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру