Фота ілюстрацыйнае
У ноч на 4 чэрвеня з'явілася інфармацыя, што аўтобус з візавымі турыстамі не можа вярнуцца з Расіі ў Беларусь, бо памежнікі патрабуюць у турыстаў арыгіналы пашпартоў, якія знаходзяцца ў консульстве.
Калі Цэнтр візавых паслуг viza5.by пачаў вазіць кліентаў у Маскву, у ФСБ Расіі кампаніі патлумачылі, што іх супрацоўнікі на мяжы будуць прапускаць людзей, сітуацыю разумеюць.
Пры гэтым Цэнтр візавых паслуг прасіў сваіх кліентаў зрабіць натарыяльна засведчаную копію пашпарта, якую варта ўзяць у паездку.
«Але ўчора ўзнікла сітуацыя, калі хлопцы з памежнай службы былі катэгарычныя і сказалі: «Не, не прапусцім». Людзі, якія суправаджалі групу, тлумачылі сітуацыю, але памежнікі былі непахісныя», — паведаміў блогу «Отражение» кіраўнік Цэнтра візавых паслуг viza5.by Арцём Жадан.
Аўтобус ездзіў на розныя памежныя пераходы, але прайсці іх не атрымлівалася. У выніку сітуацыю ўдалося вырашыць, але кіраўнік фірмы не ўдакладняе, як менавіта. Паводле яго слоў, цэнтр «задзейнічаў разнастайныя каналы».
Ён адмаўляе, што частка людзей, паводле чутак, прайшлі мяжу самастойна з ID-картамі і што ў кліентаў няма дамоваў з турфірмай:
«Гэта паклёп. Нельга стаць нашым кліентам не заключыўшы з намі дагавор аферты. Можа не чыталі яго проста, але гэта вашы праблемы».
Цяпер фірма перастане вазіць людзей у Маскву па візы да стабілізацыі сітуацыі. Хутчэй за ўсё, у памежную службу ФСБ Расіі для перамоваў адправяць супрацоўніка кампаніі, каб дабіцца афіцыйнага дазволу на перасячэнне мяжы.